
Па словах старшыні раённага аддзялення гэтага грамадскага аб’яднання Альдоны Сухадольскай, за 23 гады свайго існавання прэмію атрымала звыш 2,5 тысячы навучэнцаў.
– Адметна, што вучні нашых гарадскіх школ пастаянна ў ліку стыпендыятаў Фонду міра. Яны займаюцца на “выдатна”, удзельнічаюць у алімпіядах і канферэнцыях і маюць актыўную жыццёвую пазіцыю, – падкрэсліла Альдона Станіславаўна.
Гімназіста Дзмітрыя Сарокіна прывабліваюць дакладныя навукі. Юнак пераможца і прызёр раённага этапу рэспубліканскай алімпіяды. Сёлета на абласным этапе старшакласнік прадэманстраваў цудоўныя веды па астраноміі і прывёз у Астравец Дыплом ІІ ступені. Дзмітрый пераможца рэспубліканскага міжпрадметнага конкурсу “ЗнаТоКи”, дыпламант рэспубліканскай навукова-практычнай канферэнцыі БДТУ, у складзе каманды гімназіі пераможца абласнога турніра юных фізікаў. Акрамя гэтага, знаходзіць час для заняткаў па праграміраванні і каратэ.
Дар’я Кашына з СШ №2 з’яўляецца намеснікам старшыні дзіцячага і падлеткавага савета пры Астравецкім Савеце дэпутатаў і членам рэспубліканскага; актыўнай удзельніцай студатрадаўскага і валанцёрскага рухаў і шматлікіх патрыятычных і маладзёжных конкурсаў. Школьніца аддае перавагу хіміі і біялогіі. Па другім прадмеце неаднаразова перамагала на раённым этапе алімпіяды, а зараз займаецца ў рэспубліканскай школе алімпіяднага руху па біялогіі. Узнагароджана Дыпломам ІІІ ступені на абласной навукова-практычнай канферэнцыі “Край Гарадзенскі”, яе артыкул пра прымяненне тэорыі графаў трапіў у зборнік навуковых работ навучэнцаў.
Фота з архіва А. СУХАДОЛЬСКАЙ.