Начальнік упраўлення спорту і турызму Гродзенскага аблвыканкама Максім Малахоўскі расказаў журналістам, як у Гродне вядзецца падрыхтоўка да ІІ Гульняў краін СНД, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Мы ўжо выходзім на фінальны этап падрыхтоўкі. Засталося літаральна два тыдні да таго, як да нас прыедуць нашы першыя госці, спартыўныя дэлегацыі. У цяжкай атлетыцы ў нас удзельнічае 206 чалавек. Гэта прадстаўнікі афіцыйнай дэлегацыі: спартсмены, трэнеры, урачы, масажысты і міжнародныя суддзі. Для ўдзелу ў спаборніцтвах па хакеі на траве заяўлена 5 каманд сярод жанчын і 6 каманд у мужчын. Агульная колькасць удзельнікаў - каля 150 чалавек", - сказаў Максім Малахоўскі.
Гаворачы аб гатоўнасці спартыўных аб'ектаў да міжнародных спаборніцтваў, начальнік упраўлення адзначыў, што засталіся нязначныя нюансы, якія патрабуюць дашліфоўкі. "Мы практычна ўжо знаходзімся на фінішнай прамой, засталося крыху дашліфаваць, зрабіць брэндзіраванне аб'ектаў. Горад пачынае ўжо набываць святочны спартыўны выгляд. Білборды размешчаны, яшчэ будуць задзейнічаны ўсе святлодыёдныя экраны, на ўездзе ў Гродне гасцей будзе сустракаць роставая фігура рысі, гэта талісман ІІ Гульняў краін СНД", - расказаў ён.
Поўнасцю гатовы базы грамадскага харчавання і пражывання. "Мы таксама забяспечым транспартныя зносіны: складзены графік руху, мікрааўтобусы будуць курсіраваць ад месца пражывання да месца правядзення спаборніцтваў з перыядычнасцю 30-40 мінут на працягу дня", - дадаў ён.
Запланаваны фан-зоны з трансляцыяй спаборніцтваў і цырымоній адкрыцця і закрыцця. "Будуць арганізаваны турыстычныя экскурсіі, распрацаваны спецыяльныя турмаршруты не толькі для ўдзельнікаў каманд, але і для гасцей. Напрыклад, госці нашага горада змогуць трапіць на "Свята мора" на Аўгустоўскім канале, з балотным футболам, заплывам на чым папала", - сказаў начальнік упраўлення.-0-