Галоўная / Навіны / Навіны раёна
10.02.2022

Дыялогавая пляцоўка: патрыятычнае выхаванне павінна пачынацца з дзіцячага садка

 Канстытуцыю і рэферэндум абмеркавалі кіраўнікі і спецыялісты гарадскіх дашкольных устаноў і спецыяльнай адукацыі з прадстаўнікамі раённага выканаўчага камітэта.

Напачатку сустрэчы галоўны спецыяліст сектара ідэалагічнай работы і па справах моладзі Святлана Пятніцкая адзначыла, што правядзенне дыялогавых пляцовак і сустрэч з працоўнымі калектывамі стала традыцыйным у нашым раёне: кожны аўторак яны праходзяць у шматфункцыянальным культурным комплексе.

– Часта ўздымаюцца пытанні не толькі па рэферэндуме і асаблівасцях праекта Галоўнага Закона краіны, але і раённага ўзроўню: пачынаючы ад рамонту дарог і заканчваючы каронавірусам, – падкрэсліла галоўны спецыяліст.

Намеснік старшыні Астравецкага райвыканкама Генадзь Бычко пабудаваў сваё выступленне на прыкладах з жыцця.

– Рэферэндум абавязкова павінен адбыцца , і як ён пройдзе, залежыць ад кожнага з нас. Часта прыводжу прыклад, што ў абноўленай Канстытуцыі прапісана, што кожны павінен удзельнічаць у жыцці дзяржавы і грамадства: добрасумленна працаваць, плаціць падаткі, – адзначыў Генадзь Паўлавіч. – Па вялікім рахунку, адобраць грамадзяне новую Канстытуцыю ці не, жыццё беларусаў кардынальна не зменіцца – наша краіна па-ранейшаму застанецца сацыяльна-арыентаванай.

Генадзь Бычко падзяліўся з прысутнымі ўражаннямі ад Паслання  Прэзідэнта беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу, а таксама падрабязна расказаў пра канстытуцыйныя новаўвядзенні: захаванне нацыянальнай самабытнасці і суверэнітэту; падтрымку шматдзетных сямей, людзей з інваліднасцю; выключэнне ваеннай агрэсіі ў адносінах да іншых дзяржаў; Усебеларускім народным сходзе; захаванне памяці аб гераічным подзвігу беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны і іншыя.

– Патрыятычнае выхаванне на гераічных прыкладах мінулага павінна пачынацца з дзіцячага садка, – упэўнены намеснік старшыні райвыканкама. 


Астравецкая праўда