Галоўная / Навіны / Навіны рэспублікі
13.09.2022

Беларускае радыё правядзе эфірную акцыю "Дзень народнага адзінства"

Радыёстанцыі Белтэлерадыёкампаніі 17 верасня напоўняць эфір спецыяльнымі выпускамі перадач, прамымі ўключэннямі і трансляцыямі са святочных мерапрыемстваў у сталіцы і рэгіёнах краіны. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе Белтэлерадыёкампаніі.

Першы нацыянальны канал Беларускага радыё раскрые гістарычныя аспекты свята ў спецыяльным публіцыстычным праекце "Мы - Беларусь!". Праграма "Актуальны мікрафон" збярэ экспертаў на дыскусію аб адзінстве нацыі. Розныя пункты гледжання аб асновах нашай дзяржавы з улікам вопыту пакаленняў і гістарычных традыцый будуць прадстаўлены таксама на YouTube-канале. Журналісты інфармацыйнай службы ў выпусках навін падвядуць вынікі рэспубліканскай акцыі "Беларусь адзіная", тэматычных мерапрыемстваў грамадскіх аб'яднанняў "Белая Русь" і "Патрыёты Беларусі", Беларускага саюза жанчын і БРСМ. Прамыя ўключэнні і рэпартажы са сталіцы і рэгіёнаў будуць гучаць на працягу ўсяго святочнага дня.

Пра стаўленне сучаснай моладзі да гісторыі сваёй краіны пойдзе размова ў "Сямейнай праграме" з удзелам школьнікаў. У інтэрактыўных праектах будуць прадстаўлены апытанні пра значэнне свята і пра тое, што беларусы ўкладваюць у паняцце адзінства.

На радыёстанцыі "Сталіца" прагучаць тэматычныя рубрыкі "Аднойчы ў гісторыі" пра падзеі, якімі было адзначана ўз'яднанне Беларусі. У праекце "Жыў-быў горад" слухачы азнаёмяцца з горадам Глыбокае, віртуальную прагулку па якім аўтары праграмы пачнуць з плошчы 17 верасня. Тут на працягу многіх стагоддзяў гарманічна суседнічаюць розныя аб'екты гісторыка-культурнай спадчыны.

Канал "Культура" ў святочны дзень упрыгожаць тэматычныя выпускі праграмы "Прачулым радком", у якіх прагучаць вершы народнага паэта Максіма Танка, паэтаў Піліпа Пестрака, Міхася Машары, Валянціна Таўлая - заходнебеларускіх літаратараў, якія ў сваёй творчасці і грамадскай дзейнасці віталі вызваленчы паход Чырвонай Арміі і аб'яднанне беларускіх зямель. У музычных перадачах прагучаць фондавыя запісы твораў беларускіх кампазітараў у выкананні хору пад кіраўніцтвам выдатнага дзеяча беларускай культуры дырыжора, этнографа народнага артыста Беларусі і народнага артыста СССР Рыгора Шырмы.

Эфір радыёстанцыі "Радыус-FM" напоўняць выпускі навін, у якіх у рэжыме рэальнага часу будзе расказвацца, як і дзе адзначаецца свята. Больш падрабязную інфармацыю аб святочных мерапрыемствах прадставяць вядучыя ранішняга і дзённага інтэрактыўных праектаў. На працягу дня будзе выходзіць тэматычная рубрыка пра герояў, факты і падзеі ў гісторыі ўз'яднання беларускага народа.

Міжнароднае радыё "Беларусь" раскажа замежным слухачам на дзевяці мовах вяшчання пра значэнне Дня народнага адзінства для беларускага народа. Удзельнікамі перадач "Праз прызму падзей", "Беларусь між народамі", "Грамадзянская супольнасць", "Беларусь ад А да Я", "Разам", "Беларусь сёння" стануць палітолагі, гісторыкі, прадстаўнікі грамадскіх арганізацый.

Акцыя "Дзень народнага адзінства" пройдзе і ў эфіры рэгіянальных радыёстанцый Белтэлерадыёкампаніі "Радыё Брэст", "Горад FM", "Радыё Віцебск", "Радыё Гомель", "Гомель+", "Радыё Гродна", "Радыё Магілёў" ва ўсіх абласцях краіны.-0-

БЕЛТА - Навiны Беларусi