Перавод статка, безумоўна, суправаджаецца ростам надояў, але каб ён аказаўся не часовай з’явай, жывёлаводы павінны многа і мэтанакіравана папрацаваць. Як адбываецца кругласутачнае выпасванне жывёлы ў КСУП «Гервяты» на мінулым тыдні даведаўся наш карэспандэнт, завітаўшы на малочна-таварную ферму «Сакалойці». – У нашай гаспадарцы пяць малочна-таварных ферм. На чатырох – «Малюта», «Сакалойці», «Чэхі», «Гіры» – кароў выгналі на пашу напачатку красавіка, – расказвае галоўны заатэхнік КСУП «Гервяты» Алег Мядзведзеў. – На жаль, побач з фермай «Міцюны» няма добрай пашы – зялёнку рагулі атрымліваюць на кармавыя сталы, таксама ёсць выгульны дворык.
Паспяховасць летне-пашавага ўтрымання залежыць ад многіх фактараў, у тым ліку ад паступовасці пераводу жывёлы са стойлаў на пашу.
– На маленькіх малочна-таварных фермах практыкуецца кругласутачнае выпасванне жывёлы. Каровы ласаваліся травой цягам некалькіх гадзін, паступова час іх знаходжання на пашы павялічвалі, – працягвае галоўны заатэхнік. – З-за нізкай тэмпературы начнога паветра толькі два тыдні назад гурты сталі пасці кругласутачна. У адрозненне ад ферм, на малочна-таварных комплексах «Рымдзюны» і «Дайлідкі» каровы ўвесь год знаходзяцца на стойлавым утрыманні.
– Што тычыцца комплексаў, то сучасныя тэхналогіі практычна звялі да нуля розніцу ў прадукцыйнасці жывёлы зімой і летам, – тлумачыць Алег Мядзведзеў. – Мы практыкуем трохразовыя даенне і кармленне. Акрамя кормасумесі і канцэнтратаў, каровы атрымліваюць зялёную масу з так званых кулісных пасеваў – па восем кілаграмаў на галаву. Вырошчваем азімае жыта і свірэпіцу на корм палосамі ўжо некалькі гадоў. Атрымліваецца цудоўны фураж, які дадае прадукцыйнасці жывёле. Тым не менш, цяжка пераацаніць станоўчы эфект пашавага ўтрымання: свежая трава і праменад на свежым паветры добра ўплываюць на стан жывёлы – фактычна адбываецца яе аздараўленне, а яшчэ і рост малака. Дарэчы, апошняе, не было б магчымым, калі б у рацыёне рагуль не было канцэнтраваных кармоў.
– Акрамя кормасумесі з сіласу і бабовага сенажу дойныя каровы атрымліваюць канцэнтраты – у сярэднім з разліку 350 грамаў на кілаграм малака, – падсумоўвае галоўны заатэхнік. – Па надоях і па вале мы плюсуем: з пачатку года на комплексах і фермах надаілі крыху больш за 396 тон малака, а гэта на 25% больш за аналагічны перыяд мінулага года. Сярод пяці малочна-таварных ферм КСУП «Гервяты» найбольшы плюс у надоях на карову сёлета дэманструюць «Сакалойці»: у сярэднім за суткі рагуля дае 21,2 кілаграма малака – да параўнання: летась надой складаў усяго 11,6.
Побач з фермай грамадскі статак (240 галоў) з задавальненнем паядаў сакавітую траву. Пазменна за каровамі на пашы сочаць чатыры пастухі – па два ў змену.
Выпас жывёлы праходзіць па загонна-парцыённай сістэме: жывёлаводы з дапамогай электраагароджы адбіваюць на пашы спецыяльныя клеткі, якія праз паўтары гадзіны пераносяцца на новы ўчастак. Пасля страўлення падкашваюцца рэшткі траў, на пашавыя ўгоддзі ўносяцца мінеральныя ўгнаенні – літаральна праз некалькі тыдняў паша даспявае да новага страўлення.
Дарэчы, каровы паядаюць траву нераўнамерна. Пасля страўлення ў «Гервятах» пашу падкошваюць, а рэшткі здробненай травы на прэс-падборшчыку замотваюць у стрэйч-плёнку – у выніку атрымліваецца спажыўны сянаж.
– З такімі травамі, як у нас, кароў можа пасвіць і навічок, – з усмешкай гаворыць Генадзь Палачанскі, які восьмы сезон працуе пастухом. – У мінулым годзе моцна засушыла – травастой быў ніякі. Давялося пабегаць за каровамі, якія прарываліся праз «клетку». Разам з Генадзем Палачанскім пасвіць кароў у «Сакалойцях» Андрэй Лаўрыновіч.
– Пасля ранішняй дойкі, якая пачынаецца ў сем гадзін, выганяем гурт на пашу, – расказвае мужчына. – На ферму кароў прыганяем каля шасці гадзін вечара на другую дойку, потым – ізноў на пашу. Назаўтра на змену заступаюць іншыя работнікі. На пашы, як таго і патрабуе тэхналогія, ёсць пафарбаваная ў светлы колер бочка з вадой, яслі з сенам і «лізунцы» з соллю. Кантроль за забяспечанасцю жывёлы вадой – справа заатэхнічнай службы, але большасць пастухоў, зарплата якіх прывязана да надояў, самі зацікаўлены ў бесперабойным паенні.
– Высокая вільготнасць свежай травы і незбалансаванасць рацыёну па клятчатцы і пратэіну прыводзіць да зніжэння жвачнай здольнасці кароў, – да размовы далучаецца Алег Мядзведзеў. – Таму статак абавязкова трэба забяспечыць грубымі кармамі. На пашы заўсёды ёсць сена. Соль-лізунец, напрыклад, павялічвае колькасць малака на 10%, а ўтрыманне ў ім тлушчу – на 0,8%. Спыняцца на дасягнутым гервятцы не збіраюцца, у планах атрымаць ад каровы 7 500 кілаграмаў малака.
У КСУП «Гервяты» пасвяць, у тым ліку кругласутачна,
750 кароў. На адну ўмоўную галаву прыпадае 0,5 гектараў пашы. На круглагадавым стойлавым утрыманні знаходзіцца
1 150 галоў.
Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.
Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.
Текст: Алёна Ганулич
Фото: Алёна Ганулич