Афіцыйны сайт
15 кастрычніка 2019

У Беларусі можа з'явіцца магчымасць перавучыцца для ІТ-сферы за кошт крэдыту ПВТ

У Беларусі можа з'явіцца магчымасць перавучыцца для работы ў ІТ-сферы за кошт сродкаў фонду Парка высокіх тэхналогій. Аб гэтым БЕЛТА паведаміў прадпрымальнік, заснавальнік інвестыцыйнай кампаніі VP Capital Віктар Пракапеня па выніках нарады ў Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі па развіцці лічбавай сферы.

Паводле слоў Віктара Пракапені, лепшы спосаб знайсці новыя падыходы ў адукацыі - праз эксперыменты. У фонд ПВТ паступае 1 працэнт ад выручкі кампаній у год - амаль $15 млн. Частка гэтых грошай ідзе на розныя сацыяльныя праграмы. "На сустрэчы з Прэзідэнтам абмяркоўвалі павышэнне адлічэнняў да 1,25 працэнта для фінансавання розных адукацыйных праграм і сацыяльных праектаў, - сказаў ІТ-прадпрымальнік. - Супер, але рэлевантна для вялікіх гарадоў. А што рабіць астатнім? Перавучыцца для ІТ - шанц у рэгіёнах атрымаць работу з высокай зарплатай. Не ў кожнага ёсць сродкі на навучанне, не кожны рызыкне ўзяць крэдыт на курсы пад высокія працэнты, таму Прэзідэнт падтрымаў ідэю ІТ-крэдыту".

Прадугледжваецца, што кожны беларус за кошт сродкаў ПВТ на 5 гадоў зможа атрымаць беспрацэнтны рублёвы крэдыт на навучанне для работы ў эканоміцы ведаў. Сума дагавора папярэдне да Br6 тыс., адтэрміноўка плацяжу - 2 гады, затым крэдыт будзе пагашацца роўнымі долямі на працягу наступных 3 гадоў. Паўторны крэдыт пасля вяртання першага абмяркоўваецца. Плануецца апублікаваць набор курсаў і арганізацый, якія ўдзельнічаюць у праекце, умовы крэдыту (памер і пагашэнне). Тэрмін навучання - ад паўгода. Механізм атрымання крэдыту наступны: кандыдаты звяртаюцца ў пул курсаў, праходзяць адбор, выбіраюць курсы і з дагаворам на навучанне звяртаюцца ў банк. Банкі пасля адабрэння сумы звяртаюцца за пакрыццём крэдыту ў фонд ПВТ і выдаюць яго кандыдатам.

"Мы хочам крэдытаваць больш за 30 тыс. чалавек у год. А ці патрэбна столькі рынку? Няхватка кадраў у ІТ-кампаніях ва ўсім свеце - дзясяткі мільёнаў. Спрашчу, але, па-першае, дэвайсаў усё больш - хто будзе ствараць прадукты для іх? Па-другое, у прадуктовых кампаніях праграмістаў усяго 10 працэнтаў, астатнія 90 працэнтаў - не праграмісты: маркетолагі, менеджары, піяршчыкі, юрысты. У будучым спатрэбяцца спецыялісты па AI, блокчэйне, машынным навучанні, камп'ютарным зроку, AR, спецыялісты па аптымізацыі алгарытмаў машыннага навучання - тыя, хто прыдумвае карысныя для свету прадукты з улікам разумных тэхналогій", - расказаў Віктар Пракапеня.

Гаворачы аб тым, навошта траціць грошы фонду ПВТ на падрыхтоўку кадраў, калі ёсць курсы і ВНУ, ён адзначыў, што ВНУ прапануюць пашырэнне галіны на 600 чалавек у год, аб'ёмы падрыхтоўкі спецыялістаў на курсах вельмі маленькія, а сферы патрэбна ў 5-10 разоў больш. У краіну прыходзяць сусветныя кампаніі, ім патрэбны спецыялісты, і яны гатовы плаціць добрыя зарплаты. Што датычыцца пытання аплаты навучання, то, паводле слоў прадпрымальніка, гэты фільтр вызначыць матываваных на вынік. Акрамя таго, удзельнікамі праграмы змогуць стаць любыя кампаніі пры ўмове забеспячэння высокага ўзроўню падрыхтоўкі.

Віктар Пракапеня падкрэсліў, што раней кампаніі змагаліся за рынкі, а сёння - за кадры. У ПВТ цяпер налічваецца больш як 160 курсаў па 20 напрамках. Амаль 3 тыс. чалавек пасля іх заканчэння знайшлі работу ў ІТ-кампаніях. Навічкі атрымліваюць ад $500, пасля некалькіх гадоў работы - ад $1 тыс. "ІТ-крэдыты - простае рашэнне, якое зменіць настрой людзей у краіне. Цяпер патрэбны наступны крок - каб не толькі айцішнікам было выгадна працаваць у ІТ, але і ўсім астатнім. Мы ствараем групу, якая зоймецца распрацоўкай і рэалізацыяй праекта па ІТ-крэдытах. У яе можа ўвайсці кожны, хто, як і мы, гарыць гэтай ідэяй, верыць у яе і бачыць, як яе можна палепшыць", - дадаў ён.

Навіны Беларусі (БЕЛТА)