Галоўная / Навіны / Навіны рэгіёна
07.08.2024

Фотавыстава пейзажаў Гродзеншчыны "Край зачаравання" адправілася ў падарожжа па Сібіры

Выстава фотаработ вядомага гродзенскага фотамастака, журналіста, краязнаўца, кіраўніка заслужанага аматарскага калектыву Рэспублікі Беларусь, народнай студыі фотамастацтва "Гродна" Аляксандра Ласмінскага, якая на працягу некалькіх месяцаў экспанавалася ў Беларускім павільёне на ВДНГ у Маскве, адправілася ў расійскі Омск. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведамілі ў фотастудыі "Гродна".

"Гэта збор маіх лепшых работ, прысвечаных роднай зямлі, з цыкла "Гродзеншчына з вышыні птушынага палёту", - расказаў Аляксандр Ласмінскі. - Першыя з іх рабіліся больш як дзесяцігоддзі таму з кабіны самалёта АН-2, пры адкрытых дзвярах, іншых магчымасцей тады не было. Сёння прыйшлі новыя тэхналогіі, і наша зямля становіцца з кожным годам усё прыгажэйшай, таму цыкл прадаўжае напаўняцца. Яго адметнасць - фотаработа "Сэрца зямлі беларускай", якая стала ўжо брэндавай. Гэта адлюстраванне астраўка лесу, які ў форме сэрца расце на дагледжаным беларускім полі. Экспазіцыя складаецца з 30 здымкаў".

Паводле інфармацыі дырэкцыі Беларускага павільёна, на ВДНГ выставу "Край зачаравання" наведалі каля 30 тыс. чалавек. Сярод гасцей былі і сібіракі, якім пейзажы Беларусі прыйшліся даспадобы. Яны звярнуліся да гродзенца з прапановай правесці выставу ў Омскім абласным музеі "Лібераў-цэнтр" у рамках праекта Саюзнай дзяржавы "Масты дружбы".

"Прапанову амічоў прыняў з вялікім захапленнем, - падзяліўся Аляксандр Ласмінскі. - З гэтым расійскім горадам мяне звязваюць у тым ліку і роднасныя сувязі. У трыццатыя гады сям'я майго дзеда пераехала ў Омскую вобласць з Віцебскай вобласці Беларусі. Тут застаўся толькі старэйшы сын - мой бацька. У той час ён ужо быў дырэктарам пачатковай школы. Потым была вайна, фронт, вяртанне на Радзіму. Дзед працаваў чыгуначнікам у Омску, прапускаў літарныя эшалоны на фронт, быў адзначаны ўзнагародай за доблесную працу ў тыле. Сярэдні брат бацькі таксама быў франтавіком. Малодшы брат у 15 гадоў стаў вучнем слесара-зборшчыка на авіязаводзе, дзе працаваў да сямідзесяці гадоў, кіраваў брыгадай па зборцы ракетных рухавікоў. Мае родныя таксама ўбачаць выставу ў Омску, і гэта вельмі радасна, спадзяюся паразмаўляць з імі ў час тэлемоста".

У далейшым фотавыстава прадоўжыць падарожжа па Сібіры.-0-

БЕЛТА - Навiны Беларусi