Галоўная / Навіны / Навіны рэспублікі
01.10.2024

Што мяняецца для ІП, самазанятых і рамеснікаў з 1 кастрычніка

Ключавое новаўвядзенне, што ўступае ў сілу з 1 кастрычніка, - вызначэнне ўрадам пералікаў відаў дзейнасці для індывідуальных прадпрымальнікаў, фізічных асоб, якія ажыццяўляюць самастойную прафесійную дзейнасць, і рамеснікаў. Гэта прадугледжана пастановай Савета Міністраў ад 28 чэрвеня 2024 года нумар 457, паведамляе БЕЛТА.

Пералікі відаў дзейнасці, вызначаныя ўрадам, уступаюць у сілу з 1 кастрычніка 2024 года. З гэтага моманту дзяржаўная рэгістрацыя ІП па відах эканамічнай дзейнасці, не ўключаных у пералікі, ажыццяўляцца не будзе. Для дзеючых ІП, віды эканамічнай дзейнасці якіх не ўвайшлі ў пералікі, прадугледжаны пераходны перыяд (да 31 снежня 2025 года) для перарэгістрацыі ў камерцыйную арганізацыю ў спрошчаным парадку ў адпаведнасці з заканадаўствам.

У спіс дазволеных для ІП увайшла дзейнасць у галіне сувязі, па забеспячэнні пажарнай бяспекі, правядзенні судовых экспертыз, звязаная з уздзеяннем на навакольнае асяроддзе, з каштоўнымі металамі і каштоўнымі камянямі (за выключэннем афінажу каштоўных металаў, рэкуперацыі каштоўных камянёў, аптовага гандлю каштоўнымі металамі і камянямі, іх скупкі ў грамадзян у вырабах і ломе, збору і перапрацоўкі такога лому і адходаў, якія паступаюць ад юрыдычных і фізічных асоб). Таксама ў пераліку для ІП прысутнічае дзейнасць, звязаная з працаўладкаваннем за межамі Беларусі, са зборам і распаўсюджваннем інфармацыі аб фізічных асобах у мэтах іх знаёмства, паліграфічная дзейнасць, экспертыза тавараў.

Акрамя таго, ІП дазволены пэўныя віды дзейнасці ў галіне сельскай, лясной і рыбнай гаспадаркі (напрыклад, вырошчванне збожжавых, бабовых і насення алейных культур, агародніны, бахчавых, караняплодных і клубняплодных культур, грыбоў, тытуню, развядзенне некаторых відаў жывёл, лесанарыхтоўкі), у апрацоўчай прамысловасці (у прыватнасці, вытворчасць хлебабулачных вырабаў і мучных кандытарскіх вырабаў, гатовых кармоў для свойскіх жывёл, мэблі, ювелірных вырабаў, біжутэрыі, музычных інструментаў, спартыўных тавараў, гульняў і цацак), у сферы будаўніцтва (у тым ліку электрамантажныя, санітарна-тэхнічныя, ізаляцыйныя, тынкавальныя, сталярныя і цяслярскія, малярныя і шкляныя работы), у галіне інфармацыі і сувязі (дзейнасць па вытворчасці кіна-, відэафільмаў і тэлевізійных праграм, камп'ютарнае праграмаванне) і інш.

Таксама ў спіс дазволеных для ІП відаў дзейнасці ўвайшлі збор і апрацоўка сцёкавых вод, тэхнічнае абслугоўванне і рамонт аўтамабіляў, рознічны гандаль аўтамабільнымі дэталямі, вузламі і прыладамі для аўто, тэхнічнае абслугоўванне і рамонт матацыклаў, дзейнасць па мясцовай дастаўцы тавараў дадому, паслугі па грамадскім харчаванні, здача ў наём уласнай і арандуемай нерухомай маёмасці, рамонт камп'ютараў, прадметаў асабістага карыстання і бытавых вырабаў і інш.

Што датычыцца самазанятых, у пералік увайшлі больш за 80 відаў дзейнасці. У тым ліку арэнда, пракат забаўляльнага і спартыўнага абсталявання (веласіпеды, канькі, турыстычны рыштунак і іншае), відэаздымка, відэамантаж, аднаўленне камп'ютараў, ноўтбукаў, планшэтных камп'ютараў пасля збою, рамонт, тэхнічнае абслугоўванне камп'ютараў і перыферыйнага абсталявання, выпас жывёлы, кашэнне траў. Таксама самазанятыя могуць выконваць па заказах спажыўцоў нарыхтоўку дрывяной драўніны, кладку (рамонт) печаў і камінаў, малярныя, шкляныя, тынкавальныя, сталярныя і цяслярскія работы, ачыстку і фарбаванне даху, фарбаванне агароджаў і гаспадарчых пабудоў, устаноўку (мантаж) столей і г.д.

Сярод іншых відаў дзейнасці, дазволеных для самазанятых, - дастаўка спажыўцам тавараў дадому, пісьмовы і вусны пераклад, прыбіранне ад снегу і лёду, выраб дублікатаў ключоў, настройка і рамонт музычных інструментаў, цырульніцкія і касметычныя паслугі, манікюр і педыкюр, пагрузка і разгрузка грузаў, распілоўванне і колка дроў, рэалізацыя спажыўцам кацянят і шчанят пры ўмове ўтрымання свойскай жывёлы (кошкі, сабакі), рамонт і аднаўленне мэблі, рамонт абутку, гадзіннікаў, чамаданаў, сумак, парасонаў, швейных і трыкатажных вырабаў, галаўных убораў, дываноў, рэпетытарства і інш.

У пералік відаў рамеснай дзейнасці ўвайшлі аўтэнтычныя, самабытныя рамёствы - бондарства; выраб і рамонт гужавых павозак, саней і дзіцячых санак, вырабаў, выкананых у тэхніцы з абрэзкаў, нацыянальнага беларускага касцюма (яго дэталей) з захаваннем традыцыйнага крою і вышыўкі, нацыянальных музычных інструментаў, традыцыйных нацыянальных прылад лоўлі рыбы і інш.; выраб пражы; кавальская справа; мастацкая апрацоўка і роспіс вырабаў з дрэва, каменю, косці, скуры, рога, металу, бляхі, шкла, керамікі, фанеры, прадастаўленых спажыўцом. Тыя віды дзейнасці, якія не трапілі ў пералік, напрыклад, выраб вясельных аксесуараў, свечак, мыла, фізічная асоба зможа ажыццяўляць у якасці самастойнай прафесійнай дзейнасці.

Таксама ў Беларусі з 1 кастрычніка пачынаюць дзейнічаць новыя інструменты дзяржаўнай фінансавай падтрымкі малога і сярэдняга бізнесу. Як расказала дырэктар Дэпартамента па прадпрымальніцтве Міністэрства эканомікі Вольга Русіновіч, у першую чаргу гэта гранты - грошы на бязвыплатнай аснове, якія будуць выдзяляцца выканкамамі па тых крытэрыях і ў тым парадку, якія яны цяпер зацвярджаюць. Акрамя таго, у бізнесу з'яўляецца магчымасць скарыстацца паручыцельствамі Беларускага фонду фінансавай падтрымкі прадпрымальнікаў. Таксама абсалютна новы інструмент - кампенсаванне з рэспубліканскага бюджэту часткі капітальных затрат на рэалізацыю інвестпраектаў, калі яны фінансаваліся з выкарыстаннем крэдыту Банка развіцця. Распарадчыкам гэтых сродкаў таксама будзе Беларускі фонд фінансавай падтрымкі прадпрымальнікаў.-0-

БЕЛТА - Навiны Беларусi