Галоўная / Навіны / Навіны рэспублікі
13.04.2020

Качанава: беларускія медыкі ведаюць, што і як рабіць у сітуацыі з COVID-19

Беларускія медыкі дакладна ведаюць, што і як рабіць у сітуацыі з COVID-19. Такое меркаванне 12 красавіка ў праграме "Галоўны эфір" на тэлеканале "Беларусь 1" выказала старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава, паведамляе БЕЛТА.

Старшыня Савета Рэспублікі падкрэсліла, што беларускай сістэме аховы здароўя не патрэбны лішні кантроль. "Сёння не трэба перашкаджаць нашай сістэме аховы здароўя. Там дакладна ведаюць, што трэба рабіць, як трэба рабіць", - сказала яна.

Наталля Качанава сустракалася ў Мінску з простымі ўрачамі, якія працуюць на перадавой, ратуюць жыцці. Яна прызналася, што ганарыцца гэтымі адданымі сваёй прафесіі людзьмі, якія працуюць з поўнай самааддачай.

Спікер нагадала, што кіраўнік дзяржавы паставіў задачу забяспечыць медыкаў усім неабходным, перш за ўсё індывідуальнымі сродкамі аховы. "Сёння мы ўсе працуем на тое, каб гэта было", - адзначыла яна. У Мінску, напрыклад, выдзелены гасцініцы, у якіх размяшчаюць медыкаў, забяспечваючы іх бясплатным харчаваннем, арганізуючы падвоз да работы і назад.

Кіраўнік верхняй палаты беларускага парламента заклікала журналістаў пазбягаць распаўсюджвання недакладнай інфармацыі. "Нельга сёння ўкідваць фэйкі, якія зневажаюць і крыўдзяць гэтых людзей", - дадала яна.

У Беларусі з 8 па 11 красавіка працавала місія СААЗ. Эксперты прыбылі ў краіну па запрашэнні Прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі. Кіраўнік дзяржавы прыняў такое рашэнне, каб развеяць сумненні ў пэўнай часткі грамадства наконт прымаемых у Беларусі мер супраць каранавіруса. Насуперак скептычным меркаванням некаторых журналістаў, місія не прытрымлівалася нібы загадзя падрыхтаванай для яе праграмы. Эксперты вывучылі статыстыку і адправіліся ў самыя праблемныя рэгіёны, наведаўшы медыцынскія ўстановы ў Мінску і Віцебску.

З місіяй СААЗ сустрэлася ў Мінску і Наталля Качанава. Паводле яе слоў, размова працягвалася больш за гадзіну. "Яны гаварылі аб сваіх уражаннях, аб тым, што мы сапраўды адкрыты і ўсё, што сёння робіцца ў краіне, заслугоўвае ўсялякай павагі", - расказала спікер. Эксперты СААЗ адзначылі сумленную, адкрытую, прыстойную работу айчынных медыкаў і выказалі пажаданне, каб пра яе больш расказвалі простым беларусам.-0-

НАВIНЫ БЕЛАРУСI