Мясцовыя прозвішчы і мянушкі, замовы і сцяжынкі да школьнага парога
Якія яшчэ тэмы, падзеі і асобы раскрылі падчас «Астравецкіх чытанняў».
Рэспубліканская навукова-практычная канферэнцыя «Астравецкія чытанні-2025», арганізаваная Цэнтрам даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай Акадэміі навук Беларусі, Гродзенскім абласным і Астравецкім раённым выканаўчымі камітэтамі і Астравецкай раённай бібліятэкай, прайшла на мінулым тыдні і стала знакавай падзеяй у культурным жыцці раёна.
Падобная канферэнцыя праходзіць у нашым раёне ў другі раз – першая, нагадаю, адбылася два гады таму. Але ў яе ўжо ёсць пэўныя традыцыі. Адна з іх – абмен узнагародамі і падзякамі.
Так, падзякамі старшыні Астравецкага райвыканкама быў адзначаны значны ўклад у арганізацыю навукова-практычнай канферэнцыі дырэктара Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа Цэнтра даследаванняў беларускай літаратуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі Ігара Капылова і загадчыка аддзела дыялекталогіі і лінгвагеаграфіі гэтага інстытута Веранікі Курцовай. Аддзяленне грамадскіх навук і мастацтваў Нацыянальнай акадэміі навук адзначыла граматамі за вялікі ўклад у грамадзянска-патрыятычнае выхаванне насельніцтва раёна, папулярызацыю і захаванне гісторыка-краязнаўчай спадчыны выкладчыцу Астравецкай школы мастацтваў Вікторыю Варановіч, галоўнага рэдактара «Астравецкай праўды» Алену Ярашэвіч, настаўніцу гісторыі Альхоўскай СШ Людмілу Саўко. Словы ўдзячнасці за вялікую арганізацыйную работу па падрыхтоўцы чытанняў, падмацаваныя падарункам, навукоўцы адрасавалі дырэктару раённай бібліятэкі Наталлі Ачарэтавай. Былі ўзнагароджаны пераможцы мастацкага конкурсу «Астравеччына: натхненне ў фарбах» – з работамі ўдзельнікаў жадаючыя маглі пазнаёміцца на спецыяльнай выставе, якая сустракала гасцей на ўваходзе ў шматфункцыянальны комплекс.
Але галоўным падчас навукова-практычнай канферэнцыі былі цікавыя, змястоўныя, пазнавальныя даследаванні навукоўцаў з Мінска і Гродна, якія ўдала дапоўнілі выступленні мясцовых краязнаўцаў.
Да прыкладу, з даклада кандыдата філалагічных навук, дацэнта Ігара Капылова «Прозвішчы жыхароў Астравецкага раёна ў кантэксце моўнай карціны свету беларусаў» прысутныя даведаліся, што найбольш распаўсюджаныя на Астравеччыне прозвішчы – Багдановіч, Блашкевіч, Казлоўскі, Юркойць, Ярмак. А ўнікальныя, якія сустракаюцца толькі ў нас, – Бернюкевіч, Бразевіч, Замара, Кяжун, Мацкевіч, Мілаш, Пляўга, Стэх, Субаткевіч.
Загадчык аддзела фалькларыстыкі і культуры славянскіх народаў Інстытута мовазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя Кандрата Крапівы прафесар Таццяна Валодзіна ўвяла ў такую малавывучаную тэму як лекавыя замовы – і пры тым са шкадаваннем адзначыла, што з 8-мі тысяч замоў, якія захоўваюцца ў архіве інстытута, толькі крыху больш дзясятка запісаны на Астравеччыне.
« Замовы – асаблівы жанр фальклору, – сказала Таццяна Васільеўна. – Старонняму вельмі цяжка іх запісаць: не заўсёды тыя, хто імі валодае, раскрываюцца перад чужымі людзьмі. Таму вельмі прашу мясцовых краязнаўцаў: пытайцеся і запісвайце, пакуль ёсць у каго спытаць. Каб не страціць беззваротна гэты пласт народнай культуры.
Андрэй Ціхаміраў, загадчык аддзела навукова-даследчай і экспазіцыйна-выставачнай работы Гродзенскага дзяржаўнага музея гісторыі рэлігіі, магістр культуралогіі расказаў пра малавядомыя раней старонкі біяграфіі ўраджэнца Астравеччыны, вядомага яўрэйскага талмудыста і паэта Аўраама Бер Доб Лебенсона.
Старшы навуковы супрацоўнік інстытута літаратуразнаўства імя Янкі Купалы дацэнт Ірына Багдановіч, у чарговы раз прызнаўшыся ў любові свайму куміру і натхняльніку Казіміру Сваяку, расказала пра іншую выбітную асобу – графіню Габрыэлю Пузыню, якая жыла непадалёк, у смаргонскіх Дабраўлянах. Яна апярэдзіла свой час і паказала, што жанчына можа быць не толькі гаспадыняй, жонкай, маці, але і таленавітым літаратарам і ўсебакова адукаваным чалавекам.
Цікавым быў даклад загадчыка сектара захавання фальклорнай спадчыны Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя Кандрата Крапівы, дацэнта Юрыя Внуковіча «Астравеччына ў экспедыцыйных матэрыялах М.Я. Грынблата». Наш зямляк не толькі распавёў пра экспедыцыю вядомага беларускага этнографа, фалькларыста, мовазнаўцы савецкай эпохі, аўтара ўнікальнага выдання «Беларусы», але і прывёў цікавыя матэрыялы, запісаныя ім у вёсках Быстрыца і Валэйкішкі.
Удала дапоўнілі выступленні сталічных і абласных навукоўцаў даклады мясцовых краязнаўцаў. Так, галоўны рэдактар «Астравецкай праўды» Алена Ярашэвіч прэзентавала сумесны праект нашай газеты і райкама прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі «Сцяжынка да школьнага парога». Ігар Капылоў адзначыў, што гэта вельмі важная праца і яе варта было б правесці ва ўсіх раёнах, каб захаваць памяць пра зачыненыя школы і людзей, якія там некалі працавалі і вучыліся. Цікавай была тэма даклада дырэктара раённай бібліятэкі Наталлі Ачарэтавай «Мянушкі Астравецкага раёна»: слухачы не толькі ўзгадалі, як называлі «па-вулічнаму» іх сяброў і знаёмых, але і даведаліся пра класіфікацыю мянушак.
Вучаніца 11 класа Альхоўскай СШ Анастасія Ляховіч раскрыла актуальную тэму – яе даклад называўся «Палітыка генацыду на тэрыторыі Беларусі: новыя падыходы», сканцэнтраваўшыся на рабоце ў гэтым напрамку ў Астравецкім раёне.
Гэтыя і іншыя выступленні выклікалі непадробную цікавасць гледачоў і слухачоў – на жаль, іх было няшмат. Верыцца, што кніга па матэрыялах першых і другіх астравецкіх чытанняў, калі яна, як і было аб’яўлена, будзе выпушчана і куды ўвойдуць усе даклады ў поўным, а не ў скарочаным з-за абмежаванага рэгламенту выглядзе, стане сапраўдным бестселерам у мясцовых краязнаўцаў і даследчыкаў. Прынамсі, хочацца на гэта спадзявацца, бо каштоўнасць матэрыялаў і першых, і другіх «Астравецкіх чытанняў» цяжка пераацаніць.
А вішанькай на торце стала прэзентацыя кнігі І. Капылова, А. Лапцёнка, Н. Паляшчука «Беларуская мова ад А да Я» – грунтоўнага і адначасова даступнага і займальнага выдання пра беларускую мову, да таго ж цудоўна ілюстраванага. Тут проста і лаканічна апісваюцца асаблівасці нашай мовы, паказваюцца яе адметныя лексічныя скарбы. Гэта кніга, як адзначылі падчас прэзентацыі, – своеасаблівая міні-энцыклапедыя па роднай мове. І цяпер яна ёсць у фондзе астравецкай бібліятэкі!
Акрамя гэтай «вішанькі», навукоўцы падарылі нашай бібліятэцы яшчэ шэраг цікавых выданняў. У прыватнасці, кніжны фонд папоўніў 7-ы выпуск навуковага зборніка «Беларуская дыялекталогія. Матэрыялы і даследаванні», у якім тлумачацца пытанні дыялектнай лексікаграфікі, анамастыкі і тэкстаграфіі. Прадстаўлена сучасная мясцовая гаворка розных рэгіёнаў Беларусі, у тым ліку і Астравеччыны.
Пазнаёміцца з адметным жанрам фальклорнай творчасці беларусаў – замовамі – можна, пачытаўшы кнігу «Вадзіца-царыца, усяму свету памачніца». Тэксты ў ёй пададзены на беларускай, рускай і англійскай мовах і ілюстраваны самабытнымі беларускімі выцінанкамі.
Зборнік вершаў Габрыэлі Пузыні «Струмень любові» змяшчае выбраныя творы выбітной пісьменніцы 19-га стагоддзя, якія пададзены на мове арыгіналу – польскай – і ў перакладзе на беларускую.
Цікавыя звесткі пра капліцу-пахавальню роду Котвічаў у Міхалішках А. Сцебурака змясціў у часопісе «Наша Вера», які заняў пачэснае месца ў краязнаўчым фондзе астравецкай бібліятэкі.
З першых вуснаў
Генадзь Бычко, старшыня раённага Савета дэпутатаў:
– Я ў другі раз з вялікім задавальненнем прымаю ўдзел у «Астравецкіх чытаннях». Прызнаюся: у першы раз ішоў з некаторай асцярогай: ці не ператворацца яны ў сухую, нецікавую шырокім масам навуковую канферэнцыю? Але да сённяшняга дня, заходзячы ў лес, успамінаю адзін з дакладаў і раздумваю: чаму ж галубіцы ў адных мясцінах завуцца п’яніцы, у другіх – дурніцы? Асаблівая асалода – чуць нашу прыгожую беларускую мову, якой – гавару гэта з сорамам – мы карыстаемся не так часта.
Ігар Капылоў, дырэктар інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі:
– Мы жывём у імклівы час развіцця новых тэхналогій. У наша жыццё ўсё больш імкліва ўключаецца штучны інтэлект. Вельмі важна ў гэтым шалёным бегу за ўсім новым не страціць галоўнае – чалавека, працай якога ўсё ствараецца і здабываецца, які піша гэтую самую гісторыю. Ніякія тэхналогіі і здабыткі не будуць мець сэнсу, калі мы не станем любіць свой край, сваю зямлю і людзей, што тут жывуць.
Ангеліна Навасельская, загадчык сектара культуры:
– Рэспубліканская навукова-практычная канферэнцыя «Астравецкія чытанні» праводзіцца ў другі раз – хочацца спадзявацца, што яна стане традыцыйнай і будзе праходзіць хоць бы раз у два гады ці нават часцей. Бо яна дае вялікі імпульс развіццю краязнаўства, пашырэнню ведаў пра родны край.