Галоўная / Навіны / Навіны рэспублікі
22.05.2024

Закон аб пітным водазабеспячэнні зведае карэкціроўку

Закон "Аб пітным водазабеспячэнні" зведае карэкціроўку, паведаміў журналістам міністр жыллёва-камунальнай гаспадаркі Генадзь Трубіла, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Пастаянная камісія Палаты прадстаўнікоў па жыллёвай палітыцы, гандлі і будаўніцтве сёння праводзіць пашыранае пасяджэнне на тэму "Актуальныя пытанні функцыянавання жыллёва-камунальнай гаспадаркі".

"Мы з мінулым скліканнем добра папрацавалі па карэкціроўцы Жыллёвага кодэкса Рэспублікі Беларусь у частцы, якая датычыцца сістэматызацыі падыходаў да таварыстваў уласнікаў. Была складаная задача, мы яе вырашылі, скарэкціравалі Жыллёвы кодэкс. Калі гаварыць пра будучыню, пра перспектывы, то ў гэтым годзе плануем карэкціраваць закон "Аб пітным водазабеспячэнні". Жыццё не стаіць на месцы і закон патрабуе карэкціроўкі", - расказаў Генадзь Трубіла.

Паводле яго слоў, пэўныя моманты неабходна абмеркаваць з дэпутатамі Палаты прадстаўнікоў. "Думаю, гэта наша першая сустрэча з новым складам дэпутатаў - той базіс, які будзе закладзены ў далейшым для работы над нарматыўнымі прававымі актамі, якія будуць у сферы жыллёва-камунальнай гаспадаркі", - дадаў міністр.

Генадзь Трубіла ўдакладніў, што прайшло ўжо 5 гадоў з моманту прыняцця існуючай рэдакцыі закона. "Напрацаваны пэўныя ініцыятывы і падыходы, якія патрабуюць далейшага, скажам так, умяшання з боку нарматыўна-прававога рэгулявання. Мы яго карэкціруем у сувязі з тым, што ёсць шмат прапаноў і праблем, якія неабходна ўрэгуляваць заканадаўча", - растлумачыў міністр.

"У прыватнасці, пашыраем кампетэнцыі Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі. Будзем інвентарызаваць усіх пастаўшчыкоў паслуг пітнога водазабеспячэння, якія не адносяцца да сістэмы ЖКГ. Пашыраем паўнамоцтвы па вядзенні рэестра будаўніцтва каналізацыйных сетак, якія крыху адстаюць ад будаўніцтва сетак водазабеспячэння. А таксама іншыя карэкціроўкі, якія прадыктаваны часам", - дадаў Генадзь Трубіла.-0-

БЕЛТА - Навiны Беларусi