Галоўная / Навіны / Навіны рэгіёна
11.05.2023

Баскетбалісты "МІНСКА" прымуць "Гродна-93" у першым матчы фіналу чэмпіянату Беларусі

Баскетбалісты "МІНСКА" і "Гродна-93" пачынаюць барацьбу за тытул чэмпіёна Беларусі, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.

Першы паядынак серыі за залатыя медалі пройдзе сёння на пляцоўцы "Мінск-Арэны" (пачатак у 17.30), другая сустрэча пройдзе там жа 13 мая, а 19 мая сапернікі сустрэнуцца ў Гродне. Абодва фіналісты выйгралі паўфінальныя серыі з аднолькавым рэзультатам - 3:1. Дзеючыя чэмпіёны краіны мінчане абыгралі віцебскі "Рубон", а падапечныя Дзмітрыя Кузьміна аказаліся мацнейшымі за магілёўскі "Барысфен". Няўдачнікі паўфінальных баталій заўтра ў Магілёве правядуць першы матч за бронзавыя ўзнагароды.

У залатой серыі папярэдняга нацыянальнага чэмпіянату "МІНСК" перайграў "Барысфен", а "Гродна-93" узяў бронзу, абыграўшы "Рубон".

БК "МІНСК" з'яўляецца 14-разовым чэмпіёнам Беларусі, прычым ён нікому не ўступае золата з 2009 года. Баскетбалісты "Гродна-93" выйгравалі залатыя медалі 8 разоў, апошні чэмпіёнскі тытул быў заваяваны ў 2004 годзе.

Пераможцам нядаўна праведзенага жаночага чэмпіянату краіны трэці раз запар стаў "Гарызонт", які ў фінальнай серыі за золата тройчы абыграў баскетбалістак гродзенскай "Алімпіі". Бронзавыя ўзнагароды заваявалі баскетбалісткі "МІНСКА", якія атрымалі тры буйныя перамогі над "Гомельскімі рысямі".-0-

БЕЛТА - Навiны Беларусi