Галоўная / Навіны / Навіны рэспублікі
16.10.2025

Галоўчанка: каб выканаць асноўныя задачы ў эканоміцы на 2026 год, давядзецца сур'ёзна папацець

 
16 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Каб выканаць асноўныя задачы ў эканоміцы на 2026 год, давядзецца сур'ёзна папацець. Такое меркаванне выказаў журналістам старшыня праўлення Нацыянальнага банка Раман Галоўчанка па выніках нарады ў Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі аб праектах прагнозных дакументаў на 2026 год, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

На думку Рамана Галоўчанкі, асноўныя паказчыкі сацыяльна-эканамічнага развіцця, якія закладзены ў адпаведным праекце ўказа кіраўніка дзяржавы і абмяркоўваліся на мерапрыемстве, могуць здацца на першы погляд недастаткова напружанымі, таму што арыфметычна меншыя за тыя, што былі ў папярэднія гады. "Але на тое ёсць свае прычыны. Гэта і складаная міжнародная абстаноўка, гандлёвыя войны, дастаткова істотнае ахаладжэнне расійскай эканомікі, нашага асноўнага гандлёвага партнёра. На гэтым фоне задачы выглядаюць даволі напружанымі", - лічыць Раман Галоўчанка.

"Задачы (такія. - Заўвага БЕЛТА), што трэба сур'ёзна папацець, каб іх выканаць, нават калі яны, можа, здаюцца не такімі вялікімі. Але ў прынцыпе яны не меншыя, чым тэмпы росту эканомік самых развітых краін", - сказаў кіраўнік Нацбанка.

Разам з тым пры вызначэнні задач на перспектыву ні ў якім разе нельга зніжаць планку, спасылаючыся на складаную абстаноўку вакол або, напрыклад, на прасяданне расійскага рынку, упэўнены Раман Галоўчанка. "Трэба і на расійскім рынку працаваць вельмі напружана (у расійскіх рэгіёнах патэнцыялу яшчэ дастаткова, таму трэба проста больш актыўна, дынамічна з імі працаваць). І астатні свет вялікі. У нас ёсць добрыя прыклады, як літаральна за некалькі гадоў мы раскручваем рэгіёны, з якімі раней былі толькі фрагментарныя кантакты", - звярнуў увагу кіраўнік Нацбанка.

Паводле яго слоў, Нацыянальны банк удзельнічаў у адпрацоўцы ўсіх прагнозных дакументаў на перспектыву (не толькі ў частцы, якая датычыцца грашова-крэдытнай палітыкі), вызначэнні ключавых эканамічных паказчыкаў і бюджэту, падатковай палітыкі. "Прынцыповых рознагалоссяў ніякіх няма. Мы падтрымліваем тыя мэты, якія сфармуляваны ў праекце ўказа кіраўніка дзяржавы", - заўважыў Раман Галоўчанка.

Як паведамлялася, Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на нарадзе 16 кастрычніка падкрэсліў, што прагнозныя паказчыкі на 2026 год павінны ўтрымліваць рэалістычны, але напружаны сцэнарый. Урад прапануе вызначыць паказчык росту эканомікі ў наступным годзе на ўзроўні 102,8 працэнта, інфляцыя прагназуецца да 7 працэнтаў.-0-
X