Настройкі
Настройкі шрыфту
PT Sans
Times New Roman
Памер
A
A
A
Міжлітарная адлегласць
Стандартнае
Павялічанае
Вялікае
Колеравая схема
Чорным
па белым
Белым
па чорным
Астравецкі
раённы
выканаўчы
камітэт

Навіны раёна

14 чэрвеня 2019

Астравеччына далучылася да маладзёжнага марафону «75»

Маладзёжны марафон «75»,  прымеркаваны да юбілейнай даты вызвалення Рэспублікі Беларусь і Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне, арганізаваны грамадскім аб’яднаннем БРСМ пры падтрымцы Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі, Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны і Беларускай чыгункі, наведаў Астравеччыну.

– 11 чэрвеня ў Мінску ў рамках рэспубліканскага патрыятычнага праекта «Кветкі Вялікай Перамогі» стартаваў маладзёжны марафон «75», – рассказала першы сакратар райкама БРСМ Віялета Алексеявец. – Ён праходзіць па месцах баявой славы Беларусі – і сёння мы рады прывітаць яго ўдзельнікаў у нашым горадзе.

  

Урачыстае мерапрыемства прайшло каля святога для астраўчан і жыхароў раёна месца – помніка савецкім воінам і партызанам. Тут сабраліся школьнікі і моладзь, прадстаўнікі грамадскіх аб’яднанняў і жыхары горада і раёна, каб хвілінай маўчання і ўскладаннем кветак ушанаваць памяць тых, хто заваяваў будучым пакаленням магчымасць жыць у мірнай краіне.

Побач на пляцоўцы ў рамках праекта «Кветкі Вялікай Перамогі» – песні гараджанам падарылі прадстаўнікі марафона і артысты Астравеччыны, працавалі інтэрактыўныя пляцоўкі, фотазоны, выставы пажарнай аварыйна-выратавальнай тэхнікі і зброі пагранічнікаў, праходзілі экскурсіі па экспазіцыі «Вызваленне Беларусі».

  

– 3 ліпеня мы будзем святкаваць 75-годдзе вызвалення Рэспублікі Беларусь ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Сімвалічна, што ў гэты ж дзень быў вызвалены наш горад. Сёння мы разам усклалі кветкі да помніка і далучыліся да патрыятычнай акцыі «Беларусь помніць», каб яшчэ раз успомніць нашых землякоў і падзеі, якія адбываліся на роднай зямлі 75 гадоў назад, – адзначыў намеснік старшыні райвыканкама Віктар Свіла.

Вялікай папулярнасцю ў жыхароў горада карысталася спецыяльная фоталабараторыя, у якой можна было адсканіраваць фотаздымкі ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны.

Так, Вольга Коўшык з райвыканкама прынесла ажно чатыры партрэты сваіх родных; ушанаваць памяць прадзядулі Міхаіла Вайцяхоўскага вырашыла Таццяна Вайцяхоўская; пра родзічаў-ветэранаў расказалі таксама Аксана Кардаш, Аляксандр Сачак, Людміла Лаздоўская і многія іншыя.

Часлава Мятлеўская пра марафон «75» прачытала ў «Астравецкай праўдзе». Адразу ж вырашыла: трэба паўдзельнічаць. У Астравец жанчына прыехала з Нідзян.

– Падышла да помніка і адразу ж адшукала прозвішча свайго бацькі – яго звалі Адольф Станіслававіч Стакун. На вайну яго забіралі двойчы. Першы раз – у 1937 годзе, тады ён вярнуўся. Помню, як яго сустракалі. У другі раз – у 1944-м. Тату тады было 42 гады, а мне 13. Я яго праводзіла – і тры разы даганяла. А ён сказаў: «Не плач, да Вялікадня вярнуся»… Больш не ўбачыліся, – са слязамі на вачах гаворыць Часлава Адольфаўна. – Потым пахаванку маці атрымала – бацька назаўсёды застаўся ў Германіі.

  

Астравец стаў шостым горадам, які наведалі ўдзельнікі акцыі. Пасля яе заканчэння ўсе фотаздымкі будуць унесены ў электронны нацыянальны альбом «Беларусь помніць», які 3 ліпеня будзе перададзены Беларускаму дзяржаўнаму музею гісторыі Вялікай Айчыннай вайны.

Магчымасцю ўвекавечыць памяць герояў Вялікай Айчыннай вайны і сваіх калег, якія працавалі ў раёнцы, скарысталіся і мы, сённяшнія супрацоўнікі рэдакцыі. Цяпер імёны і фотаздымкі Аляксандра Хілько, Леаніда Ламекі, Паўла Мартынава, Івана Мельнікава таксама можна будзе знайсці ў рэспубліканскім альбоме.

Елена Ярошевич