На Астравеччыне набірае тэмпы корманарыхтоўка: напачатку гэтага тыдня аграрыі паклалі ў пракосы травы больш чым на трэці запланаваных плошчаў.
Карэспандэнт «раёнкі» даведаўся, якія спадзяванні на першы ўкос ускладаюць корманарыхтоўшчыкі КСУП «Гервяты», колькі і якіх кармоў яны плануюць назапасіць да зімне-стойлавага перыяду.
Звяно кормаўборачнай тэхнікі працавала каля вёскі Мацкі – на сенакосе я налічыла каля дзесяці адзінак: касілкі, граблі, кормаўборачныя комплексы, МАЗы і трактары... За працэсам корманарыхтоўкі на першым раслінаводчым участку сачыла памочнік брыгадзіра Міраслава Субаткевіч.
– Стаўку робім на першы ўкос. Пасля дажджоў травы хутка адраслі, цяпер галоўнае – убраць іх у аптымальныя тэрміны, – расказвае малады аграном. – Першую сянажна-сіласную траншэю заклалі побач з малочна-таварнай фермай «Чэхі», цяпер ідзе закладка тэхналагічных ёмістасцяў у Гервятах. Тры кормаўборачныя камбайны, чатыры касілкі, з якіх дзве з дзевяціметровым захопам, граблі, больш за дзесяць машын для адвозкі зялёнай масы – тэхнікі хапае. Дарэчы, для большай аператыўнасці вазіць «зялёнку» сёлета нам дапамагаюць прыватнікі.
Кіраваць працэсам корманарыхтоўкі, няхай і на асобна ўзятым участку, – адказная справа, асабліва для маладога спецыяліста. Цікаўлюся ў Міраславы, ці ўзнікаюць непаразуменні з механізатарамі.
– Ведаеце, не! Большасць працаўнікоў – адказныя і сумленныя. Калі трэба, без пытанняў затрымаюцца ў полі, – з усмешкай гаворыць дзяўчына. – І сама я на свежым паветры дапазна. Работа мне падабаецца. Спецыяльнасць агранома выбрала выпадкова, але не шкадую. Камусьці трэба і хлеб расціць! Гервятцы добра разумеюць, што ад паспяховасці правядзення корманарыхтоўчай кампаніі залежыць не толькі развіццё жывёлагадоўчай галіны, але і гаспадаркі ў цэлым. Менавіта для гэтых мэт быў набыты новенькі, лічы, з канвеера кормаўборачны комплекс нямецкай вытворчасці «Ягуар». Яго даверылі аднаму з самых вопытных механізатараў гаспадаркі – Ігару Гудзінскаму. Цікаўлюся ў камбайнера, як ідзе па полі новая машына.
– У параўнанні з «Джон-Дзірам», на якім я раней працаваў, – неба і зямля. Гэту розніцу добра зразумее любы механізатар: новая тэхніка – гэтым усё сказана, – расказвае камбайнер. – За гадзіну падбіраю травы на двух гектарах – за дзень атрымліваецца нарыхтаваць каля 130 тон. Але ўсё залежыць ад траў – балазе, яны сёлета значна лепшыя, чым у мінулым годзе.
«Зялёнку» да траншэй прывозіць Віктар Бабойць
На «Джон-Дзіры» траву возіць Анджэй Ясевіч
Віктар Янэцкі займаецца трамбоўкай зялёнай масы
Такога меркавання, дарэчы, прытрымліваецца і намеснік дырэктара КСУП «Гервяты» па вытворчасці Станіслаў Івашка.
– Хоць нарыхтоўваць кармы сёлета пачалі толькі 1 чэрвеня – калі не памыляюся, летась у маі «набілі» некалькі тысяч тон, – травы радуюць. Для ўборкі злакавых цяпер ідэальная пара, – адзначыў Станіслаў Станіслававіч. – Кармавыя расліны трэба ўбіраць у аптымальныя фазы вегетацыі, напрыклад, шматгадовыя бабовыя – у фазе бутанізацыі, аднак не пазней пачатку цвіцення, злакавыя – да пачатку калашэння – ад гэтага залежыць пажыўнасць сенажу. Лічу, што ўсе перадспасылкі для паспяховага правядзення корманарыхтоўчай кампаніі ў нас ёсць.
Сёлета ў КСУП «Гервяты» падчас першага ўкосу запланавана скасіць 3 300 гектараў.
Па стане на 7 чэрвеня, травы ляглі ў пракосы на плошчы 909 гектараў – а гэта 28% ад плана. Зялёную масу актыўна закладваюць у траншэі, яе ж нарыхтоўваюць у выглядзе рулонаў – у стрэйч-плёнку гервятцы ўжо закруцілі 477 тон траў (25%).
Восьмы сезон запар на корманарыхтоўчым камбайне травы ўбірае Валянцін Гайдуль
Каб у зімне-стойлавы сезон пракарміць амаль 7 000 галоў буйной рагатай жывёлы, у гаспадарцы сёлета плануюць нарыхтаваць каля 1 600 тон сена, крыху больш за 30 000 сенажу і каля 37 000 сіласу – усяго 22 849 тон кармавых адзінак. У разліку на адну ўмоўную галаву ў КСУП «Гервяты» ўжо нарыхтавалі крыху больш за цэнтнер кармавых адзінак. У гаспадарцы разлічваюць, што тэмпы з кожным днём будуць нарастаць.
Віктара Рынкевіча механізатары называюць не інакш, як наш пажарны
– Ухіл усё ж робім на нарыхтоўку звычайнага сенажу – тэхналогія скармлівання не дазваляе круціць нам шмат рулонаў. На зімне-стойлавы перыяд плануем нарыхтаваць 1 900 тон такога корму – гэтага больш чым дастаткова, – працягвае Станіслаў Івашка. – Будзем закладваць сянаж з люцэрны. Сёлета пад яе адвялі звыш 500 гектараў – у перспектыве павелічэнне плошчаў да 1 000. Унікальнасць гэтай культуры ў тым, што пасля скошвання яна хутка адрастае, таму за сезон можа даваць два, а то і тры ўкосы. У дзень майго прыезду сянажна-сіласную траншэю ў Гервятах трамбавалі дзве адзінкі тэхнікі – «Кіравец» і «Амкадор». На трамбоўцы «зялёнкі» не першы год заняты Віктар Гродзь.
– З напарнікам працуем з сямі раніцы да васьмі вечара, – расказвае механізатар. – Ноччу нас падмяняюць іншыя работнікі. Тэмпературу і вільготнасць зялёнай масы пастаянна вымяраюць работнікі ветэрынарнай службы.
Ад трамбоўкі і хуткасці закладкі траншэі ў многім залежыць якасць сенажу. Залянуецца механізатар лішні раз «скаціцца» па травяной горцы – тут жа падымецца тэмпература «зялёнкі» – і корм страціць сваю спажыўнасць у некалькі разоў. А працяглая загрузка траншэі можа прывесці да моцнага разагрэву масы і ўтварэнню таксінаў, якія спрыяюць развіццю мастытаў і захворванню канечнасцей у кароў.
– Пры закладцы ў траншэю злакавых кансервант не выкарыстоўваем, яны ідэальна закансервуюцца самі. А вось бабовыя лічацца складанасіласуемымі, таму без кансервантаў ніяк, – гаворыць Станіслаў Івашка. – Увогуле пры нарыхтоўцы кармоў галоўнае – прытрымлівацца тэхналогіі. А з кармамі жывёлаводам ніякая зіма не страшная!
Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.
Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.
Текст: Алёна Ганулич
Фото: Алёна Ганулич