Лукашэнка прапанаваў Расіі аб'яднаць намаганні ў сферы біятэхналогій
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка прапанаваў расійскаму боку аб'яднаць намаганні ў сферы біятэхналогій, у прыватнасці па сумеснай рабоце Беларускай нацыянальнай біятэхналагічнай карпарацыі (БНБК) з аналагічнымі прадпрыемствамі ў Расіі. Аб гэтым кіраўнік дзяржавы заявіў 27 ліпеня на сустрэчы з паўнамоцным прадстаўніком Прэзідэнта Расіі ў Цэнтральнай федэральнай акрузе Ігарам Шчогалевым, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Адзначалася, што ў час візіту ў Беларусь Ігар Шчогалеў наведаў БНБК і станоўча ацаніў беларускі вопыт у гэтай сферы.
"Добра, што пабывалі на БНБК. Хацеў вас прасіць, каб вы нам дапамагалі ў тым плане, каб мы аб'ядналі намаганні. Таму што ў вашай акрузе нямала зроблена ў гэтым напрамку, - сказаў беларускі лідар. - І ўсё, што ёсць у Расіі ў гэтым плане, асабліва ў вашай акрузе, і ў Беларусі, павінна працаваць у адзіным рэчышчы".
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што стваралася БНБК у супрацоўніцтве з Кітаем і Беларусь удзячная за дапамогу ў будаўніцтве і забеспячэнні сучаснымі тэхналогіямі. У сферы біятэхналогій у беларускага боку раней было некаторае адставанне, але многія напрацоўкі, якія існавалі ў Савецкім Саюзе, атрымалі развіццё ў Расіі. "Мы крыху, вядома, упусцілі, адсталі. Нешта ў Савецкім Саюзе рабілі, але яно засталося ў Расіі, дзякуй богу", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Працэс станаўлення БНБК, паводле слоў Прэзідэнта, не заўсёды быў простым, але цяпер прадпрыемства вядзе самастойную дзейнасць і гатова працаваць разам з Расіяй на адзінай саюзнай прасторы. На прадпрыемстве рэалізаваны першая і другая чэргі, цяпер вядуцца работы па трэцяй - больш паглыбленай мікрабіялагічнай перапрацоўцы збожжа. "Мы стварылі БНБК, два этапы прайшлі, цяпер трэці - больш глыбокі. З Расіяй мы на гэтай базе можам нешта зрабіць талковае", - перакананы кіраўнік дзяржавы.
Тэхналогіі глыбокай перапрацоўкі збожжа даюць магчымасць ствараць прадукт з высокай дабаўленай вартасцю, які можна выгадна экспартаваць, а таксама выкарыстоўваць для патрэб айчыннай прамысловасці, не закупляючы па імпарце. На гэта звярнуў увагу ў час сустрэчы Ігар Шчогалеў. "Мы гэтага і хочам, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Хочам, каб гэта была глыбокая перапрацоўка. І не толькі збожжавых каласавых. Можа, кукурузы".
"Ведаю, у вас (у Расіі. - Заўвага БЕЛТА) пэўны вопыт ужо назапашаны. Трэба аб'ядноўвацца і працаваць разам", - падкрэсліў Прэзідэнт.
У гэтым плане ёсць што прапанаваць і беларускаму боку. У прыватнасці, калі ў Расіі ўзніклі праблемы з пастаўкамі кармоў для рыбаводчай галіны, Беларусь падставіла плячо: вытворчасць такіх кармоў ужо асвоена ў БНБК на добрым узроўні, за кошт чаго забяспечваецца і ўнутраны рынак, і значныя партыі ідуць на продаж у Расію.
Асобны акцэнт кіраўнік дзяржавы зрабіў на развіцці прамых сувязей паміж прадпрыемствамі і рэгіёнамі Беларусі і Расіі, што дае магчымасць істотна павысіць іх эфектыўнасць, павялічыць хуткасць рэалізацыі праектаў і ўвасаблення ў жыццё рашэнняў, прынятых на ўзроўні кіраўніцтва дзвюх краін. "Вы бачыце, у нас выдатныя адносіны (паміж кіраўніцтвам Беларусі і Расіі. - Заўвага БЕЛТА), дружалюбныя кантакты, але ўсё роўна бюракратыя працуе. Таму лепш выходзіць непасрэдна. Мы гэта зразумелі ў супрацоўніцтве з Кітаем, з Казахстанам - пераносім вопыт рэгіянальнага супрацоўніцтва", - сказаў Аляксандр Лукашэнка. Нядаўна, напрыклад, праходзіў Форум міжрэгіянальнага супрацоўніцтва Расіі і Казахстана, дзе правялі перагаворы прэзідэнты Уладзімір Пуцін і Касым-Жамарт Такаеў. У адносінах Расіі і Беларусі такія мерапрыемствы ўжо сталі традыцыйнымі. "У нас гэта даўно. Мы з Расіяй заканадаўцы гэтай моды", - заўважыў кіраўнік дзяржавы.
Яшчэ адзін прыклад - супрацоўніцтва з Калужскай вобласцю, з губернатарам якой Прэзідэнт праводзіў сустрэчу раней у гэты ж дзень. Узаемадзеянне з кіраўнікамі расійскіх рэгіёнаў адбываецца рэгулярна. "Нам у гэтым напрамку трэба рухацца - развівацца разам. Я вельмі спадзяюся, Ігар Алегавіч, што з вашай дапамогай мы гэта зможам пераадолець (Калужская вобласць уваходзіць у ЦФА. - Заўвага БЕЛТА), - адзначыў беларускі лідар. - Нам непасрэдна трэба дзейнічаць. Добра, што вы прыехалі. Гэта добры пачатак, таму што мы звычайна з вобласцю супрацоўнічаем, а тут ужо шэраг абласцей, прытым цэнтральны рэгіён". У сваю чаргу Ігар Шчогалеў таксама адзначыў вялікія перспектывы для супрацоўніцтва з Беларуссю ў сферы біятэхналогій. Наведванне БНБК пакінула ў паўнамоцнага прадстаўніка Прэзідэнта Расіі па Цэнтральнай федэральнай акрузе самыя станоўчыя ўражанні. Ён звярнуў увагу на кваліфікаваны і матываваны персанал, а таксама высокую якасць выпускаемага прадукту. "Гэта ўсяляе ўпэўненасць у тым, што харчовая бяспека і Беларусі, і Саюзнай дзяржавы на гэтым напрамку ў надзейных руках. Ёсць сапраўды велізарныя перспектывы для супрацоўніцтва", - згадзіўся Ігар Шчогалеў.
Дарэчы, паўнамоцны прадстаўнік Прэзідэнта Расіі, калі быў маладым журналістам ТАСС, прыязджаў на стажыроўку ў БЕЛТА, таму Мінск яму даволі добра знаёмы. "З аднаго боку, усё вядома, а з другога боку, горад увесь час мяняецца", - падзяліўся ўражаннямі ад наведвання беларускай сталіцы Ігар Шчогалеў.
У свой цяперашні прыезд ён таксама наведаў храм-помнік у гонар Усіх Святых. "Праведзена неверагодная, велізарная работа. Гэта вельмі каштоўна і для народнай памяці, і для выхавання падрастаючага пакалення. Мне здаецца, ён заслугоўвае таго, каб туды вадзілі ўсе дэлегацыі, якія прыбываюць", - дадаў Ігар Шчогалеў.