Настройкі
Настройкі шрыфту
PT Sans
Times New Roman
Памер
A
A
A
Міжлітарная адлегласць
Стандартнае
Павялічанае
Вялікае
Колеравая схема
Чорным
па белым
Белым
па чорным
Астравецкі
раённы
выканаўчы
камітэт

Навіны раёна

14 лютага 2020

У Астраўцы ўшанавалі памяць удзельнікаў Афганскай вайны

Балючыя ўспаміны, словы падзякі, хвіліна маўчання, трайны залп і ўскладанне кветак – у Астраўцы ля памятнага знака ахвярам вайны ў Афганістане прайшоў урачысты мітынг, прысвечаны Дню памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў.

Мінуў трыццаць адзін год з дня вываду савецкіх войск з Афганістана. Ушанаваць памяць загінуўшых падчас ваенных дзеянняў і падзякаваць за мужнасць і адвагу жывым воінам-інтэрнацыяналістам на мітынг прыйшлі прадстаўнікі раённай улады, грамадскіх аб’яднанняў, ваенізаваных структур і моладзь. Далучыліся да мерапрыемства і звычайныя прахожыя, а вадзіцелі аўтамабіляў, што праязджалі міма, у знак павагі прытарможвалі і сігналілі.


– Нам вядомы сотні прыкладаў бездакорнага выконвання вайскога абавязку і гераізму нашых салдат на афганскай зямлі, – адзначыў у сваім выступленні намеснік старшыні райвыканкама Геннадзь Бычко. – У неймаверна складаных умовах, удалечыні ад дома, штодзень падвяргаючыся смяротнай небяспецы, яны захавалі вернасць вайсковай прысяге. Сёння мы схіляем галовы ў памяць аб загінуўшых падчас вайны ў Афганістане і спачуваем іх родным, а таксама дзякуем за адвагу жывым воінам-інтэрнацыяналістам.


Пашану ўдзельнікам вайны ў Афганістане таксама выказаў камендант пагранічнай камендатуры ў пасёлку Гудагай Максім Трошка.

 

Са словам у адказ да ўдзельнікаў мітынгу звярнуўся воін-інтэрнацыяналіст Аляксандр Андралойць:

 

– Дзевяць гадоў, адзінаццаць месяцаў і дзевятнаццаць дзён савецкія воіны змагаліся на афганскай зямлі, абараняючы паўднёвыя граніцы Радзімы. Гэта вайна назаўсёды застанецца ў памяці нашага народа: бацькоў, што не дачакаліся сваіх сыноў, салдат, якія вяртаюцца туды ў снах. У дзень памяці шчыра вітаю ветэранаў Афганскай вайны і жадаю ўсім здароўя, дабрабыту і ўдачы.

Пасля гэтага прысутныя ўшанавалі памяць загінуўшых у Афгане хвілінай маўчання і трайным залпам. Завяршыўся мітынг ускладаннем вянкоў і кветак пад урачысты марш духавога аркестра.

Хто быў на вайне, той ведае, што такое сяброўская парука. Воіны-інтэрнацыяналісты таксама не кідаюць сваіх: пасля ўрачыстасці яны паехалі праведаць загінуўшых землякоў – Іосіфа Канстовіча  і Станіслава Бялячыца . Каб у маўклівай цішыні могілак спытаць: «Ну як ты там, брат?!» І адчуць ціхі шорах з нябёсаў…

Тэкст: Марина Мацкевич