Галоўная / Навіны / Навіны рэспублікі
23.10.2025

Прапанаваныя меры аб падтрымцы моладзі вынесены на абмеркаванне ў Лукашэнкі

 
23 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прапанаваныя меры аб падтрымцы моладзі вынесены на абмеркаванне ў Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі на нарадзе з кіраўніцтвам Савета Міністраў. Урад унёс праект указа "Аб мерах падтрымкі моладзі", перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Дакумент накіраваны на фарміраванне ўмоў для прыцягнення і захавання маладых кадраў на прадпрыемствах.

Аляксандр Лукашэнка заклікаў падыходзіць да гэтага пытання ўзважана. Ён адзначыў, што дапамога моладзі не павінна пераходзіць у празмерную апеку, бо сродкі дзяржаве патрэбны і на іншыя напрамкі, уключаючы развіццё вытворчай сферы і эканомікі. Акрамя таго, у маладым узросце людзі і самі цалкам здольныя працаваць і зарабляць, у адрозненне, напрыклад, ад людзей пажылога ўзросту, якім з-за аб'ектыўных прычын можа быць складаней.

"Я не да таго, каб не дапамагаць моладзі. Моладзь - наша будучыня, і ёй трэба дапамагчы. Давайце канкрэтна скажам, у чым мы павінны дапамагчы моладзі. І паставім на гэтым кропку, - адзначыў кіраўнік дзяржавы. - Мы павінны стварыць умовы, каб моладзь зарабіла".

Прэзідэнт падкрэсліў, што любыя абяцанні з боку дзяржавы наконт падтрымкі якіх-небудзь ільгот павінны быць папярэдне падлічаны і абгрунтаваны, падмацаваны ўпэўненасцю, што існуючых сродкаў дастаткова, каб у будучым выконваць узятыя на сябе абавязацельствы. "Давайце будзем зыходзіць з рэалій, а не закідваць сюды: давай ільготы, ільготы, ільготы", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы не раз звяртаў увагу, што ў краіне "лішніх" грошай няма. "І калі мы нейкай катэгорыі нашага грамадства аказваем дапамогу і падтрымку, мы павінны разумець, што гэта - за кошт тых, хто працуе, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - Я хачу, каб вы гэту філасофію разумелі, уносячы прапановы на мой узровень. Я вам адкрыта гэта сказаў. І няхай людзі, пачуўшы мяне, ацэньваюць гэта, як лічаць патрэбным".

Сітуацыя цяпер у краіне такая, што колькасць працуючых складае амаль 4 млн чалавек, і трэба аб'ектыўна ацэньваць магчымасці па забеспячэнні льгот каму б там ні было. Інакш ёсць рызыкі негатыўных наступстваў для тых, хто працуе. "Хутка гэтыя 4 млн працуючых сагнуцца, на карачкі стануць і будуць целяпацца. Мы ім не зможам зарплату нармальную плаціць. Хто будзе працаваць? Адкуль возьмем грошы?" - абазначыў Прэзідэнт магчымы негатыўны сцэнарый.

"У нас гэтыя льготы няма чым ільгатаваць. А тыя, хто сёння працуе, вы што, гатовы са сваёй зарплаты палавіну ўзяць і аддаць на льготы некаму? Не гатовы, - дадаў Аляксандр Лукашэнка. - Давайце вяртацца да рэалій сённяшняга дня і разумець, чаго гэта (забеспячэнне льгот і дзяржпадтрымкі. - Заўвага БЕЛТА) каштуе".
 X