Галоўная / Навіны / Навіны раёна
03.08.2022

Першым у раёне тысячу тон збожжа перавёз Валерый Змітровіч з КСУП «Гудагай»

Першым на Астравеччыне сярод вадзіцеляў тысячу тон збожжа перавёз Валерый Змітровіч з КСУП “Гудагай”.

Цягам апошніх гадоў падчас уборачных кампаній склалася традыцыя: жніўнае “золата” забіраюць “гудагайскія” працаўнікі. Гэты сезон – не выключэнне.

Самым хуткім і спрытным сярод вадзіцеляў стаў Валерый Змітровіч. Мужчына неаднаразова ўваходзіў у тройку вадзіцеляў-тысячнікаў, а ў гэтым сезоне абагнаў калег і першым запісаў на свой рахунак жаданую тысячу тон перавезенага збожжа.

– Родам я з Літвян. На ўборцы, лічы, з 6 класа: працаваў памочнікам камбайнера з бацькам, братам, сябрам у рытанскай гаспадарцы. Некалькі сезонаў сам абмалочваў нівы. З 2006 года працую ў КСУП Гудагай”, – расказаў пра працоўны шлях перадавік. – Прыемна, што сёлета фартуна ўсміхнулася мне.

У сераду, 3 жніўня, з самай раніцы на механічных майстэрнях у Малях Валерый Змітровіч прымаў віншаванні ад кіраўніцтва раёна і гаспадаркі, райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу і прафсаюзнай пярвічкі прадпрыемства.

– Нагодай для гэтай сустрэчы стала перамога ў жніўным спаборніцтве вашага вадзіцеля Валерыя Францавіча, – віншуючы першага тысячніка раёна, сказала старшыня раённага Савета дэпутатаў Ірына Тальчук. – Падчас селектарнай нарады Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, наколькі важна ўбраць ураджай якасна і без страт. І вы, як ніхто, гэта разумееце.

Першы намеснік старшыні райвыканкама – начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Іван Карніла зазначыў, што мала быць талковым і прафесійным вадзіцелем, важна яшчэ грунтоўна падрыхтаваць да ўборкі тэхніку і беражліва да яе адносіцца. Ён пажадаў Валерыю Змітровічу перавезці яшчэ не адну тысячу тон збожжа.

Прыемным дапаўненнем да віншаванняў сталі дыпломы і грашовыя прэміі ад Савета дэпутатаў і прафсаюзаў. Да слова, у КСУП “Гудагай” кожны тысячнік атрымлівае 100 рублёў ад пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі.

https://www.ostrovets.by