Увайшлі ў смак касавіцы – інакш і не скажаш пра механізатараў РУП «Астравецкі саўгас «Падольскі», якія з раніцы да вечара шчыруюць на сенакосе і закладцы траў у траншэі. Напачатку тыдня карэспандэнт «раёнкі» паглядзеў, як адбываецца корманарыхтоўка ў гэтай гаспадарцы. Хоць саўгасныя корманарыхтоўшчыкі адны з апошніх вывелі ў поле тэхніку, на касавіцы яны дэманструюць добры спрыт: агульнымі намаганнямі пяці касілак за дзень у сярэднім скошваюць каля 100 гектараў. Па стане на 10 чэрвеня, у саўгасе травы ляглі ў пракосы на плошчы 880 гектараў, што складае 53% ад запланаванага.
У панядзелак у РУП «Астравецкі саўгас «Падольскі» работа кіпела на двух участках: непадалёк ад вёскі Белая Вада працавалі пяць касілак, двое грабляў, а на ўезде ў аграгарадок Падольцы з боку Міхалішак былі заўважаны два кормаўборачныя комплексы і некалькі адзінак тэхнікі для адвозкі травы.
Да пачатку касавіцы Іван Аўгуль самастойна сабраў граблі
За работай камбайнаў сачыў загадчык раслінаводчага ўчастка №1 Уладзімір Шэша. Дарэчы, у гаспадарцы шмат гадоў працуе бацька агранома Іосіф Юльянавіч і родны брат Дзмітрый, які неаднаразова падчас жніва прызнаваўся адным з лепшых камбайнераў у раёне і гаспадарцы.
– На гэтым участку травы добрыя. Мы маглі б, канешне, яшчэ дзень-два пачакаць, аднак тэрмінаў уборкі ніхто не адмяняў, – паказваючы на валкі, расказвае Уладзімір Шэша. – У саўгасе працую 25 гадоў. На маёй памяці былі засухі, калі збожжа сыпалася толькі пад пятнаццаць цэнтнераў з гектара, а сенакосы зусім выпальвала. Сёлета, думаю, ураджай будзе нядрэнным як для траў, так і для збожжавых.
Загадчык раслінаводчага ўчастка Уладзімір Шэша ў саўгасе працуе 25 гадоў
Не першы год травы ў пракосы кладзе Віктар Садоўскі. Нават свой юбілейны дзень нараджэння мужчына сустракаў на касавіцы.
– Які дзень нараджэння? Жартуеце?! Надвор’е шэпча! Магутнасцей нашых пяці касілак хапае, каб бесперапынна працавалі кормаўборачныя комплексы і вялася закладка сіласных ям, – лаканічна падсумаваў касец. Калі ў мінулыя гады ад касьбы да ўборкі масы з поля, бывала, праходзіла некалькі сутак, то сёлета травы падвяльваюцца на вачах: літаральна адразу пасля касілак ідуць граблі, якія зграбаюць травы з пракосаў у валок, а на іх месца заступаюць кормаўборачныя камбайны.
Роўныя пракосы робяць Іосіф Жэгарыс і Аляксандр Пілецкі
На «Ягуары» некалькі сезонаў запар працуе Уладзімір Шостак, за дзень ён падымае траву на 50 гектарах.
«Ягуар» падуладны Аляксандру Шостаку
Для павелічэння тэмпаў корманарыхтоўкі ў РУП «Астравецкі саўгас «Падольскі» сёлета набылі новы высокапрадукцыйны кормаўборачны комплекс айчыннай вытворчасці КВК-800. На ім працуе Мікалай Капуста.
– Камбайн пакуль неабкатаны, можна сказаць, адзін да аднаго прывыкаем, – з усмешкай гаворыць механізатар. – За дзень «набіваю» пад 400 тон зялёнай масы – усё залежыць ад траў і ўчастка, на якім працую.
Новы кормаўборачны камбайн даверылі Мікалаю Капусце
З поля да малочна-таварнага комплексу «Рытань», дзе ішла актыўная закладка сянажна-сіласных траншэй, «зялёнку» возяць сем трактараў і аўтамабіляў – дапамагае ў гэтай справе і транспарт сельгастэхнікі.
На граблях працуе Раман Журэйка
За дзень на «Джон-Дзіры» Віталь Трыбоцкі робіць некалькі рэйсаў. Дарэчы, механізатар неаднойчы перамагаў у раённым спаборніцтве сярод занятых на вясенне-палявых работах механізатараў, а яго партрэт некалькі гадоў назад быў занесены на раённую Дошку гонару.
– Заканчваем закладку першай траншэі ля комплексу «Рытань». Усяго там чатыры тэхналагічныя ёмістасці, – гаворыць механізатар. – За рэйс перавожу каля пятнаццаці тон травы.
Віталь Трыбоцкі возіць зялёную масу
Генадзь Лабачэўскі з сельгастэхнікі дапамагае саўгасным корманарыхтоўшчыкам вазіць траву
Усяго ў РУП «Астравецкі саўгас «Падольскі» 23 сянажна-сіласныя траншэі, з якіх восем плануюць запоўніць травамі першага ўкосу.
Касец Юрый Мацкевіч
Леанід Нагела кладзе травы ў пракосы не толькі на працы, але і дома – разам з жонкай яны трымаюць ладную гаспадарку
– Кармоў хапіла на ўвесь зімне-стойлавы перыяд. Думаю, атрымаецца нарыхтаваць і сёлета, – гаворыць намеснік дырэктара па вытворчасці Андрэй Скурат. – Плануем назапасіць 550 тон сена, больш за 15 000 тон сенажу і амаль 27 000 тон сіласу. Акрамя гэтага, закруцім у стрэйч-плёнку 1 179 тон травы.
Намеснік дырэктара па вытворчасці Андрэй Скурат
Верыцца, што працаўнікі саўгаса «Падольскі» цалкам справяцца з даведзеным па корманарыхтоўцы планам, а рагулі зімой будуць ласавацца зробленым са сваіх, мясцовых, траў кормам.
Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.
Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.
Фото: Алёна Ганулич