Рэспубліканскае палотнішча "Беларусь памятае!" пранясуць у час парада 9 Мая ў Мінску, паведаміў сёння журналістам першы сакратар ЦК БРСМ член Савета Рэспублікі Дзмітрый Варанюк у час старту On Air марафону "Беларусь памятае. Кветкі Вялікай Перамогі", перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"У Дзень Перамогі на парадзе актывісты БРСМ пранясуць рэспубліканскае палотнішча "Беларусь памятае!" з імёнамі герояў Савецкага Саюза і поўных кавалераў ордэна Славы, удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны - беларусаў і ўраджэнцаў Беларусі. Гэта тыя людзі, якія 75 гадоў таму вызвалялі нашу краіну", - сказаў Дзмітрый Варанюк.
Палотнішча "Беларусь памятае!" створана Беларускім рэспубліканскім саюзам моладзі ў час правядзення маладзёжнага марафону "75" і прысвечана 75-й гадавіне вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне. Яно ўяўляе сабой чырвона-зялёнае палатно з надпісам "1941 Беларусь памятае 1945" памерам 6 x 12 м, якое складаецца з 482 адрэзкаў з нанесенымі імёнамі вызваліцеляў.
У выніку пошукава-даследчай работы па вывучэнні біяграфій герояў-землякоў моладзь сабрала інфармацыю аб 411 Героях Савецкага Саюза (у тым ліку аб чатырох двойчы Героях Савецкага Саюза) і 71 поўным кавалеры ордэна Славы - беларусах і выхадцах Беларусі.
Пасля ўдзелу ў парадзе палотнішча "Беларусь памятае!" будзе перададзена на захоўванне ў Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны.-0-