Галоўная / Навіны / Навіны рэспублікі
21.10.2025

Турчын: адным з асноўных пытанняў на УНС стане праграма сацыяльна-эканамічнага развіцця на 2026-2030 гады

 
Аляксандр Турчын
Аляксандр Турчын
21 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Адным з асноўных пытанняў на Усебеларускім народным сходзе (УНС) стане праграма сацыяльна-эканамічнага развіцця на 2026-2030 гады. Аб гэтым заявіў прэм'ер-міністр Аляксандр Турчын у час пасяджэння рэспубліканскага аргкамітэта па падрыхтоўцы і правядзенні УНС, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Старшыня УНС Аляксандр Лукашэнка даручыў склікаць другое пасяджэнне сёмага УНС 18 і 19 снежня 2025 года. Пастановай Прэзідыума УНС ад 11 лютага 2025 года нумар 2 створаны арганізацыйны камітэт па падрыхтоўцы і правядзенні пасяджэнняў сёмага УНС. Сёння ва ўрадзе адбылося яго першае пасяджэнне.

"Кожнае пасяджэнне Усебеларускага народнага сходу - гэта знакавае палітычнае мерапрыемства. Лічу, што і ў новым канстытуцыйным статусе - вышэйшага прадстаўнічага органа народаўладдзя, чарговае яго пасяджэнне не стане выключэннем, - адзначыў Аляксандр Турчын. - Яно азначае заканчэнне пяцігадовага перыяду развіцця нашай краіны і, з улікам бягучых геапалітычных рэалій, пачатак новага этапу ў жыцці нашага грамадства і дзяржавы ў цэлым".

Прэм'ер адзначыў, што кіраўнік дзяржавы часта нагадвае, што асновай для ўсяго ў любой краіне з'яўляецца эканоміка. "Таму адным з асноўных пытанняў на сходзе будзе абмеркаванне праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на 2026-2030 гады. Астатнія пытанні парадку дня сходу будуць зацверджаны на маючым адбыцца пасяджэнні Прэзідыума Усебеларускага народнага сходу. Але ўжо сёння нам мэтазгодна заняцца вырашэннем усіх магчымых арганізацыйных пытанняў па падрыхтоўцы непасрэдна пасяджэння УНС. Вопыт у нас ёсць", - сказаў Аляксандр Турчын.

Кіраўнік урада ўпэўнены, што ў камітэта атрымаецца арганізаваць і правесці другое пасяджэнне сёмага УНС на традыцыйна высокім узроўні.

У краіне дадзены афіцыйны старт кампаніі па падрыхтоўцы другога пасяджэння VII УНС. Аргкамітэт па падрыхтоўцы і правядзенні пасяджэнняў VII УНС створаны ў лютым бягучага года. Яго ўзначальвае прэм'ер-міністр Беларусі, а ў склад уваходзіць шэраг вышэйшых службовых асоб, кіраўнікі міністэрстваў, старшыні аблвыканкамаў і Мінскага гарвыканкама, а таксама прадстаўнікі іншых дзяржаўных органаў.
 X