Галоўная / Навіны / Навіны раёна
24.01.2022

У Год гістарычнай памяці на Астравеччыне пройдзе навукова-практычная канферэнцыя

 Восенню на Астравеччыне пройдзе навукова-практычная канферэнцыя, прысвечаная жыццю і дзейнасці вядомага грамадскага і палітычнага дзеяча Эдварда Вайніловіча, які ўзначальваў Мінскае таварыства сельскай гаспадаркі, быў дэпутатам Дзяржаўнай думы, членам Дзяржаўнага савета, – такая дамоўленасць дасягнута пасля сустрэчы кіраў­ніцтва Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук з прад­стаўнікамі Астравецкага раённага выканаўчага камітэта.

– Напярэдадні і падчас бу­даўніцтва Беларускай АЭС мы з калегамі не раз былі на Астравеччыне, праводзілі дасле­даванні, выступалі з дакладамі, – адзначыў дырэктар Інстытута гісторыі Вадзім Лакіза. – Таму і ўзнікла ідэя папуля­рызаваць і прапагандаваць гістарычную спадчыну рэгіёна. А яшчэ расказаць пра гістарычных асоб, якія ўнеслі велізарны ўклад у гісторыю Беларусі і свету. Адна з такіх асоб у нашай краіне Эдвард Вайніловіч. Працу па вывучэнні яго жыцця і дзейнасці Інстытут гісторыі сумесна з іншымі зацікаўленымі арганізацыямі і асобамі пачаў каля васьмі гадоў назад – у выніку ў розных раёнах рэспублікі прайшло 7 канферэнцый. Слуцк, Несвіж, Клецк, Іўе, Глыбокае, Свіслач – геаграфія шырокая.
Удзельнікамі канферэнцыі могуць стаць школьнікі, настаўнікі, навукоўцы, краязнаўцы, музейныя супрацоўнікі, людзі, якія цікавяцца гісторыяй, культурай, турызмам. У цэнтры ўвагі даследчыкаў – асоба і дзейнасць Вайніловіча, гістарычная эпоха, у якую жыў вядомы дзеяч, а таксама гісторыка-краязнаў­чая спадчына рэгіёна, дзе адбываецца канферэнцыя. Па выніку выступ­ленняў выдаюц­ца зборнікі навукова-даследчых прац.
У Год гістарычнай памяці падоб­ная навукова-практычная кан­ферэнцыя пройдзе на Астравеччыне.
– Мерапрыемства плануецца прымеркаваць да 90-годдзя з дня нараджэння нашага земляка, літаратуразнаўцы, гісторыка і пісьменніка Адама Мальдзіса, які нядаўна пайшоў з жыцця, – адзначыў намеснік старшыні райвыканкама Генадзь Бычко. – Упэўнены: нашым землякам ёсць пра што расказаць.
Карысць ад удзелу ў канфе­рэнцыі будзе і школь­нікам. Па-першае, яны змогуць пры­дачыніцца да вывучэння гісторыі роднага краю, па-другое, іх работы надрукуюць у зборніку, а па-трэцяе, пераможцаў конкурсу сярод навучэнцаў школ узнагародзяць дыпломамі і каштоўнымі падарункамі.