У Дзень абароны дзяцей супрацоўнікі дзіцячай і раённай бібліятэк падрыхтавалі праграму, падчас якой маленькія жыхары горада сустрэліся з літаратурнымі героямі.
Выхаванцы аздараўленчага лагера сярэдняй школы №2 трапілі на забаўляльна-гульнявую праграму: удзельнічалі ў вясёлых і пазнавальных гульнях, адказвалі на пытанні віктарыны, адгадвалі загадкі, малявалі, спявалі і танцавалі.

Свята прайшло і ў Варнянскай бібліятэцы: для выхаванцаў прышкольнага лагера працавалі інтэрактыўныя пляцоўкі, дзе кожны мог праверыць эрудыцыю і кемлівасць. Таксама дзеці сустрэліся там з выратавальнікамі, якія нагадалі правілы бяспекі.

Мальская бібліятэка-клуб арганізавала пляцоўку, дзе дзяўчынкі і хлопчыкі танцавалі, спаборнічалі ў конкурсах і гульнях.

Літаратурнае асарці прапанавала Міхалішкаўская бібліятэка. Дзяцей чакалі знаёмства з новымі аўтарамі, гульні з адгадваннем «страчаных рэчаў» і кніг па эпізодзе, складанне вершаў.

«Па хвалях кніжнага лета» прайшліся юныя чытачы Кямелішкаўскай бібліятэцы: дзеці гулялі, удзельнічалі ў конкурсах, адгадвалі загадкі, адказвалі на пытанні віктарыны.
Для вучняў Гудагайскай сярэдняй школы адбылося літаратурнае падарожжа па казках. Бібліятэкар зрабіла агляд творчасці беларускіх пісьменнікаў.

Вольга ЗАЯНЧКОЎСКАЯ, раённая бібліятэка.