Галоўная / Навіны / Навіны рэспублікі
03.06.2020

Мінадукацыі: у аздараўленчай кампаніі - 2020 галоўны акцэнт зроблены на бяспецы дзяцей

У аздараўленчай кампаніі - 2020 галоўны акцэнт зроблены на бяспецы дзяцей, заявілі карэспандэнту БЕЛТА ў прэс-службе Міністэрства адукацыі.

"Для навучэнцаў 1-8 і 10-х класаў пачаліся летнія канікулы. Як іх правесці - кожны вырашыць сам. Але разам з тым Міністэрства адукацыі звяртае ўвагу на неабходнасць прыняцця вычарпальных мер па гарантаванні бяспечнай жыццядзейнасці дзяцей у перыяд летніх канікулаў і летняй аздараўленчай кампаніі. Неабходна забяспечыць кантроль за выкананнем правіл бяспечных паводзін і стварыць бяспечныя ўмовы ў месцах адпачынку і аздараўлення дзяцей. Неабходна таксама дадаткова правесці растлумачальную работу з арганізатарамі дзіцячага адпачынку і аздараўлення, кіраўнікамі выхаваўча-аздараўленчых устаноў і агульнай сярэдняй адукацыі, - расказалі ў прэс-службе. - Галоўнае ў летняй аздараўленчай кампаніі - бяспека дзяцей".

У ведамстве адзначылі, што падрыхтоўка да летняга аздараўленчага сезона вялася на працягу ўсяго навучальнага года. Сумесна з органамі кіравання адукацыяй вывучалася рэальная патрэбнасць у аздараўленні дзяцей у лагерах з кругласутачным і дзённым знаходжаннем. Асаблівы акцэнт зроблены на забеспячэнні пуцёўкамi ў аздараўленчыя лагеры дзяцей са шматдзетных сем'яў, сірот, дзяцей з апякунскіх сем'яў і якія маюць патрэбу ў дзяржаўнай абароне. Аздараўленчыя лагеры з дзённым знаходжаннем пачалі працаваць ужо з 1 чэрвеня па заяўным прынцыпе, лагеры з кругласутачным знаходжаннем прымуць дзяцей на адпачынак пасля 15 чэрвеня з улікам эпідсітуацыі ў канкрэтным рэгіёне. Адукацыйна-аздараўленчыя цэнтры з круглагадовым функцыянаваннем адкрылі летнюю аздараўленчую кампанію 27 мая (НДЦ "Зубраня" і ААЦ "Лідар" камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама).

Прымаюцца неабходныя меры па арганізацыі лагераў ваенна-патрыятычнага і абаронна-спартыўнага профілю для непаўналетніх, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы або ў адносінах да якіх праводзіцца індывідуальная прафілактычная работа. Традыцыйна будзе працаваць лагер "Патрыёт" на базе дзіцячага рэабілітацыйна-аздараўленчага цэнтра "Расток", які арганізуецца камітэтам адукацыі Мінгарвыканкама сумесна з МУС. Акрамя таго, ва ўзаемадзеянні з падраздзяленнямі сіл спецыяльных аперацый Узброеных Сіл, якія дыслацыруюцца ў Мар'інай Горцы, плануецца правядзенне ваенна-патрыятычнага лагера для выхаванцаў спецыяльных вучэбна-выхаваўчых устаноў, непаўналетніх Мінскай вобласці, у адносінах да якіх праводзіцца індывідуальная прафілактычная работа, а таксама выхаванцаў лячэбна-выхаваўчай установы "Крывіцкае дзяржаўнае спецыяльнае прафесійна-тэхнічнае вучылішча нумар 3 закрытага тыпу". Усяго плануецца задзейнічаць 100 дзяцей і падлеткаў з гэтых катэгорый.

Прадугледжаны стабільны рэжым функцыянавання ўстаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі ў летні перыяд і правядзенне заняткаў аб'яднанняў па інтарэсах розных профіляў па гібкіх графіках работы, у тым ліку ў рэжыме анлайн. Акрамя таго, Міністэрства адукацыі распрацавала метадычныя рэкамендацыі "У дапамогу арганізатарам летняга аздараўлення" і падрыхтавала памяткі "Бяспечнае лета" для дзяцей, супрацоўнікаў і бацькоў.-0-

НАВIНЫ БЕЛАРУСI