Галоўная / Навіны / Навіны рэгіёна
07.07.2023

Вершы Янкі Купалы прачытаюць студэнты і выкладчыкі ГрДУ ў дзень нараджэння беларускага класіка

У Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы 7 ліпеня пройдзе акцыя "Чытаем Купалу разам", паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе ВНУ.

У гэты дзень купалаўцы прачытаюць вершы беларускага песняра ў гонар 141-й гадавіны з дня нараджэння беларускага класіка. Імправізаванай сцэнай традыцыйна стане ганак галоўнага - гістарычнага - корпуса ўніверсітэта. Чытаць Янку Купалу будуць студэнты, выкладчыкі, супрацоўнікі ГрДУ. Да акцыі далучыцца і рэктар універсітэта Ірына Кітурка.

"Актывісты заўсёды рыхтуюцца загадзя, чытаюць любімыя радкі на памяць, - расказалі ў прэс-службе ВНУ. - Да паэтычнага чытання ахвотна далучаюцца і тыя, хто не планаваў гэта загадзя, звычайныя гродзенцы і госці горада, якія аказваюцца побач. Для іх спецыяльна падрыхтаваны зборнікі вершаў Купалы, кожны зможа выбраць і прачытаць услых тое, што яму бліжэй".

Акцыя "Чытаем Купалу разам " - студэнцкая ініцыятыва. Гэта праект клуба ВНУ "Жывая гісторыя". 7 ліпеня ў 12.30 Купалаўскія паэтычныя чытанні пройдуць сёмы раз.-0-

БЕЛТА - Навiны Беларусi