Валерый Змітровіч з КСУП “Гудагай” стаў лепшым вадзіцелем Астравеччыны на адвозцы збожжа і рапсу. Мужчына штогод трапляе ў лідары жніва, хоць сам не бачыць у сваіх дасягненнях нічога асаблівага.
– На гэтым МАЗе трэці сезон перавожу зерне. Мэту стаць першым не ставіў, тут, як кажуць, сышліся ўсе зоркі. Па-першае, адносна новая тэхніка з вялікай грузападымальнасцю, па-другое, здаралася, што за дзень каля двухсот тон перавозіў, – падзяліўся герой дня. – Мне пашчасціла першым перавезці тысячу тон збожжа. Хто ведае, магчыма, і з другой атрымаецца. Летась, напрыклад, больш за 4 тысячы адужаў!
Перамогу сярод аператараў зернесушыльных комплексаў святкавала звяно ў складзе Юрыя Баравіка, Фёдара Кірпы і Анатоля Бразевіча з КСУП “Гервяты”. Апошнія два прыйшлі на падмогу хлебаробам мясцовай гаспадаркі з Цэнтра культуры і народнай творчасці і Белтэлекама.
– Я з Гервят. Сёлета вырашыў дапамагчы аднавяскоўцам на ўборцы і пайшоў на сушылку. Хлопцы ўсё расказалі і паказалі, што і да чаго. Нават калі і ўзнікаюць пытанні, з імі заўсёды можна пракансультавацца па тэлефоне. Прыемна, што першае жніво прынесла такі прыемны падарунак, – з усмешкай зазначыў Анатоль Бразевіч.
Для Юрыя Баравіка гэта ўборка юбілейная – 10-я, пры чым пятая – у пары з Фёдарам, які ў дзень прыезду на зернесушыльны комплекс гасцей з раёна быў на выхадным. Пацікавілася ў мужчыны, у чым сакрэт перамогі.
– Поспех справы залежыць ад каманды, а наш невялікі калектыў ужо згуртаваны. Дадайце сюды дакладна адладжаныя рэйсы вадзіцеляў – і атрымаецца сістэма, якая працуе як гадзіннік. Прыемна, што мы ізноў сталі лепшымі, – падзяліўся эмоцыямі Юрый Баравік. – Адзінае засмучае, што ўборку ледзь не штодзень ускладняюць ападкі.
Герояў жніва прывіталі і павіншавалі з уручэннем адпаведных дыпломаў, грашовых прэмій і кветак першы намеснік старшыні райвыканкама – начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Валянцін Чырыца, старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Юрый Адула. У гаспадарках да іх далучыліся дырэктар КСУП “Гервяты” Ігар Жданаў і старшыня прафсаюзнай пярвічнай арганізацыі КСУП “Гудагай” Ганна Налівайка.
Плёну, добрага надвор’я і новых перамог пажадалі госці першым тысячнікам Астравеччыны.