Яшчэ некалькі гадоў назад РУП «Астравецкі саўгас «Падольскі» па многіх пазіцыях сельскагаспадарчай вытворчасці ў раённым табелі рангаў займаў апошняе месца. Літаральна год назад справы змяніліся: па выніках работы за мінулы год у жывёлагадоўлі гаспадарка заняла ІІІ месца ў раённым спаборніцтве. Як саўгасным жывёлаводам удалося павысіць вытворчасць малака і яго якасць, расказвае галоўны заатэхнік РУП «Астравецкі саўгас «Падольскі» Галіна Шчамялёва:
– Ніякіх сакрэтаў няма. Дырэктар Дзяніс Кірпа змог згуртаваць вакол сябе людзей, якія працуюць на вынік. Было прынята рашэнне, што вытворчасцю малака будуць займацца толькі на малочна-таварных комплексах «Рытань» і «Падольцы», кямелішкаўскую ферму расфарміравалі.
Не мной сказана, што малако ў каровы на языку. У мінулыя гады падчас зімне-стойлавага перыяду кармоў жывёле не хапала. Пазалетась іх нарыхтавалі пад патрэбу – добрай якасці атрымаўся кукурузны сілас. Па ацёлы 2019-га пакрылі шмат цёлак, а ў канцы мінулага года сфарміравалі групы кантрольных першацёлак: замянілі непрадукцыйных жывёл малочнымі. Актыўна працавалі над кармавой базай: маючы ўласнае збожжа, набывалі збалансаваныя канцэнтраты. У выніку ўсіх гэтых намаганняў да 2020 года прыйшлі з плюсам: надой ад каровы за 2019-ы склаў 5 605 кілаграмаў малака (+939 кг).
Сёлета таксама нарошчваем яго вытворчасць – да канца года плануем надаіць па 6 100 кілаграмаў малака ад каровы. Думаем ажыццявіць гэта за кошт вытворчасці ўласных кармоў са збожжавых культур.
Калі параўноўваць малочна-таварныя комплексы «Рытань» і «Падольцы», то першы лідзіруе: за тры месяцы бягучага года там надаілі на 270 тон больш і якасць малака лепшая – гатункам экстра перапрацоўшчыкам пастаўлена амаль 606 тон.
На маю думку, адна з прычын адставання малочна-таварнага комплексу «Падольцы» ў тым, што хворыя каровы дояцца разам са здаровымі. Над вырашэннем гэтай праблемы зараз працуем.
Вялікую ўвагу надаём селекцыйнай рабоце: хворых рагуль выбракоўваем. Нездарма кажуць, што добрая карова атрымліваецца з цялушкі: ветэрынарныя ўрачы суправаджаюць жывёліну на ўсіх этапах яе жыцця.
Пасвяцца пяць гуртоў сцельных цялушак, сухастой першага перыяду, а таксама два статкі па 150 дойных кароў. Для аздараўлення на пашу таксама будзем выганяць навацельных кароў.
Лічу, што ўсе перадспасылкі для нарошчвання вытворчасці малака ў нас ёсць, тым больш што на комплексах і фермах шмат гадоў працуюць адны і тыя ж людзі, якія добра ведаюць сваю справу.
ЛІЧБА 1 550 кароў – дойны статак РУП «Астравецкі саўгас «Падольскі».
Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.
Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.
Текст: Алёна Ганулич
Фото: Алёна Ганулич