 
 Адданая сваёй справе
– Мой тата ўсё сваё жыццё прысвяціў сельскай гаспадарцы. А вось дарэчы і ён, – гаворыць Людміла Тадэвушаўна і паказвае рукой за маё плячо. На момант мне сапраўды здаецца, быццам там нехта стаіць. Але не, за маімі плячыма аказалася вялікая карціна, на якой намаляваны калектыў гаспадаркі некалькі дзясяткаў гадоў таму. Сярод людзей на карціне – бацька Людмілы Тадэвушаўны.– Таты не стала тры гады таму. Мамы таксама ўжо няма. Без іх, канешне, складана, – з горыччу гаворыць жанчына. – Гэты партрэт для мяне вельмі важны. Вось так прыходзіш на працу, а тут тата са мною.
Працоўны стаж Людмілы Жук налічвае амаль 30 гадоў. Першыя тры гады жанчына працавала ў гаспадарцы даяркай, але пасля таго як выйшла замуж і нарадзіла першага сына, стала складана спраўляцца з нагрузкай, ды і працоўны графік даяркі быў не вельмі прыдатны для выхавання дзяцей. Тады Людміла Тадэвушаўна звярнулася да кіраўніцтва з просьбай перавесці яе на іншую працу. Прапанавалі жывёлаводства, і Людміла пагадзілася.
– Гэта таксама фізічна складаная праца, але ў сельскай гаспадарцы лёгка не бывае. Затое ў мяне стала больш часу, каб быць дома, бо калі ты становішся мамай, то павінна як мага больш часу прысвячаць дзецям, – гаворыць Людміла Жук.
Маміна апора і падтрымка
Будучы маладой дзяўчынай, Людміла не думала звязваць сваё жыццё з сельскай гаспадаркай. Яна нават адправілася на вучобу ў Ваўкавыск, але сустрэла будучага мужа, сямейнае жыццё выйшла на першы план. Пасля жаніцьбы на свет з’явіўся іх першы сын – Аляксандр. Тады Людміла думала вярнуцца на вучобу, але муж і мама былі супраць: маўляў, навошта, калі ўжо ёсць сям’я. Людміла паслухалася, але пасля часта сумавала, што не працягнула вучыцца.– Першая цяжарнасць праходзіла вельмі цяжка. Я ляжала ў бальніцы. Дзякуй Богу нарадзіла здаровага хлопчыка. Але зусім скора я даведалася, што зноў чакаю дзіця. Гэта было вельмі хутка пасля першай цяжарнасці. А потым дазналася, што ў мяне двайняты. Спачатку ўрачы казалі, што будзе хлопчык і дзяўчынка, але нарадзіліся двое хлопчыкаў – Аляксей і Алег. Са старэйшым сынам у іх розніца ўсяго 11 месяцаў, – дзеліцца Людміла Жук.
Праз 10 гадоў сумеснага жыцця з мужам іх шляхі разышліся. Людміла працягнула працу жывёлаводам. Адной у вёсцы з трыма дзецьмі Людміле было складана. Пасля працы ў калгасе яна працягвала працаваць дома, выхоўваць дзяцей, даглядаць хатнюю гаспадарку. Канешне, трое сыноў як маглі дапамагалі маме.
– Ведаеце, мне было вельмі важна адчуваць падтрымку. І мае хлопчыкі давалі мне гэта. Калі ёсць упэўненасць, што ты не адна ў гэтым свеце, усе клопаты вырашаюцца, – гаворыць жанчына. – Я і сёння магу пазваніць дзецям, і яны прыедуць, выкапаюць бульбу, прывязуць сена, дзе трэба – пакосяць.
Праз некалькі гадоў Людміла зноў выйшла замуж. У лістападзе яны з мужам адзначаць 19-годдзе сумеснага жыцця. Разам трымаюць вялікую хатнюю гаспадарку: кароў, свіней. Ёсць і агарод, дзе штогадова вырошчваюцца разнастайныя культуры. А яшчэ яны захапляюцца кветкамі, таму на двары прыгожы квятнік.
“Без працы не магу”
Афіцыйна Людміла ўжо некалькі гадоў як на пенсіі, але працу ў калгасе працягвае. Без гэтага жанчына ўжо не прадстаўляе свайго жыцця і пакуль ёсць сілы і жаданне, будзе працаваць. Сёння на комплексе Людміла даглядае прыблізна 150 цялятаў. Да сваёй працы адносіцца з душой. Кароў любіць і вельмі перажывае, калі якая-небудзь з іх хварэе, хвалюецца як за дзяцей.– Дзеці ўжо дарослыя, падаравалі мне 11 унукаў. Я ўсіх вельмі люблю і, каб нікога не пакрыўдзіць, стараюся не абдзяляць іх увагай. Напрыклад, амаль не хаджу да іх у госці. Бо варта только правесці трошкі больш часу з адным унукам, як другія тут жа крыўдзяцца. Каб такога не было, я запрашаю ўсіх сваіх дзяцей да сябе. Тут мы праводзім сямейныя святы, адзначаем дні нараджэння. Заўсёды чакаю іх прыезду, бо тады дом ажывае, – заключыла Людміла Жук.
 
                                     
                                     
                                         
                            
                         
                     
                    