Галоўная / Навіны / Навіны рэспублікі
07.12.2021

Лукашэнка сустрэўся з ганаровым консулам Беларусі ў Сербіі Драгамірам Карычам

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з ганаровым консулам Беларусі ў Бялградзе, старшынёй групы дружбы з Беларуссю ў парламенце Сербіі Драгамірам Карычам, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Што датычыцца адносін з роднай Сербіяй, я думаю, праблем практычна няма, - сказаў кіраўнік дзяржавы. - Шчыра гавару, што ў тым ліку і дзякуючы вашым памкненням і такой напорыстасці ў нас добрыя адносіны. Таму што, я памятаю, і з былым Прэзідэнтам (Сербіі. - Заўвага БЕЛТА), і з цяперашнім мы сустракаліся - ты заўсёды падштурхоўваў і мяне, і свайго Прэзідэнта. Хоць я ж таксама не чужы для цябе Прэзідэнт".

"Не. Магу сказаць - мой", - адказаў Драгамір Карыч.

"Я згодны. Таму сапраўды ад цябе ініцыятыва заўсёды зыходзіла. І я вельмі рады, што вы прызямліліся ў Беларусі, знайшлі сваё месца, працуеце. У Беларусі вас вельмі добра ведаюць. Мне здаецца, што самая вядомая будаўнічая кампанія - гэта ваша. Нават нашы кампаніі менш вядомыя. Яна распіярана, раскручана, ды і якасна будуе", - сказаў беларускі лідар.

Ён адзначыў, што заўсёды захапляўся югаслаўскімі будаўнікамі. "І вось вам удалося тую якасць узняць на больш высокі ўзровень. І камфорт, і якасць, і адказнасць - усё гэта прысутнічае ў вас. Але часам у тэрміны не ўкладваюцца, так?" - заўважыў кіраўнік дзяржавы.

"Ідзём хутчэй за тэрмін", - адразу запэўніў Драгамір Карыч.

"Па асобных аб'ектах (пытанні па тэрмінах. - Заўвага БЕЛТА)", - удакладніў старшыня Мінгарвыканкама Уладзімір Кухараў.

"Таму мы рады, што ў нас ёсць такая кампанія, якая эфектыўна працуе. Ну а па больш канкрэтных пытаннях і па кампаніі, мы сёння якраз і сустрэліся для таго, каб пагаварыць", - прадоўжыў Аляксандр Лукашэнка.-0-

БЕЛТА - Навiны Беларусi