Галоўная / Навіны / Навіны рэспублікі
29.10.2025

Вялікую нараду Прэзідэнта з навуковай грамадскасцю плануецца правесці да канца 2025 года

 
Уладзімір Каранік
Уладзімір Каранік
29 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Вялікую нараду Прэзідэнта Беларусі з навуковай грамадскасцю краіны плануецца правесці да канца 2025 года. Аб гэтым паведаміў журналістам старшыня Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Уладзімір Каранік па выніках даклада Прэзідэнту Беларусі Аляксандру Лукашэнку, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Кіраўнік НАН расказаў, што падрыхтоўка да маючага адбыцца маштабнага значнага мерапрыемства вядзецца па даручэнні кіраўніка дзяржавы і ў адпаведнасці з зацверджаным графікам. Аб гэтым ішла размова і ў час даклада Прэзідэнту.

"Падрабязна абмеркавалі ход падрыхтоўкі да вялікай нарады з удзелам кіраўніка дзяржавы, якую плануецца правесці да канца года, - праінфармаваў Уладзімір Каранік. - Гэта будзе сустрэча не толькі з акадэмічнай навуковай грамадскасцю. Патрабаванне Прэзідэнта, каб гэта было з удзелам прадстаўнікоў вузаўскай, галіновай навукі, усіх прадстаўнікоў навуковай сферы. Таму што мы павінны забяспечыць больш цесную інтэграцыю навукі і вытворчасці, навукі і адукацыі для таго, каб тэхналагічныя ланцужкі "ідэя - фундаментальнае даследаванне - прыкладныя даследаванні - укараненне", а таксама "адукацыя - навука - вытворчасць" працавалі найбольш эфектыўна". Ён падкрэсліў, што ў сучасных рэаліях ад навукі патрабуецца пастаянны рух наперад і хуткае ўкараненне навуковых распрацовак у практыку, што дае магчымасць забяспечыць тэхналагічны суверэнітэт.

"Гэта нарада павінна стаць сапраўды знакавай падзеяй у развіцці навукі нашай краіны", - упэўнены Уладзімір Каранік.

Паралельна з падрыхтоўкай гэтага мерапрыемства вядзецца работа па ўстараненні недахопаў у рабоце НАН, на якія раней указваў Прэзідэнт. "У цесным кантакце з прадстаўнікамі рабочай групы (пастаянна дзеючай рабочай групы па аналізе дзейнасці НАН, створанай па распараджэнні Прэзідэнта ў чэрвені 2024 года. - Заўвага БЕЛТА), з Саветам Міністраў падрыхтаваны прапановы, якія датычацца ўдасканалення механізмаў фінансавання і павелічэння мер падтрымкі вучоных, па аптымізацыі структуры НАН", - растлумачыў старшыня Прэзідыума НАН. Гэтыя прапановы, паводле яго слоў, узгоднены з усімі зацікаўленымі і вынесены на ўзровень кіраўніка дзяржавы. "Сумесна з Адміністрацыяй Прэзідэнта праводзіцца іх дапрацоўка. Мы вельмі спадзяёмся, што да вялікай нарады мы выйдзем ужо з гатовымі рашэннямі, каб і кіраўнік дзяржавы, і навуковая грамадскасць разумелі, куды будзе развівацца навука, (якімі будуць. - Заўвага БЕЛТА) склад кіраўніцкага ядра НАН і прыярытэтныя напрамкі, на што будзе зроблены акцэнт і з дапамогай якіх механізмаў эфектыўнасць работы НАН будзе павышана", - дадаў Уладзімір Каранік.

Аб неабходнасці правесці сустрэчу з навуковай грамадскасцю Прэзідэнт заяўляў 5 жніўня ў час нарады з рабочай групай па аналізе дзейнасці Нацыянальнай акадэміі навук (НАН). "Тое, што з навуковай грамадскасцю мы павінны абмеркаваць праблемы развіцця навукі (і будучыні нашай навукі), - гэта дакладна. Што мы і зробім у бліжэйшы час - у гэтым годзе дакладна", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.-0-
 X