Галоўная / Навіны / Навіны рэспублікі
07.06.2023

Маштабнае адкрыццё 5 жніўня, яркі фінал 13-га. Петрышэнка аб падрыхтоўцы II Гульняў краін СНД

Намеснік прэм'ер-міністра Ігар Петрышэнка назваў даты правядзення, асноўныя лакацыі і віды спорту, за перамогу ў якіх паспрачаюцца ўдзельнікі II Гульняў краін СНД, паведамляе БЕЛТА.

Віцэ-прэм'ер нагадаў, што рашэнне аб правядзенні ў Беларусі II Гульняў краін СНД прынята ў снежні 2021 года. Яркае маштабнае адкрыццё запланавана на 5 жніўня, урачыстае закрыццё спартыўнага свята намечана на 13 жніўня. У Міністэрстве культуры рыхтуюць запамінальнае дзейства, дабаўляюць арыгінальныя штрыхі ў праграму, якая прыемна здзівіць гасцей і ўдзельнікаў II Гульняў краін СНД.

"Канцэпцыя Гульняў прадугледжвае правядзенне спартыўных мерапрыемстваў па 20 відах спорту ва ўсіх рэгіёнах краіны. Усяго будуць задзейнічаны 11 гарадоў. На сёння падрыхтоўка да Гульняў знаходзіцца на завяршальным этапе", - сказаў Ігар Петрышэнка.

Адносна відаў спорту, па якіх пройдуць спаборніцтвы, намеснік прэм'ер-міністра падкрэсліў, што ў верасні 2022 года ў Ташкенце была зацверджана праграма Гульняў. З 18 відаў спорту, прадстаўленых на I Гульнях краін СНД у Казані, у праграму ўключаны 9: баскетбол 3х3, бокс, барацьба (вольная, грэка-рымская і жаночая), мастацкая гімнастыка, дзюдо, міні-футбол, самба, кулявая стральба і тайландскі бокс. Да таго ж упершыню на Гульнях будуць прадстаўлены валейбол, гандбол, каратэ, лёгкая атлетыка, пляжны валейбол і футбол, плаванне, сучаснае пяцібор'е, стральба з лука, цяжкая атлетыка, хакей на траве.

За медалі Гульняў пазмагаюцца спартыўныя дэлегацыі Беларусі, Азербайджана, Арменіі, Казахстана, Кыргызстана, Расіі, Таджыкістана, Туркменістана і Узбекістана. Узгоднена таксама запрашэнне каманд з дзяржаў, якія не з'яўляюцца ўдзельніцамі СНД. Так, прапрацоўваецца пытанне аб удзеле ў асобных відах спорту дэлегацый з Бахрэйна, Егіпта, Ірана, Кітая, Кубы, Лівана, Сірыі і іншых краін, дапоўніў намеснік прэм'ер-міністра.

Пададзена ўжо больш за 2 тыс. заявак ад спартсменаў. Напрыклад, прадстаўнікі Расіі заявіліся на ўдзел ва ўсіх відах спорту. Заяўкі прадаўжаюць паступаць.

Усе актуальныя навіны па тэме публікуюць на афіцыйным сайце Гульняў, а таксама ў акаўнтах у сацсетках і мэсэнджарах. Створаны таксама YouTube-канал, дзе ў анлайн-рэжыме можна будзе паглядзець трансляцыі ўсіх спартыўных спаборніцтваў Гульняў.

Ужо стартавалі тэставыя спаборніцтвы па відах спорту, уключаных у праграму Гульняў. Гэты этап дазволіць ацаніць гатоўнасць фізкультурна-спартыўных збудаванняў, работы судзейскага корпуса і валанцёрскай групы.-0-

БЕЛТА - Навiны Беларусi