Гродзенская вобласць і беларусы ніколі больш не будуць разменнай манетай у палітыкаў. Аб гэтым кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка заявіў на цырымоніі ўшаноўвання аграрыяў у час фестывалю-кірмашу "Дажынкі-2024" у Мастах, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ў яго як у чалавека ад зямлі да "Дажынак" асаблівае стаўленне, бо гэта свята - добрае і самае сапраўднае, тое, якое стварыла само жыццё. "Гэта вынік каласальнай працы і радасць ад яе рэзультатаў. Нагода заслужана пахваліць рукі, якія вырошчваюць хлеб і пахнуць хлебам", - падкрэсліў Прэзідэнт.
Ён заўважыў, што Гродзенская вобласць, як у той прыказцы, па памеры самая маленькая, ды ўдаленькая. Гэты рэгіён - адзін з лідараў айчыннага АПК, культурны і духоўны цэнтр, захавальнік некалькіх аб'ектаў са спіса Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА.
"Але ж усяго гэтага магло і не быць. Як і самой вобласці. Мы з вамі гэта добра памятаем і ведаем. Зямля і людзі тут шмат разоў станавіліся разменнай манетай у палітычных гульнях. Прыехаўшы сюды праз шмат гадоў, я павінен сказаць, што больш ніколі Гродзенская вобласць і нашы беларусы, якія жывуць тут (беларуская нацыя - і палякі, і яўрэі, і татары, украінцы, рускія), ніколі больш не будуць разменнай манетай у палітыкаў, - заявіў Аляксандр Лукашэнка. - Але мы тады не страчвалі веры, надзеі, нацыянальнай ідэнтычнасці і ўз'ядналіся ў адзінай Беларусі ў далёкім 39-м годзе мінулага стагоддзя".
У 1990-я гісторыя ледзь не паўтарылася. "Калі тут, як, зрэшты, і па ўсёй краіне, не было ні работы, ні перспектыў, - нагадаў кіраўнік дзяржавы. - Тавары па талонах. Мізэрныя пенсіі, і тыя тыднямі, а тое і месяцамі затрымліваліся. Людзі трапілі ў вельмі цяжкае становішча. У рэгіёне выжывалі за кошт чаўночнага гандлю. Вазілі ў суседнія краіны гарэлку і цыгарэты. На фоне гэтага развалу зноў паспрабавалі разыграць тую самую карту пра "крэсы ўсходнія". Але ў Беларусі мы не дазволілі ўзвысіць прадстаўнікоў адной нацыянальнасці над іншымі. І вы ў Гродне гэта добра ведаеце".-0-