Галоўная / Навіны / Навіны рэспублікі
28.10.2025

Лукашэнка абазначыў прапановы Беларусі па мірным парадку дня. У фокусе санкцыі, міграцыя, ШІ

 
28 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на ІІІ Мінскай міжнароднай канферэнцыі па еўразійскай бяспецы абазначыў ключавыя прапановы краіны па мірным парадку дня, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што ў гэтым годзе споўнілася 80 гадоў ААН, Хельсінкскаму заключнаму акту - 50 гадоў. "Таму рэформы ключавых міжнародных інстытутаў абмяркоўваюць не адно дзесяцігоддзе, а праблемы не вырашаюцца", - заўважыў Аляксандр Лукашэнка, падкрэсліўшы, што прыхільнасць Беларусі да справы міру не пустая рыторыка, а аб'ектыўная неабходнасць. Гэтак жа і для ўсёй Еўразіі, акрамя, зрэшты, краін Захаду.

Прэзідэнт абазначыў чатыры прапановы краіны для пашырэння мірнага парадку дня.

Першая датычыцца прадуктаў харчавання і медыкаментаў - неабходна забарона на ўвядзенне любых санкцый, у тым ліку другасных, адносна гэтых пазіцый. "Вынік размахвання гэтай дубінай бачны ўсім: эканамічны крызіс, абвастрэнне сацыяльных супярэчнасцей, правакаванне ўнутраных і міжнародных канфліктаў", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Другая прапанова Беларусі - па абароне крытычнай міжнароднай інфраструктуры: газа- і нафтаправодаў, інтэрнэт-кабеляў, АЭС. "Забарона на дзеянні супраць гэтых аб'ектаў павінна быць адназначнай. І ў гэтым зацікаўлены ўсе краіны свету, нават тыя, якія сёння трактуюць падрыў газаправода як подзвіг. У любых сітуацыях трэба абменьвацца данымі, забяспечваць іх фізічную недатыкальнасць і бесперабойную работу", - падкрэсліў беларускі лідар.
Пераадоленне міграцыйнага крызісу - трэцяя прапанова, агучаная кіраўніком дзяржавы. "З тым, што Захад нарабіў у краінах зыходу, ён павінен разабрацца сам. Што датычыцца наступстваў. Мы гатовы працаваць у тым фармаце, які доўгі час забяспечваў кантроль за сітуацыяй для абодвух бакоў", - сказаў Прэзідэнт.

"Трэба дамаўляцца, напрыклад, у рамках глабальнай здзелкі. Падыход Прэзідэнта Трампа "ўсё на ўсё" мы можам абмяркоўваць і з ЗША, і з Еўропай (як і любая іншая краіна)", - дадаў Аляксандр Лукашэнка.

Відавочна, паводле яго слоў, што неабходна адзіная сістэма праверкі мігрантаў, узмацненне барацьбы са злачыннымі групоўкамі гандляроў людзьмі, паскарэнне працэдур дэпартацыі парушальнікаў.

У якасці чацвёртай ініцыятывы Прэзідэнт абазначыў неабходнасць прыняцця мер у галіне штучнага інтэлекту. "Некіруемая гонка ў гэтай сферы ператварае яго з карыснага рэсурсу ў зброю. У перспектыве - масавага паражэння", - перасцярог кіраўнік дзяржавы.

У сувязі з гэтым ён нагадаў аб прапанове Беларусі сумежным краінам стварыць пояс лічбавага добрасуседства. "Час гэтым поясам аб'яднаць усю Еўразію. І ўлічыць прынцыпы лічбавага суверэнітэту і нейтралітэту ў нашай будучай Хартыі шматпалярнасці і разнастайнасці ў бягучым стагоддзі", - упэўнены Прэзідэнт.
На заканчэнне Аляксандр Лукашэнка яшчэ раз падзякаваў усім удзельнікам канферэнцыі за тое, што яны, нягледзячы ні на што, дабраліся да Мінска, а таксама пажадаў плённай працы і разважлівых ідэй, якія цяпер так патрэбны.
X