Галоўная / Навіны / Навіны рэспублікі
03.03.2021

Спрошчана рэгістрацыя асобных катэгорый зямельных участкаў

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 2 сакавіка падпісаў указ нумар 76 "Аб афармленні правазасведчвальных дакументаў", паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе кіраўніка дзяржавы.

Указ накіраваны на спрашчэнне працэдур рэгістрацыі зямельных участкаў, прадастаўленых дзяржаўным прадпрыемствам і арганізацыям для абслугоўвання аб'ектаў жыллёва-камунальнай гаспадаркі і шматкватэрных жылых дамоў, а таксама на зніжэнне кошту гэтых працэдур для названых арганізацый.

Дакумент прадугледжвае спрашчэнне рэгістрацыі зямельных участкаў, прадастаўленых для абслугоўвання эксплуатуемых капітальных пабудоў (будынкаў, збудаванняў), а таксама зямельных участкаў, якія выкарыстоўваюцца для абслугоўвання дзеючых месцаў пахавання. Спрашчаецца і парадак афармлення дакументаў на неад'емныя часткі шматкватэрных жылых дамоў (гаспадарчыя пабудовы, падвалы, цокальныя паверхі, прыбудовы), калі яны размешчаны за межамі зарэгістраванага зямельнага ўчастка.

Спрошчаны парадак будзе дзейнічаць да 1 студзеня 2023 года. На гэты ж тэрмін вызваляюцца ад падатку на дабаўленую вартасць работы па ўстанаўленні меж зямельных участкаў, якія прадастаўляюцца для абслугоўвання шматкватэрных жылых дамоў, і па тэхнічнай інвентарызацыі эксплуатуемых аб'ектаў нерухомай маёмасці.-0-