Галоўная / Навіны / Навіны рэспублікі
22.12.2021

Лукашэнка аб значэнні губернатараў: гэта ключавая пасада ў нашай дзяржаве

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ў час сустрэчы з актывам Гомельскай вобласці падкрэсліў важную ролю губернатараў у сістэме кіравання дзяржавай, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Без губернатараў, без выканкама не зможам кіраваць краінай. Гэта ключавая пасада ў нашай дзяржаве. Сем чалавек (кіраўнікоў аблвыканкамаў і Мінскага гарвыканкама. - Заўвага БЕЛТА) - яны павінны быць як крэмень", - заявіў беларускі лідар.

Кіраўнік дзяржавы ахарактарызаваў новага губернатара Гомельскай вобласці Івана Крупко як вельмі падрыхтаванага і адукаванага спецыяліста, удумлівага чалавека. Паводле слоў Прэзідэнта, ён і не хацеў, каб Іван Крупко пакідаў пасаду міністра сельскай гаспадаркі і харчавання, але ўсё ж такі пры выбары новага старшыні Гомельскага аблвыканкама было прынята рашэнне спыніцца на яго кандыдатуры.

На гэту пасаду разглядаліся некалькі чалавек, і, як прызнаўся Аляксандр Лукашэнка, ён вагаўся да апошняга моманту. На канчатковае рашэнне паўплывала абяцанне віцэ-прэм'ера, упаўнаважанага Прэзідэнта ў Гомельскай вобласці Юрыя Назарава аказаць усялякую падтрымку Івану Крупко пры рабоце ў гэтым рэгіёне. "І вось гэта звязка (я ж іх абодвух ведаю) адыграе сваю ролю", - упэўнены Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт расказаў, як Іван Крупко на пасадзе міністра сельскай гаспадаркі і харчавання пачаў паспяхова разбірацца з сітуацыяй у жывёлагадоўлі, падзяжом жывёлы ў гаспадарках. Цяпер свой вопыт ён прыменіць і пры рабоце ў вобласці.

Пры гэтым асаблівую ўвагу кіраўнік дзяржавы звярнуў таксама на работу сілавых структур у рэгіёне - яна павінна ісці ў звязцы з мясцовымі ўладамі і ў інтарэсах рэгіёна і краіны ў цэлым. Праваахоўныя і следчыя органы, пракуратура, МУС, упраўленні КДБ у Беларусі маюць незалежны статус (залежаць яны толькі ад закону), у іх свая вертыкаль кіравання, заўважыў Прэзідэнт. Разам з тым ён указаў на адказнасць праваахоўнікаў за абстаноўку і парадак у рэгіёне. "Улічыце: яны ўсе члены выканкама. Я іх зацвярджаю як членаў выканкама. І рашэнні выканкама - закон для ўсіх праваахоўных органаў. Калі вы, даючы ўказанні, парушаеце закон, яны, вядома, неадкладна даложаць міністру, міністр праінфармуе мяне, - сказаў беларускі лідар. - Але гомельская праваахоўная сістэма павінна працаваць на Гомельскую вобласць і на краіну ў цэлым. Я хачу, каб гэта пачулі людзі ў пагонах і вы гэта ўлічылі".-0-

БЕЛТА - Навiны Беларусi