Галоўная / Навіны / Навіны раёна
24.06.2026

У клубе “Астраўчанка” ўспамінамі падзяліліся дзеці вайны

 Майскае пасяджэнне клуба «Астраўчанка», створанага пры раённым савеце ветэранаў, было прысвечана галоўнаму святу – Дню Перамогі. На сустрэчу з актывістамі клуба запрасілі жанчын, якія бачылі вайну дзіцячымі вачыма і ў памяці якіх, як на фотаздымку, на ўсё жыццё зафіксаваліся карціны, уражанні, перажыванні: Ларысу Дзмітрыеўну Гаваноўскую і Марыю Паўлаўну Леановіч.

Напачатку старшыня раённага савета ветэранаў Ірына Шляхтун нагадала пра астравецкіх жанчын – удзельніц вайны; Тарэса Памецька расказала пра мінскіх падпольшчыц, якія знішчылі гаўляйтара Кубэ. На шчымлівую хвалю настроіла песня «Жураўлі» ў выкананні Арыны Вільнеўчыц і верш Таісы Сямёнавай «Франтавічкі».

А потым паліліся ўспаміны – нібы закруцілася чорна-белая стужка ваеннай кінахронікі…

Дзяцей вайны дапоўнілі і іншыя ўдзельніцы клуба, якія расказалі свае сямейныя гісторыі, – і своеасаблівы дакументальны фільм атрымаўся шматсерыйным.

Марыя Леановіч: «Нас спалілі, а праз тыдзень мама сястрычку нарадзіла»

– Мы жылі на хутары Прудзішча, тады гэта быў Навагрудскі раён, пасля – Стаўбцоўскі. 
 
Першы дзень адбіўся ў памяці, як здымак на фотаплёнцы. Мы збіраліся ісці да касцёла, гэта кіламетраў 12 па гразкай дарозе. Выйшлі з хаты, а ўсё неба пакрыта самалётамі. Так зразумелі, што пачалася вайна.
 
З 1941 па 1943 год у нас на хутары, можна сказаць, не было вайны. Немцы не маглі да нас дабрацца – балота. А па бальшаку баяліся, бо ў Налібоцкай пушчы гаспадарылі партызаны. Мы жылі звычайным жыццём. Партызаны хадзілі праз наш хутар на заданні, часта завітвалі да нас.  

Навала прыйшла ў 1943 годзе. Немцы сталі паліць усе вёскі і хутары, што стаялі ў пушчы. Па рэчцы наўпрост да нас прыбег  мужчына і сказаў, што сюды едзе машына з немцамі. І мы ўсе, тры сям’і, уцяклі ў лес. Немцы спалілі хутар і пайшлі далей. Людзей зганялі ў  Налібокі. Нас не знайшлі і вярнуліся на другі дзень з аўчаркамі. Сабакі павялі немцаў у лес, але мы кінуліся ў балота і парослую вадой канаву – і аўчаркі страцілі  след.
 
Хутар спалілі 28 ліпеня. А 1 жніўня, у нядзелю, мы выйшлі на папялішча, каб знайсці што-кольвечы з ежы, вады папіць. Толькі развялі агеньчык – немцы наляцелі. На гэты раз нас забралі і павезлі ў Налібокі.
 
Там мама 4 жніўня сястрычку нарадзіла. У Налібоках жылі тры яе браты, яны нам есці прыносілі. Прасілі немцаў, каб нас забраць, але не дазвалялі. А перад тым як паліць Налібокі, выпусцілі. Гэта было 8 жніўня. Усіх пасадзілі на падводы і павезлі. Сказалі, што ў Германію.  
 
Але Бог дапамог. Наляцеў вецер, пачалася навальніца. Гром, бліскавіцы… Наша падвода апошняя. Матацыкліст, які ззаду ехаў, рвануў наперад. Мы ўязджаем у вёску, перад намі – расчыненыя вароты. Тата каня пад аброць – і павёў падводу перш у двор, а затым у гумно. А там праз другія дзверы, на агароды – і да лесу. Дождж змыў усе сляды. Так мы ўратаваліся…  
 
Зімавалі ў мястэчку Дзераўное ў пакінутым яўрэйскім доме. У тую зіму не галадалі: палі не ўбраныя, сёе-тое можна было знайсці. Памятаю, тата прыносіў гарох, мы яго размочвалі і смажылі ў печы. 
 
А потым вярнуліся на свой хутар. Там і вызвалення дачакаліся. Над лесам самалёты-разведчыкі завісалі: высочвалі немцаў, якія па лясах хаваліся. Мы не ведалі, чые гэта самалёты, уцякалі ў лес. Ляжыш пад кустом, а асвятляльныя ракеты пусцяць – кожная травінка відаць…
 
Аднойчы немец на хутар прыбіўся – хворы, знясілены, ружжо ледзь цягне. Хутка за ім і нашы салдаты з’явіліся. Ён ружжо адкінуў, здаўся. Ды яго ўсё роўна забілі: нашто такога карміць, калі і самім няма чаго есці. Аднойчы здаровага злавілі, то таго забралі ў палон – ён яшчэ мог працаваць.

Ларыса Гаваноўская: «Кружыў самалёт, і сыпаліся з яго нейкія чорныя штучкі»

– Калі пачалася вайна, мне пяць гадкоў было. Мы жылі на хутары ў Вілейскім раёне. Памятаю, як у небе кружылі самалёты і з іх сыпаліся нейкія чорныя штучкі. Мне, малой, было цікава… Я не разумела, што такое бомбы і чаму там, куды яны ўпалі, узнікаюць вялікія ямы, якія называлі варонкамі.
 
У лесе з’явіліся партызанскія атрады. Пяць вёсак такіх было, што ў лесе стаялі. І хутары. Нехта паведаміў, што паліць іх будуць. Тата сабраў у клуначак што паесці, яшчэ нешта палажыў – што там можна было з сабой за плячамі панесці – і мы пайшлі ў лес. І ўжо адтуль убачылі, як на месцы вёскі падымаецца вялізны слуп дыму, коціцца па ваколіцы што той вурдалак. Свінні вішчалі, каровы раўлі… Вельмі страшна было!
 
Усе пяць вёсак, што ў лесе стаялі, тады спалілі. Людзі не мелі дзе прытуліцца. Малады чалавек сядзеў на ўзлеску пад кусцікам, немцы ўбачылі: бах – і няма яго… Хто не ўцёк – усе загінулі.  Майго таты сястра сказала: «Не пайду нікуды са сваёй хаты». Яе знайшлі мёртвую на папялішчы. Пахавалі нават не на могілках, а на аселіцы.
 
Мы ў лесе пераначавалі. Ранкам усталі – сонца свеціць, птушкі пяюць… Нібы і не было нічога. 
 
А неўзабаве немцы з’явіліся. Выгналі нас з лесу. Я малая, не разумела небяспекі. А людзей, каго знайшлі, сабралі і пагналі. Сказалі, што на Украіну, у Белую Царкву. Немцы, якія нас ахоўвалі, бачылі, што ўсе простыя вяскоўцы, жанчыны, дзеці. Сачылі за намі не вельмі пільна, і па дарозе мы паціхеньку выйшлі з таго натоўпу і ўцяклі. 
 
Вярнуліся на свой хутар – яго, на шчасце, не спалілі. Знайшлі і каня свайго, і карову. Сталі далей жыць.
 
У нашу хату шмат каго прыбілася, хто ацалеў. Усіх прыняць, вядома, не маглі. Некаму проста дапамагалі. У Астраўцы Кізік жыў, зямляк мой, дык ён заўсёды ўспамінаў, як тата даў ім саломы, каб накрыць зямлянку, і затым стараўся аддзячыць за тую дапамогу.
 
Тата хадзіў у вёску. Там у некага быў радыёпрыёмнік і слухалі голас Масквы. З яго і даведаліся, што немцы адступаюць. Тады мы ўсе, наша сям’я і татаў пляменнік з жонкай і дзецьмі, схаваліся ў яме, куды на зіму бульбу ссыпалі. А лаз дзёрнам замаскіравалі. Толькі чуем – крокі. Сталі штыкамі той лаз пратыкаць.
 
Знайшлі нас. Крычаць: «Партызан, партызан...» Павылазілі мы. Тата трохі мог гаварыць па-нямецку. «Кіндар, кіндар», – паказвае на нас. Немцы падабрэлі, далі нам па вялікай круглай вітамінцы. А мама штурхае: толькі ж не ешце, хто яго ведае, што гэта за зараза…
 
Пасля вызвалення я ў школу пайшла. Першы клас заканчвала, калі аб’явілі Перамогу. Сёння разумею: колькі разоў на парозе смерці стаялі. Думаю, мы таму ўсе выжылі, што тата хадзіў у царкву і ўвесь час шчыра маліўся.

Ірына Шляхтун: «Солтыса фашысты павесілі на вачах у людзей»

– Мне мама расказвала трагічную гісторыю ужо з астравецкіх рэалій. У вайну падчас акупацыі немцы прымушалі мясцовых жыхароў аддаваць на карысць германскай арміі лепшых коней. Солтыс з вёскі Грэбалы пашкадаваў бедную ўдаву і прывёў ёй добрага каня, а немцам аддаў яе лядашчую кабылку. Ды знайшліся тыя, хто расказаў немцам пра падман.

Мая мама, якая ў той час жыла ў Малях, успамінала, як жыхароў Астраўца і навакольных вёсак прыгналі да касцёла, дзе стаяла шыбеніца, і загадалі глядзець, як будуць вешаць непаслухмянага солтыса – каб іншым была навука. Вочы пад страхам смерці забаранялі заплюшчваць нават дзецям. А калі сталі страляць у бедную жанчыну, то натоўп не ўтрымалі: усе кінуліся хто куды. Немцы не давалі хаваць нябожчыкаў, і толькі ўночы ксёндз забраў целы пакутнікаў.

Надзея Шарэйка: «Мяне назвалі ў гонар цёткі»

– Мой тата з Расіі, з-пад Смаленска. Тры яго сястры трапілі немцам у лапы. Іх вязлі ў Германію. Дзве дзяўчыны былі баявыя, здолелі ўцячы. А трэцяя, Надзея, спакойная, сарамлівая, не змагла. Мяне, дарэчы, назвалі ў яе гонар. 
 

Усю вайну цётачка была ў нямецкім палоне. Там пазнаё­мілася з бельгійскім хлопцам. Толькі калі пра яго лёс родныя ведалі, дапамагалі, чым маглі, то цётачка была ў інфармацыйным вакууме. Яна нават не ведала, ці застаўся ў жывых хто-небудзь з родных. Пасля вызвалення спрабавала некага знайсці – безвынікова.
 
Той хлопец забраў Надзею з сабой. Яго маці прыняла чужынку як родную дачку: яе апранулі, абулі, акружылі клопатам і ўвагай. Яна выйшла замуж за таго хлопца і пражыла доўгае і шчаслівае жыццё. Але заўсёды рвалася на радзіму. Калі нарэшце знайшла родных і прыехала сюды, не радавалася – плакала. Не магла дараваць сабе і лёсу, што ўсё жыццё пражыла ўдалечыні ад роднага краю.

Наталля Волк-Леановіч: «Бацька выбраў каханую...»

– Мае бацькі жылі на Лагойшчы­не, каля Плешчаніц. Яны сустра­каліся яшчэ да вайны. 

Калі прыйшлі немцы, бацька запісаўся ў партызанскі атрад. А мама трапіла ў Германію. 

Аднойчы святар запрасіў усю моладзь з наваколля ў царкву. Дзяўчаты прыйшлі – прыгожыя, у лёгкіх сукеначках… І тут жа наляцелі немцы, схапілі ўсіх, пагрузілі на машыны… Так мама апынулася ў Нямеччыне. 

Там яна ледзь не загінула. Працавала ў мясцовага баўэра, даглядала жывёлу. А побач, за плотам, знаходзіўся палонны італьянец. Ён быў зусім хворы, раны гнаіліся… Мама пашкадавала яго і, падаіўшы карову, наліла бедаку кубак малака. Думала, ніхто не заўважыць. Але гаспадыня назірала з другога паверха.

Яна выскачыла на двор, выбіла ў хлопца з рук кубак з малаком, збіла маму да паўсмерці. Італьянец той хутка памёр.  

Пасля вызвалення пра­паноўвалі заставацца ў Гер­маніі ці ехаць у ЗША. Але мама марыла пра адно: хутчэй вярнуцца дахаты.

Бацька ўсю вайну быў у пар­ты­­занах. Атрымаў раненне. Калі прыйшло вызваленне, яго на­кі­равалі ў Ашмяны начальнікам міліцыі.

Калі мама вярнулася з Германіі, яны вырашылі пажаніцца. Але гэта магло стаць плямай на яго анкеце. Бацьку сказалі выбіраць: альбо нявеста, якая была ў Германіі, альбо служба ў органах. Тата выбраў каханую…

 Усё жыццё пражылі яны ў Ашмянах, нарадзілі траіх дзяцей. І ўсё жыццё помнілі і добрае, і дрэннае, што было з імі ў вайну і пасля яе.

Амаль у кожнай з прысутных астраўчанак была свая гісторыя пра страх, жах, боль і пакуты, якія прынесла ў іх сем’і вайна. 

І лейтматывам гучалі словы: галоўны здабытак – гэта мір. Трэба берагчы яго і радавацца кожнаму новаму дню.

Текст: Нина Рыбик
Фото: Нина Рыбик, из архива АП