Галоўная / Навіны / Навіны рэгіёна
14.07.2021

Рэдкія выданні Алаізы Пашкевіч прадстаўлены на выстаўцы ў Шчучыне

 Рэдкія выданні знакамітай беларускай паэтэсы Алаізы Пашкевіч упершыню прадстаўлены на выстаўцы ў Шчучынскай раённай бібліятэцы, паведамілі БЕЛТА ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі.

"У Шчучыне ўпершыню прадстаўлены арыгінальныя і вельмі рэдкія выданні знакамітай беларускай паэтэсы Алаізы Пашкевіч, больш вядомай пад псеўданімам Цётка. Спецыяльна на святкаванне 145-годдзя з дня яе нараджэння Нацыянальная бібліятэка Беларусі перадала на радзіму пісьменніцы шэраг каштоўных выданняў для знакавай выстаўкі. Яна арганізавана ў Шчучынскай раённай бібліятэцы імя Цёткі", - расказалі ва ўстанове.

У экспазіцыі прадстаўлены зборнікі паэзіі "Скрыпка беларуская", "Хрэст на свабоду", дзіцячыя кнігі "Гасцінец для малых дзяцей", "Першае чытанне для дзетак беларусаў", часопіс для моладзі "Лучынка", нелегальныя выданні "Песні", "Калядная пісанка", лістоўкі і маніфесты. 

Большасць выданняў Алаізы Пашкевіч сёння з'яўляецца бібліяграфічнай рэдкасцю. Многія з іх ствараліся ў перыяд забароны або абмежавання беларускага друку, калі царская цэнзура кантралявала ўсе публікацыі, забараняла многія выдавецкія ініцыятывы, знішчала надрукаваныя тыражы. Частка твораў пісьменніцы выйшлі з несапраўднымі выходнымі данымі або друкаваліся за мяжой. Урон кніжнай спадчыне паэтэсы нанеслі таксама Першая і Другая сусветныя войны.-0-