Галоўная / Навіны / Навіны раёна
23.06.2026

Вандроўкі: дакрануцца да гісторыі і духоўнай спадчыны

 

 

Настаўнікі Гудагайскай сярэдняй школы здзейснілі пазнавальную экскурсійную паездку па глыбоцкім краі, якая падарыла шмат яркіх уражанняў, новых ведаў і духоўнае ўзбагачэнне.

 

Першым пунктам маршруту стаў старажытны і самабытны горад Глыбокае. Падчас экскурсіі педагогі пазнаёміліся з яго гісторыяй, прайшлі па яго ўтульных вуліцах, даведаліся пра вядомых землякоў і значныя падзеі, якія пакінулі след у лёсе краю. Асаблівую ўвагу ўдзельнікі паездкі надалі велічным храмам, якія з'яўляюцца сапраўднымі жамчужынамі беларускай архітэктуры і духоўнасці.

Незабыўныя ўражанні пакінула наведванне аграгарадка Мосар. Гасцей уразіў унікальны касцёл Святой Ганны, вядомы далёка за межамі Беларусі, а таксама тэрыторыя вакол святыні. Настаўнікі з цікавасцю пазнаёміліся з дзейнасцю ксяндза Юзафа Булькі, які прысвяціў сваё жыццё адраджэнню духоўнасці і добраўпарадкаванню роднага краю. Маляўнічыя алеі, скульптурныя кампазіцыі, кветнікі і сажалкі ствараюць тут асаблівую атмасферу спакою і гармоніі.

Паездка стала не толькі магчымасцю адкрыць для сябе новыя старонкі гісторыі Беларусі, але і добрай нагодай для нефармальных стасункаў, абмену ўражаннямі і адпачынку. Такія экскурсіі дапамагаюць лепш пазнаваць культурную і духоўную спадчыну нашай краіны, натхняюць на новыя ідэі ў педагагічнай дзейнасці і выхоўваюць пачуццё гонару за родную Беларусь.


Ірына ЖАЛТОК, Гудагайская СШ.