На змену Году народнага адзінства прыйшоў Год гістарычнай памяці – адпаведны Указ у навагоднюю ноч падпісаў Прэзідэнт краіны Аляксандр Лукашэнка.
2021-шы запомніцца шэрагам мерапрыемстваў, акцый і аўтапрабегаў, скіраваных на аб’яднанне нашага народа. Ён жа прынёс краіне новае дзяржаўнае свята – Дзень народнага адзінства, якое мы ўпершыню разам адсвяткавалі 17 верасня.
І, упэўнена, 2022-гі стане працягам захавання і ўмацавання адзінства беларусаў, шанавання гістарычных памяці і мінулага нашых народа і краіны.
Гістарычная памяць… Бадай што гэта адна з найгалоўнейшых каштоўнасцей нацыі, тая аснова, што аб’ядноўвае сям’ю, род і ўвогуле ўвесь народ і краіну.
… Успамінаецца дзяцінства. Мне пашчасціла: я застала ў жывых прадзядулю. «Дзядунька» – так ласкава называлі мы яго між сабой. І ён заўсёды быў вельмі шчырым і адкрытым. Менавіта ён зацікавіў гісторыяй увогуле і гісторыяй майго роду ў прыватнасці.
У яго доме ў старой драўлянай шафе на верхняй паліцы ляжаў прыгожа аформлены фотаальбом, абцягнуты аксамітам. Колькі там было здымкаў! Прадзед расказваў нам, малым, хто на іх зняты, дзе хто жыў і чым займаўся... Гэта было вельмі цікава.
… А потым я пайшла ў школу – яна размяшчалася на ўскрайку пасёлка. У гады вайны ў ёй быў лагер ваеннапалонных, а побач з будынкам, на месцы брацкай магілы, дзе знайшлі апошні супачын ваеннапалонныя, настаўнікі і мясцовыя жыхары ўзвялі помнік.
Каля гэтага месца заўсёды праходзілі ўрачыстыя лінейкі і мітынгі. І пазней, калі школа пераехала ў новы будынак, на ўрачыстасці і святы, як і раней, мы ішлі да брацкай магілы. А выпускнікі школы ў свой выпускны лічылі абавязкам прайсці праз усю вёску да помніка, каб аддаць даніну памяці тым, хто загінуў, змагаючыся за мір на зямлі.
Адтуль, з дзяцінства, дзякуючы родным і настаўнікам, мы разумелі, што гісторыю трэба вывучаць і ведаць!
Шмат пазней, стварыўшы ўласную сям’ю і нарадзіўшы дзіця, я занялася сваім радаводам. Разам з мужам і сынам, які ўжо вучыўся ў школе, мы сабралі звесткі пра родзічаў, іх фотаздымкі. І сёння ганарымся гэтым.
Цудоўна, што традыцыю наведваць брацкую магілу ў пасёлку Гудагай перанялі і сённяшнія выпускнікі – яна з году ў год перадаецца ад класа да класа – і дзеці ведаюць трагічную гісторыю гэтага месца.
І такіх прыкладаў, калі гістарычная памяць аб’ядноўвала людзей, прыводзіць можна вельмі шмат.
Здавён нашы продкі выхоўвалі дзяцей у любові і вернасці да роднага краю, яго гісторыі і традыцый. І калі мы прадоўжым іх справу, то ў нас і нашай краіны будзе будучыня – светлая, радасная і шчаслівая!
Подписывайтесь на телеграм-канал «Островецкая правда» по короткой ссылке https://t.me/ostrovetsby.
Текст: Елена Ярошевич
Фото: Елена Ярошевич