Галоўная / Навіны / Навіны рэгіёна
12.11.2025

“Пакуль будуць сілы, не пакіну гэтую справу”. Трактарыст СВК “Прагрэс-Верцялішкі” Генадзь Радзевіч расказаў, чаму кожны год з нецярпеннем чакае вясну

 IMG_3131.JPG

z7f4sw40ngtuvvla84r5n1qm5k025y4x.png
За плячыма ў Генадзя Радзевіча – 32 гады, праведзеных за “штурвалам” трактара. Гэта час, напоўнены гулам рухавіка, пахам свежаўзаранай зямлі і задавальненнем ад добра выкананай працы. Генадзь Іосіфавіч не з тых, хто мяняе прафесіі як пальчаткі. За тры дзесяцігоддзі ён бачыў, як мяняецца гаспадарка, з’яўляецца новая тэхніка і тэхналогіі, але адно было нязменным заўсёды – яго любоў да зямлі і справы, якую ён некалі выбраў. Нягучна будзе сказана, што Генадзь Іосіфавіч – частка гісторыі СВК “Прагрэс-Верцялішкі”. Чалавек, чыя душа ўкладзена ў кожны каласок, вырашчаны на палях гаспадаркі.

Наканавана лёсам

– Нікога не здзіўлю, калі скажу, што ў сельскую справу я прыйшоў па слядах бацькоў. Ну, а як жа інакш, калі нарадзіўся і вырас я ў звычайнай сям’і, дзе трымалася вялікая хатняя гаспадарка, бацькі працавалі ў калгасе, а дзеці з маленства прывучаліся да працы. Мабыць, і не магло быць па-іншаму, і лёсам мне наканавана прысвяціць сваё жыццё гэтай прафесіі, – дзеліцца Генадзь Радзевіч. 

Малая радзіма нашага героя – Слонімшчына. З гэтым краем, а асабліва з бацькоўскім домам у Генадзя Іосіфавіча звязаны адны з самых шчаслівых успамінаў. Ён добра памятае найпрыгажэйшыя світанкі, калі разам з татам падымаўся на ранішнюю касьбу. Памятае і цеплыя летнія дні, якія праводзіў на камбайне, дапамагаючы калгаснікам падчас уборкі. 

– Трымалі хатнюю гаспадарку, прычым даволі вялікую. Я і малодшая сястра добра ведалі свае абавязкі. Умелі даглядаць за жывёламі, сачылі за парадкам дома і на двары. Не было ніякіх тэлефонаў і інтэрнэту. Затое было шчасце, – гаворыць Генадзь Іосіфавіч. 

Пасля школы Генадзь Радзевіч паступіў у Слонімскае вучылішча на трактарыста. Пасля некаторы час паспеў адпрацаваць у мясцовай гаспадарцы, а затым адправіўся на службу ў армію. Вярнуўшыся дадому, мужчына зноў прыйшоў у сельскую гаспадарку, уладкаваўшыся на торфабрыкетны завод. Праз паўтара года лёс звёў нашага героя з СВК “Прагрэс-Верцялішкі”, якому ён прысвяціў 32 гады свайго жыцця. 

Без яго не абыходзяцца

Пераехаўшы ў Верцялішкі, жыццё Генадзя Радзевіча зайграла новымі фарбамі. Ад гаспадаркі яму выдзелілі кватэру, хутка мужчына стварыў уласную сям’ю. Сёння Генадзь Іосіфавіч мае дваіх дзяцей, ужо падрастаюць унукі. 

У гаспадарцы, дзе працуе наш герой, яго паважаюць і шануюць. Ды і ёсць за што: Генадзь Радзевіч – адзін з нямногіх працаўнікоў калгаса, які верай і праўдай працуе тут ужо не першае дзесяцігоддзе. Без яго ўдзелу ў калгасе не праходзіць ніводная пасяўная і ўборачная кампаніі. Вышэй мы ўжо гаварылі, што іх на рахунку мужчыны ўжо 32. 

На такіх, як Генадзь Іосіфавіч, можна смела спадзявацца, таму яму давяраюць самыя працаёмкія справы. Адна з іх – уборка цукровых буракоў. Дарэчы, за гэтай працай мы і засталі трактарыста, калі прыехалі да яго на размову. Прыйшлося нават крыху пачакаць нашага героя, бо адарвацца ад працы яму было няпроста. 

IMG_3137.JPG

– Цукровыя буракі не самая лёгкая ва ўборцы культура. Каб не сапсаваць ураджай, варта выконваць некалькі правіл. Спачатку трэба роўненька заехаць на зону ўборкі, а пасля зрабіць так, каб камбайн не парэзаў буракі, а акуратна іх выкапаў. Канешне, гэты навык прыходзіць з вопытам, але вялікую ролю адыгрывае і тэхніка, на якой працуеш, – гаворыць субяседнік. – Мой першы трактар быў гусенічным. У параўнанні з тым, на якім я працую сёння, – гэта неба і зямля. Новым тэхналогіям я навучыўся хутка. Яны ў многім спрасцілі нашу працу і станоўча  паўплывалі на вытворчы патэнцыял гаспадаркі. 

У чаканні вясенняга старту

Уборка цукровых буракоў – гэта апошні рывок для працаўнікоў сельскай гаспадаркі. Зусім скора наступіць традыцыйнае зімовае “зацішша”, але і тады трактарыстам хапае працы. Яны занятыя на мехдвары, дзе прыводзяць у парадак тэхніку, якая паспела крыху “падздаць” за час уборачнай кампаніі. Але такая праца не надта па душы нашаму герою. Ён хутчэй чакае вясну, каб зноў выехаць на палявыя прасторы і распачаць сезон. 

– Вы пытаеце, за што люблю сваю працу, а мне складана патлумачыць гэта. Падабаецца і ўсё. Адчуваю спакой, калі праязджаю поле, калі сею будучы ўраджай, а пасля прыбіраю яго. Я люблю зямлю і працую на ёй з задавальненнем. Пакуль будуць сілы, не пакіну гэтую справу, – расказвае трактарыст.  

Акрамя душэўнага спакою, аграрная справа падаравала Генадзю Радзевічу верных сяброў, з якімі ён ужо каторы год плячом да пляча ідзе і па прафесіі, і па жыцці. Дарэчы, не так даўно ён разам з калектывам ездзіў на экскурсію ў Санкт-Пецярбург. Такія паездкі нярэдка арганізуюцца для супрацоўнікаў гаспадаркі і спрыяюць іх эмацыйнай разгрузке і адпачынку. 
Скончыўшы размову, мы традыцыйна зрабілі фотаздымак і развіталіся. Генадзь Іосіфавіч, не губляючы ні хвіліны часу, завёў свой трактар і хутка схаваўся за зялёнымі радамі цукровых буракоў. 
 

Гроденская прауда