Галоўная / Навіны / Навіны рэспублікі
30.11.2021

Сенатары адобрылі змяненні ў Крымінальны кодэкс

Сенатары на пасяджэнні шостай сесіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу сёмага склікання адобрылі законапраект "Аб змяненні Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь", перадае карэспандэнт БЕЛТА. 

Законапраект 27 верасня 2021 года ўнесены ў Палату прадстаўнікоў па даручэнні Прэзідэнта дэпутатам Палаты прадстаўнікоў Алегам Белаконевым. Дакумент распрацаваны ў сувязі з распаўсюджваннем новых спецыфічных відаў проціпраўных паводзін і з мэтай узмацнення прэвентыўнага патэнцыялу арт. 361 Крымінальнага кодэкса. Праектам закона гэты артыкул выкладаецца ў новай рэдакцыі. 

"Сёння супраць Беларусі развязана шырокамаштабная гібрыдная вайна па ўсіх напрамках. Мы павінны быць гатовы да таго, што спробы дэстабілізацыі сітуацыі, прымяненне ўсяго арсенала гібрыдных войнаў у краіне будуць прадаўжацца. Паколькі такія дзеянні накіраваны на падрыў палітычнай стабільнасці, перашкаджаюць эканамічнаму развіццю нашай краіны, праектам закона плануецца ўзмацніць крымінальную адказнасць за дзеянні, накіраваныя на нанясенне шкоды нацыянальнай бяспецы краіны", - падкрэсліў Алег Белаконеў.

 Законапраект быў падтрыманы без заўваг усімі зацікаўленымі дзяржаўнымі органамі, прайшоў усе неабходныя рэгламентныя працэдуры. 9 лістапада быў прыняты Палатай прадстаўнікоў у другім чытанні. 

"Гэта не новы артыкул Крымінальнага кодэкса, ён дзейнічаў і да гэтага. Аднак санкцыйныя меры, прынятыя ў адносінах да нашай дзяржавы, выклікалі неабходнасць перагляду яго частак, каб сфакусіраваць увагу на проціпраўнасці дзеянняў у адносінах да нашай дзяржавы асобнымі юрыдычнымі і фізічнымі асобамі, звязаных менавіта з публічнымі заклікамі да прымянення санкцыйнай палітыкі. У першую чаргу размова ідзе аб эканамічных санкцыях, прызначаных паралізаваць дзеянне нашай эканомікі, паставіць у жорсткія ўмовы функцыянаванне айчынных суб'ектаў гаспадарання. Мы добра разумеем наступствы такіх дзеянняў. Па вялікім рахунку, гэта паралізацыя работы вядучых суб'ектаў нашай краіны і, адпаведна, немагчымасць дзяржавы выконваць свае сацыяльныя абавязацельствы перад нашымі грамадзянамі: працоўныя месцы, заработная плата, дапамогі, ільготы - усё тое, што замацавана ў Асноўным законе", - адзначыў старшыня Пастаяннай камісіі па заканадаўстве і дзяржаўным будаўніцтве Савета Рэспублікі Сяргей Сівец. 

Паводле яго слоў, праведзена сур'ёзная работа па трансфармацыі адпаведных частак артыкула. "Проціпраўныя меры павінны выклікаць адпаведную рэакцыю з боку нашай дзяржавы, у тым ліку ў частцы ўзмацнення крымінальна-прававых санкцый у адносінах да такіх дзеячаў, якія актыўна выступаюць за ўвядзенне санкцыйнай палітыкі ў дачыненні да нашай краіны. Мяркую, што цяперашняя рэдакцыя будзе эфектыўнай перашкодай, каб спыніць альбо прыпыніць проціпраўныя дзеянні з боку адпаведных суб'ектаў", - дадаў сенатар.-0-

БЕЛТА - Навiны Беларусi