Больш за дваццаць гадоў вадзіцелем у ЖКГ працуе Вацлаў Чарняўскі
03.12.2025
Вацлаў Чарняўскі больш за 20 гадоў працуе вадзіцелем у Астравецкай ЖКГ, 10 з іх – за рулём смеццевоза. І робіць гэта старанна і адказна.. – Паставілі задачу на дзень – яе трэба выканаць, – перакананы мужчына. – Што і раблю ўжо амаль чвэрць стагоддзя. (Усміхаецца.) І ад мяне таксама залежыць чысціня на вуліцах нашых населеных пунктаў.
У жыллёва-камунальную гаспадарку мужчына прыйшоў у 2002 годзе з сельгастэхнікі, дзе таксама быў вадзіцелем.
Спачатку сеў за руль асенізатарскай машыны, якую ў народзе называюць «бочкай», потым вазіў брыгаду, і вось ужо 10 гадоў як працуе на вялікім і магутным смецццевозе.
– За два дзесяцігоддзі тэхніка ў нашай арганізацыі змянілася. Старыя «газончыкі» замянілі новыя МАЗы сучасных стандартаў еўра-5. Я пачынаў на ГАЗ-53 – магу параўноўваць. Цяпер у кабіне маёй машыны цёпла і ўтульна, – усміхаецца вадзіцель.
На пытанне, ці не хацелася змяніць вялікую машыну на больш вёрткую і хуткую легкавую, адказвае цвёрдае «не» – прывык да грузавых. І дадае:
– Гэта маё месца, мая тэхніка. Так, яна вялікая, таму вылазіць з кабіны, каб высвабадзіць смеццевыя кантэйнеры, і зноў у яе залазіць – тая яшчэ задачка, але і добрая фізпадрыхтоўка – дапамагае заставацца стройным. (Смяецца.)
– Якім павінен быць прадстаўнік маёй прафесіі? – перапытвае Чарняўскі і задумваецца. – Пільным, уважлівым. І абавязкова ўсмешлівым.
Кожную працоўную раніцу вадзіцель смеццевоза атрымлівае заданне на дзень – і адпраўляецца на лінію.
Мы знайшлі машыну Вацлава Чарняўскага на гарадскіх вуліцах, дзе брыгада камунальнікаў збірала смецце, – хоць звычайна яна працуе на далёкіх маршрутах – па вёсках і хутарах раёна.
– Вам пашанцавала, – смяецца вадзіцель. – Сёння я «гарадскога» калегу падмяняю, а так шукай-свішчы па ўсёй Астравеччыне.
І не спадзявайцеся, Вацлаў Станіслававіч, сваіх герояў мы ўсюды знаходзім, нават у самых далёкіх куточках раёна.Текст: Ольга Хотянович