Музеі

Установа культуры “Астравецкі гісторыка-этнаграфічны музей”
Дырэктар музея: 
Праўлуцкая-Калко Марына Уладзіміраўна
тэлефон: 801591 21-1-48     
emailostrovec-museum@tut.by
Адміністрацыя музея: 
г. Астравец, вул.Кастрычніцкая, 1
Час працы: 8.00 – 17.00, абед 13.00 – 14.00.
Выхадныя – субота і нядзеля

Музей заснаваны рашэннем Астравецкага райвыканкама № 171 ад 25 сакавіка 2009 г. На дадзены момант будынка музея няма, ёсць фондасхофішча і кабінеты адміністрацыі па адрасу г.Астравец, вул.Кастрычніцкая, д.1 і экспазіцыя “Дом Казіміра Сваяка” па адрасу Астравецкі р-н., в.Барані.

Супрацоўнікамі музея вядзецца актыўная праца па збору, дакументальнаму афармленню і захаванню музейных прадметаў. На 1 студзеня 2017 г. музейны фонд УК “Астравецкі гісторыка-этнаграфічны музей” склаў 2932 музейных прадметаў асноўнага і 504 фонду навукова-дапаможных матэрыялаў, якія размеркаваны па 14 калекцыях: графіка, жывапіс, дакументы, рукапісы, друкаваныя выданні, нумізматыка, баністыка, фалерыстыка, прадметы побыту; прылады, прыстасаванні, механізмы, дэкаратыўна-прыкладное мастацтва, фотадакументы, вексілалогія, аўдыёвідэаматэрыялы. Дзякуючы агульным намаганням супрацоўнікаў музея і жыхароў раёна, сапраўдных патрыётаў сваёй зямлі, фонды музея з кожным годам толькі павялічваюцца. 

Яшчэ да адкрыцця музея пачаўся актыўны збор экспанатаў для будучай экспазіцыі  ў вёсцы Барані, на Радзіме сына Астравеччыны – Канстанціна Стаповіча. 2 кастрычніка 2010 года адбылося ўрачыстае адкрыццё экспазіцыі музея “Дом Казіміра Сваяка” ў вёсцы Барані. Сабраныя экспанаты характэрны для беларускай вёскі першай паловы ХХ стагоддзя, большасць з іх маюць непасрэднае дачыненне да жыцця і дзейнасці Канстанціна Стаповіча і яго сям’і.

Ложак, засцелены “перабіраным” дываном з бялюткімі, як снег, карункамі ўнізе, стол, накрыты саматканым абрусам, са свечкай і крыжыкам на ім-нібы тут нехта толькі што маліўся. Абразы на сценах. Перавыдадзеныя экзэмпляры кніг “Мая ліра”, “Голас душы”, “Дзея маёй мыслі…”, копіі дакументаў і фатаграфій Казіміра Сваяка, яго сям’і, сяброў. Верхняе адзенне рымска-каталіцкага духавенства (арнат), падараваны музею Камайскім ксяндзом, магчыма, менавіта ў гэтым арнаце, які датуецца канцом ХІХ – пачаткам ХХ ст.,  вёў службу ксёндз К.Сваяк, бо на той час адзенне ксяндза даставалася па спадчыне ад папярэдняга пастыра, імшал (малітоўнік), надрукаваны ў Рыме ў 1905 годзе, па якім праводзіўся пахавальны абрад у Камайскім касцёле. Кніга “Казімір Сваяк”.

А вакол дома-сядзібы Стаповічаў нешматлікія, але па-гаспадарску дагледжаныя вясковыя хаты з мноствам кветак у палісадніках. На іх фоне па-багатырску велічна глядзяцца падпіраючыя неба сосны навакольнага  лесу. Побач - Баранскае возера, адно з  ланцужка “Сарачанскія азёры”, дзе можна палавіць рыбу, пакупацца, палюбавацца воднымі лілеямі і вадаплаўнымі птушкамі, адпачыць душой і целам.

Запрашаем усіх, хто цікавіцца гісторыяй Радзімы, жыццём і творчасцю яе таленавітых сыноў, прыгажосцю прыроды, хто любіць сваю Бацькаўшчыну і цэніць яе духоўныя, прыродныя і матэрыяльныя багацці, наведаць экспазіцыю “Дом Казіміра Сваяка”.
Музей вядзе працу па папулярызацыі гісторыі і традыцый Астравеччыны сярод жыхароў раёна, з гэтай мэтай праводзяцца экскурсіі, музейныя заняткі, чытаюцца лекцыі. Аб тэматыцы заняткаў і лекцый можна даведацца ў супрацоўнікаў музея (тэлефон 801591 21-1-48). Музей арганізоўвае перасоўныя выставы ў Астраўцы і населеных пунктах раёна.
Будзем рады бачыць Вас у музеі і на нашых мерапрыемствах. 

Час працы экспазіцыі музея 
“Дом Казіміра Сваяка” у вёсцы Барані:
9.00 – 18.00, абед 13.00 – 14.00
Выхадныя – панядзелак і аўторак.