Настройкі
Настройкі шрыфту
PT Sans
Times New Roman
Памер
A
A
A
Міжлітарная адлегласць
Стандартнае
Павялічанае
Вялікае
Колеравая схема
Чорным
па белым
Белым
па чорным
Астравецкі
раённы
выканаўчы
камітэт

Навіны раёна

23 студзеня 2019

Гаспадарлівыя працаўнікі малочна-таварнай фермы «Палушы» КСУП «Гудагай»

Документ без названия Даўней лічылі, што дастаткова глянуць на жывёліну, каб сказаць, ці дбайны ў яе гаспадар. 

Напачатку гэтага тыдня я вырашыла скарыстацца гэтай народнай муд­расцю і даведацца, ці гаспадарлівыя працаўнікі на малочна-таварнай ферме «Палушы» КСУП «Гудагай», а таксама паглядзець, як там праходзіць зімоўка.

У КСУП «Гудагай» не першы год паспяхова развіваюць малочную вытворчасць: робяць стаўку на сучасныя, абсталяваныя камерамі відэаназірання комплексы і не забываюць пра маленькія фермы. У адрозненне ад іншых гаспадарак, у КСУП «Гудагай» за апошнія гады не закрылася ніводная ферма. Больш таго, да пачатку зімне-стойлавага перыяду адрамантаваны і рэканструяваны многія фермы, а пусту­ючыя будынкі пераабсталяваны пад стойлы для быкоў. 

На малочна-таварнай ферме «Палушы» тры гады назад замянілі састарэлае малочнае абсталяванне – і якасць малака адразу палепшала, хоць, зразумела, залежыць яна не толькі ад гэтага.

– За 2018 год перапра­цоў­шчыкам здалі больш за 80% малака вышэйшага гатунку, 18% – першага. Надой з каровы ў сярэднім склаў 18,9 кілаграма, што на 4 кілаграмы больш, чым пазалетась,  –  зазіраючы ў зводку, расказвае загадчыца фермы Тарэса Адамковіч. – Добры ў нас калектыў, дружны, і работнікі старанныя, адказныя – нарадавацца на іх не магу. Трэба затрымацца на ферме – не пытанне: застаюцца ўсе без лішніх размоў. Разам весялей і работа лепш спорыцца.

IMG_7940 Адамкович Тереса.jpg

Загадчыца фермы «Палушы» Тарэса Адамковіч

Фермай «Палушы» Тарэса Ула­дзіміраўна загадвае толькі восем месяцаў, да гэтага яна была па­мочнікам загадчыцы фермы.
– Муж працуе ў гаспадарцы больш за трыццаць гадоў. Наш старшыня Эдуард Іванавіч Садоўскі неяк запытаў у Мар’яна, ці пусціць мяне ў загадчыцы. Гэтая размова і прадвырашыла мой лёс, – усміхаючыся, расказвае жанчына. – Працаваць у сельскай гаспадарцы марыла з дзяцінства. Мама выйшла на пенсію, але да 60 гадоў даіла кароў на ферме ў «Смілгах». Я  ёй дапамагала. Сям’я ў нас была вялікая: бацькі пасля школы далей вучыцца не пусцілі – трэба было працаваць. Але жыццё лепш, чым якія ўніверсітэты, усяму навучыць.

На ферме «Палушы» ўтрым­лі­ваецца 220 галоў буйной рагатай жывёлы, з якіх 176 – дойны статак. З дня ў дзень пра кароў і цялят разам з загадчыцай клапоціцца трынаццаць чалавек: шэсць аператараў машыннага даення, два з якіх – падменныя, пастухі, жывёлаводы.

Дарэчы, на МТФ «Палушы» самы лепшы паказчык сярод гудагайскіх малочна-таварных ферм па выха­дзе цялят на 100 кароў. Ён складае 97 галоў, а летась быў толькі 70. 

На маленькіх фермах, у ад­роз­нен­не ад комплексаў, дзе прэрэгатыва аператараў малочнага даення – толькі дойка, даяркі яшчэ і клапоцяцца пра нованароджаных цялят.
– Дзяўчаты мае малайчынкі, маладыя, спрытныя, увішныя – не магу на іх нарадавацца, – працягвае Тарэса Уладзіміраўна. – І даглядчыкі ў нас добрыя, працавітыя: Валяр’ян Юцкевіч, Станіслаў Захарэвіч, Рыгор Букель. Што б ні папрасіла зрабіць – ніразу не адмовілі.

IMG_7981 Букель Григорий.jpg

Жывёлавод Рыгор Букель даглядае 92 цёлкі аднаўлення

Адзін дзень жыцця на ферме
Загадчыца Тарэса Адамковіч прыходзіць на ферму першая – каля 6.30 гадзін. Літаральна праз пятнаццаць хвілін «падцягваюцца» астатнія работнікі. Даяркі раздаюць канцэнтраты, падсуваюць на кармавых сталах кармы, затым дояць хворых кароў і першацёлак, пасля – здаровых. Малаком, якое не здаецца на перапрацоўчае прадпрыемства, выпойваюць цялятак. 
Цікаўлюся ў загадчыцы пра асаблівасці зімоўкі жывёлы на іх ферме.

– Зараз каровы ў стойлах стаяць, а летам кругласутачна былі на пашы. Цяпер пасля дойкі на некалькі гадзін выганяем кароў на прагулку: па-першае, праменад добра ўплывае на агульны стан і імунітэт жывёліны, па-другое, гэта цудоўная прафілактыка захворванняў канечнасцей. Ну і, канешне, змяніўся іх рацыён: летам больш давалі «зялёнкі», цяпер – кормасумесь з кукурузнага сіласу і сенажу, канцэнтраты, патаку, – расказвае загадчыца фермы. – На ферме ў нас цёпла, ды і зімы цяпер такія, што няма чаго баяцца.

І, праўда, у кароўніках цёпла, а рагулі, як на падбор, дагледжаныя.
Сёлета на ферме пайшлі на невялікі эксперымент: у памяшканнях, дзе ўтрымліваюцца здаровыя каровы,  пасыпалі стойлы торфам, які праз некалькі дзён «прыцерушылі» саломай.

– Візуальна, канешне, выглядае  і не так ахайна, усё ж торф – не салома, але на практыцы гэта вельмі выгадны і эканомны метад: торф мяняем раз у месяц, – працягвае жанчына. – А нецелям і каровам, якія нядаўна ацяліліся, падсцілаем салому.
На ферме кароў дояць два разы на дзень: раніцай і вечарам. За стан малочнага абсталявання на МТФ «Палушы» адказвае не мужчына, як на большасці комплексаў і ферм, а жанчына – Людміла Замара.

IMG_7964 Замаро Людмила.jpg

Людміла Замара з малочным абсталяваннем на «ты»

–  Што ўваходзіць у мае аба­вязкі? – перапытвае Людміла Кан­стан­цінаўна. – Прамыўка абсталявання, замена фільтраў для глыбокай ачысткі: першы дзень прамываецца шчолаччу, другі – кіслатой, – расказвае жанчына. – Спачатку на ферме працавала вартаўніком, але прыроджаная цікаўнасць не раз прыводзіла мяне ў малочны блок: цікава было, што і як працуе. Потым скончыла курсы ў Варнянскім вучэбна-вытворчым камбінаце і стала працаваць аператарам па абслугоўванні малочнага абсталявання. Па навуковаму мая спецыяльнасць гучыць, як слесар сельскагаспадарчых машын і абсталявання. Калі праходжу медыцынскую камісію, урачы часта перапытваюць, кім я працую: маўляў, не жаночая гэта прафесія. 

Малочныя берагіні
На ферме «Палушы» працуе шэсць апера­тараў машыннага даення. У дзень майго візіту двое з іх – Таццяна Млынская і Алена Міхалоўская – былі на выхадным. Астатнія даяркі крыху расказалі пра сябе і сваю работу.

Таццяна КАЗЛОЎСКАЯ
Надой з каровы за год: 
2017 – 6 461 кг
2018 – 6 305 кг
– Спачатку працавала на ферме ў Дрэвяніках. Потым нам з мужам, ён таксама працуе ў КСУП «Гудагай», выдзелілі дом у Палушах – і мы пераехалі. Гадуем трох дзетак: сына Данілу і дачушак Марыю і Дашу. Дома трымаем толькі курэй – зарплаты хапае, каб у магазіне набыць малако і мяса.
Галоўнае ў нашай рабоце, каб кароўкі больш малака давалі, а цяляты прыбывалі як на дражджах.

IMG_7955 Козловская Татьяна.jpg

Таццяна Казлоўская

 Таццяна ВЯНГРОЎСКАЯ
Надой з каровы за год: 
2017 – 6 076 кг
2018 – 6 340 кг
– Даяркай працую дзесяць гадоў. Найбольш люблю сваіх цялятак – у  мяне нават Сынок сярод іх ёсць. Нарадзілася цялятка кволым, ледзь жывым. Узважылі: 10 кілаграмаў пры норме 25. Усіх цялят паіла два разы на дзень, яго – чатыры і маленькімі порцыямі, на прагулку выводзіла, каб не залёжваўся. Выжыў малеча і вагу стаў набіраць, хоць, канешне, адрозніваецца ад сваіх аднагодак.

На ферму я прыйшла ў 19 гадоў: мама і бабуля працавалі даяркамі, усё маё дзяцінства прайшло на ферме, таму без кароў, цялят, прызнацца, не ўяўляла свайго жыцця. Цяпер у маёй групе 43 каровы і 12 цялятак, у тым ліку і Сынок.
Галоўнае ў нашай прафесіі – клопат. 
Жывёла як ніхто адчувае, як да яе адносішся. 

IMG_7951 Венгровская Татьяна.jpg

Таццяна Вянгроўская

Марына ЯНЦЭВІЧ

Надой з каровы за год: 

2017 – 5 721 кг

2018 – 6 202 кг

– Даяркай працую шэсць гадоў. У маёй групе 43 каровы і 11 цялят. Працоўны дзень у нас пачынаецца ў 7 гадзін раніцы, але стараемся прыйсці раней. Спачатку доім збанамі хворых кароў, потым – здаровых, выпойваем пастэрызаваным малаком цялят. Да 12.30 спраўляемся. Другі раз на ферму прыходзім вечарам, каля 17.30 гадзін. 

Галоўнае ў нашай рабоце – уважлівасць: падазроную карову лепш асобна падаіць, каб не сапсасаваць усё малако.


Алена ТАМКЕВІЧ
Надой з каровы за год: 
2017 – 5 747 кг
2018 – 6 029 кг
– На фермах «Палушы» і «Смілгі» летам пасла кароў, потым перайшла ў «Палушы». З 2008 года працую даяркай. Работу сваю люб­лю – па характары я хуткая, а тут пастаянна рухаешся. Да слова, дачка працуе на ферме вартаўніком, сын – аператарам па абслугоўванні малочнага абсталявання на ферме «Дрэвянікі». 
Родам я з Кавалёў, але жыла на Украіне. Напачатку 2000-х жыццё прымусіла пешшу з дзецьмі вяртацца на радзіму. Ішлі два з паловай тыдні. Кажуць, што чалавек здольны вынесці той крыж, які яму пасылае Бог, – і, як бачыце, змагла, выстаяла, не зламалася. У мяне чацвёра дзяцей і пяцёра ўнукаў. Трымаю кароўку, казу, свінак, курэй. 

Галоўнае ў нашай рабоце – любоў да жывёлы. 
Калі яе няма – няма і 
месца чалавеку на ферме.



Текст: Алена Гануліч
Фото: Алена Гануліч