Выстава "Беларускі народны: код нацыянальнай якасці. Шэдэўры народных мастакоў са збору Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь" 28 лістапада адкрыецца ў Гродне. Аб гэтым паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Гродзенскім дзяржаўным гісторыка-археалагічным музеі.
У год святкавання 85-гадовага юбілею Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь і 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў Нацыянальны мастацкі музей падрыхтаваў маштабны праект, прысвечаны народным мастакам Беларусі, сярод якіх ёсць удзельнікі Вялікай Айчыннай вайны. Прадстаўлены ў Год якасці, гэты праект дае ўнікальную магчымасць пазнаёміцца за межамі галоўнай арт-пляцоўкі краіны з творчасцю мастакоў, творы якіх па праву лічацца класікай і эталонам беларускага выяўленчага мастацтва ХХ - пачатку ХХІ стагоддзя.
У экспазіцыі, якую змогуць убачыць гродзенцы і госці абласнога цэнтра, прадстаўлены работы выдатных аўтараў, чые імёны вядомы далёка за межамі Беларусі, адзначаныя ганаровымі званнямі "Народны мастак БССР" і "Народны мастак Беларусі". Іх творчасць уваходзіць у залаты фонд нацыянальнага выяўленчага мастацтва.
У рамках перасовачнага праекта Нацыянальнага мастацкага музея ў Гродне будзе прадстаўлена каля 40 твораў жывапісу, графікі, скульптуры Заіра Азгура, Івана Ахрэмчыка, Вітольда Бялыніцкага-Бірулі, Гаўрылы Вашчанкі, Валянціна Волкава, Віктара Грамыкі, Мая Данцыга, Яўгена Зайцава, Аляксандра Кішчанкі, Міхаіла Савіцкага, Івана Міско і іншых масцітых мастакоў. Унікальная выстава размесціцца ў Сенатарскай зале Новага замка і прадоўжыцца да 26 студзеня.-0-