Для аграпрамысловага комплексу нашага раёна стала добрай традыцыяй падводзіць вынікі ў жывёлагадоўлі. Пры гэтым удзельнікі падобных семінараў абавязкова наведваюць комплексы і фермы розных гаспадарак, каб не толькі паглядзець, як наладжана работа, але і пераняць перадавы вопыт ці, наадварот, чамусьці навучыцца на чужых памылках.
Каментарый
Вольга Умрыхіна, першы намеснік начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання:

– За 6 месяцаў надой ад каровы па раёне склаў 4 437 кілаграмаў малака (+270 кілаграмаў да аналагічнага перыяду мінулага года). Па гэтым паказчыку мы займаем 4-ю пазіцыю ў вобласці. Сярэднясутачны дасягае 25,6 кілаграмаў (прыбаўка склала 1,7) – 3-е месца сярод раёнаў Прынёмання. Лідар у вытворчасці малака па-ранейшаму КСУП «Гудагай», дзе надой ад каровы 31,2 кілаграма (+2,4). Не магу не адзначыць і КСУП «Міхалішкі», якое дэманструе высокія тэмпы росту, хоць і дояць там не так шмат – 21,2».
Кіраўнікоў гаспадарак, галоўных заатэхнікаў і ветурачоў на чале з першым намеснікам старшыні райвыканкама – начальнікам упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Валянцінам Чырыцам сустракалі на самым новым і перадавым гудагайскім малочна-таварным комплексе «Дравянікі».

Нагадаю, што КСУП «Гудагай» паспяхова спецыялізуецца на вытворчасці малака. Больш таго, яно можа пахваліцца не толькі рэкорднымі надоямі, але і маштабамі будаўніцтва. Пры гэтым ухіл тут робяць і на гаспадарчы спосаб. У гаспадарцы дзейнічае найбольш у раёне малочна-таварных комплексаў: «Дравянікі» сталі пятымі пасля «Смілгоў», «Маляў», «Германішак» і «Кярнян».

Праект будаўніцтва рэалізаваны ў межах маштабнай дзяржаўнай праграмы і распараджэнні Прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі ад пераводзе жывёлы з лінейных ферм на сучасныя жывёлагадоўчыя аб’екты. Урачыстае адкрыццё малочна-таварнага комплексу ў Дравяніках адбылося ў лістападзе мінулага года.
Новы МТК разлічаны на ўтрыманне 1 600 галоў, у тым ліку 600 дойных кароў. На тэрыторыі ўзведзены два кароўнікі, будынак для сухастойных кароў і нецеляў, сучасная насосная станцыя, даільна-малочны блок з аўтаматызаванай сістэмай кіравання і электракацельнай.
Экскурсію па комплексе для ўдзельнікаў семінара правёў дырэктар КСУП «Гудагай» Эдуард Садоўскі. Па словах кіраўніка, не толькі на гэтым МТК, але і на іншых, многае ўзводзіцца ўласнымі сіламі: напрыклад, тыпавыя навесы для нецеляў, прафілакторыі для цялят, тэхналагічныя ёмістасці для захоўвання травяністых кармоў.


Такі падыход дазваляе знізіць затраты і, адпаведна, сэканоміць грошы. Пра гэта найбольш красамоўна сведчаць і лічбы. Так, напрыклад, будаўніцтва сянажна-сіласнай траншэі ў Дравяніках абышлося гаспадарцы ў 175 тысяч беларускіх рублёў. А ў гэтым годзе такі аб’ект пацягнуў бы на 205 тысяч.

Дзіцячы садок для цялят

Прафілакторый у Дравяніках разлічаны на індывідуальнае і групавое ўтрыманне каля 300 цялят. На малочнай кухні ёсць усё неабходнае для догляду за малышамі абсталяванне, пачынаючы ад спецыяльнага «таксі» для прыгатавання, падагрэву і дазіраваннай раздачы малочнай сумесі і заканчваючы апаратамі для аўтаматычнага мыцця сосак і вядзерцаў.

Дарэчы, у прафілакторыі ўсталяваны тры камеры відэаназірання, якія дазваляюць сачыць за работай цялятніц.
Для сябе адзначыла ідэальную, я б нават сказала стэрыльную, чысціню, – хоць у тапках хадзі! І гэта не для прыгожай карцінкі, а цэлая рабочая сістэма – клапаціцца пра цяля, як пра дзіця. Сёння такі ашчадны і трапяткі догляд за маладняком – нефармальны закон на ўсіх комплексах.

Лічба
Кошт прафілакторыя + неабходнае абсталяванне – 366 тысяч рублёў.
«Душ» для кароў
Увогуле комплекс спраектаваны з ухілам на цыфравізацыю працэсаў і стварэнне максімальнага камфорту не толькі для самых маленькіх жыхароў МТК, але і ўсяго пагалоўя.
У двух кароўніках, дзе ўтрымліваецца дойны статак, дзейнічае сістэма кропкавага ахалоджвання ці, калі казаць па-просту, своеасаблівы душ для рагуль. Дарэчы, гэта ноў-хаў ёсць толькі ў Дравяніках. Кропельны паліў, у якога 5 рэжымаў работы, зманціраваны над кармавым сталом.
Як растлумачыў галоўны заатэхнік КСУП «Гудагай» Віктар Алёкса, у спякотны перыяд распыляецца дробнадысперсная вільгаць, што засцерагае кароў ад цеплавога стрэсу, з-за якога зніжаюцца надоі і горшае якасць малака.
У памяшканні таксама ўстаноўлены вентылятары, дзякуючы якім мікраклімат у кароўніках у любую пару года аптымальны.
Лічба
Кошт сістэмы кропельнага паліву – 44 тысячы рублёў, вентылятараў – 80 тысяч.
Пенны клінінг
Яшчэ адна з тэхнічных навінак – гэта цёплая падлога ў накапляльніку. Сістэма падагрэву ў зоне чакання перад дойкай засцерагае кароў ад пераахалоджвання капыт зімой.

Памяшканне, дзе рагулі чакаюць сваёй чаргі, як і даільная зала, апрацоўваюцца спецыяльным пенным растворам. Як патлумачыў урач ветэрынарнай медыцыны Руслан Стэх, густая дэзінфецыруючая пена ўтрымліваецца на паверхні элементаў даўжэй за ваду і забяспечвае бездакорную чысціню абсталявання, знішчэнне патагенаў і прафілактыку мастытаў у кароў. Да слова, прысутным паказалі, як карыстацца гэтай пеннай устаноўкай.
Лічба
Кошт сістэмы стацыянарнай мыйкі і дэзінфекцыі высокага ціску 6 700 рублёў.
Хэдлокі і экалагічныя «падлогі»
У некаторых жывёлагадоўчых памяшканнях устаноўлены хэдлокі ля кармавых сталоў. Яны дазваляюць мякка зафіксаваць жывёлу падчас кармлення для правядзення зоаветэрынарных аглядаў і маніпуляцый, штучнага асемянення ці вакцынацыі без лішняга стрэсу для кароў.
Напрыклад, ветапрацоўку рагуль спецыяліст праводзіць за 2 гадзіны, а раней (з улікам перагону) на гэта затрачвалася да 2 дзён.
У кароўніках замест гумовых дыванкоў у месцах праходу зроблены насечкі і наліўное пакрыццё для мінімізацыі слізгання і траўмавання жывёлы. У стойлах у якасці падсцілкі выкарыстоўваецца пясок.
Лічба
Кошт хэдлокаў на адзін будынак – 70 тысяч рублёў.
Тэхніка для жывёлагадоўлі
На раённыя семінары звычайна запрашаюць прадстаўнікоў розных кампаній у галіне сельскай гаспадаркі. Спецыялісты фірмы Кoblik прадставілі тэхніку для жывёлагадоўлі і кормавытворчасці. У прыватнасці, можна было паназіраць за механізаваным здрабняльнікам саломы. Таксама госці прывезлі машыну, якая аўтаматызавана яе падсцілае. Праўда, прапанова не зацікавіла кіраўнікоў гаспадарак. Са здрабненнем саломы цудоўна спраўляюцца корманарыхтоўчыя комплексы, а пад другую самаходную машыну павінны быць прыстасаваны памяшканні.


Ад аўтара
Думаю, не толькі ў мяне засталіся прыемныя ўражанні ад наведвання МТК «Дравянікі». Яго ўвод у эксплуатацыю дазволіў КСУП «Гудагай» цалкам завяршыць перавод усяго дойнага статка на беспрывязное ўтрыманне на сучасныя комплексы. Гэта мінімізавала ручную працу і стала гарантам для атрымання малака выключна гатункам экстра.
Текст: Алёна Ганулич
Фото: Алёна Ганулич