Версия для печати
Размер шрифта:
Фото
Печатать

Развіццё фермерскай гаспадаркі "Світанак-Л" ішло разам з станаўленнем краіны

21.07.2024
Развіццё фермерскай гаспадаркі


У наступным годзе споў­ніцца 30 гадоў, як Часлаў Лабачэўскі, якому прарочылі кар’еру паспяховага кіраўніка, зрабіў незразумелы бадай што для ўсіх, акрамя яго самога, «фінт» – і стаў фермерам. 

Станаўленне фермерскай гаспадаркі «Світа­нак-Л» ішло адначасова са станаўленнем Беларусі як не­­залежнай краіны. Больш таго, гэтыя працэсы былі непарыўнымі. І сёння мы папрасілі Часлава Станіслававіча падзяліцца не толькі ўспамінамі пра тое, як гэта адбывалася, але і думкамі, разва­жаннямі пра будучыню – сваёй справы і краіны.

1.jpg


– Сёння, калі я ўжо неаднаразова даказаў усім, і найперш – самому сабе, што сяго-таго варты, калі маю прадукцыю ведаюць у многіх краінах, калі да мяне едуць за вопытам і парадамі не толькі з Беларусі, але і з-за мяжы, час ад часу пытаюць: як ты тады, у 1991 годзе, калі ўсё валілася і бурылася, рашыўся ўзяць зямлю? Даўно ж вядомая беларуская прыказка, што з зямлі не будзеш багатым, а будзеш гарбатым. Былі ж іншыя спосабы зарабіць куды большыя грошы з невымерна меншымі затратамі, і многія імі паспяхова карысталіся.

Калі па шчырасці, то я і сам не магу дакладна адказаць на гэтае пытанне – напэўна, цяга да зямлі ў мяне на генетычным узроўні:  у дзеда па матчынай лініі было 50 гектараў зямлі каля Груздоўшчызны, з дзясятак кароў, 4 кані – словам, гаспадар. Потым, калі прыйшлі Саветы, усе матчыны і бацькавы родзічы выехалі ў Польшчу, а яны засталіся. Напэўна, з-за гэтага поклічу генаў і я падсвядома выбраў сельскагаспадарчы інстытут. А найперш хацеў выпрабаваць сябе: на што ты здатны? Ці зможаш працаваць самастойна, ды так, каб справа прыносіла прыбытак? Сёння ўжо можна прызнацца: у мяне тады была пэўная няўпэўненасць, хоць ніхто гэтага, вядома ж, не бачыў…

Аказалася, усё магчыма. Канешне, былі і цяжкая праца, і рызыка, і цвярозы разлік – які, зрэшты, не заўсёды апраўдваўся. Фермер не можа дазволіць сабе 8-гадзінны рабочы дзень: калі ты ў 18 гадзін пятніцы павесіў замок на вароты свайго хутара і паехаў на выхадныя на адпачынак, то можаш назад ужо не вяртацца  – не твая гэта справа. Тут жа ўсё жывое – ці то жывёліна, ці то расліна: іх трэба накарміць, напаіць, абараніць ад шкоднікаў. А спазніўся на дзень ці нават на гадзіну – і ўсё, праца многіх месяцаў змарнавана.

Затое мне падабаецца, што я кожны ранак даю заданне свайму падначаленаму – Чаславу Лабачэўскаму: так, сёння будзем займацца тым і гэтым – і ён не пратэстуе, не патрабуе выхадных і прэміі – ідзе і робіць, што сказана. А калі нешта яму не падабаецца, то мы параімся вечарам – і назаўтра нарэжам сабе іншыя задачы ці пашукаем выйсце з сітуацыі. Дружна працуем, не сварымся…

Вядома, былі памылкі, і нямала. З цягам часу  зразумеў, што наступаць на граблі – гэта не страшна і нават карысна: дзейнічае, як халодны душ. Страшна танцаваць на граблях – гэта ўжо дыягназ.

Пачынаў з вырошчвання збожжавых, бульбы, гародніны, трымаў на адкорме буйную рагатую жывёлу і свіней. Паспрабаваў многае – і ад усяго адмовіўся. Не таму, што прыбыт­ку не было – эканамічна эфек­тыў­най можа быць любая галіна, калі захоўваць тэхналогію і працаваць адказна. Але нецікава стала. Ну што такое ячмень? Сённяшнім энерганасычаным трактарам за дзень 60 гектараў пасеяў, яшчэ за дзень апрацаваў – і сядзі, куры бамбук, ча­кай ураджаю… А ў садзе кожнае дрэў­ца са сваім характарам, да кожнага свой падыход трэба. Аграномы-садаводы – гэта асаблівая каста, эліта…


З 1996 года я першым сярод фермераў краіны стаў займацца садаводствам. І зноў былі «граблі». Цяпер маладых вучу: калі вы не маеце фінансавых праблем, то дастаньце з-пад падушкі панчоху з грашыма, адлічыце патрэбную суму, купіце саджанцы і пасадзіце сад. Праз год 10 працэнтаў яго выпадзе – гэта нармальна, дакупіце, каб правесці «рамонт». І два гады чакайце ўраджаю і даходу. А калі грошай бракуе, то трэба адразу закладваць гадавальнік: будзеце мець саджанцы на продаж і для свайго саду, не будзе праблем з «рамонтам», можна захоўваць сартавы састаў… Я ж, калі пачынаў, вопыту не меў, ніхто не падказаў – пачаў з закладкі саду. Але нічога, выплыў, хоць можна было зрабіць гэта і з меншымі стратамі.

Рынак пладоў і саджанцаў у нашым рэгіёне быў, па сутнасці, неабдымны. З часам ён насыціўся, і не без майго ўдзелу: «світанкаўскімі» саджанцамі на падвоях закла­дзены ў Беларусі сады ў 23 калек­тыў­ных гаспадарках, больш як у 30 фер­мерскіх, а прыватных і не злі­чыць. Растуць і пладаносяць сады з астравецкага «Світанка-Л» ў Калінін­град­скай, Маскоўскай, Варонежскай абласцях, Краснадарскім краі Расіі. 

Вырасла цэлая плеяда вучняў, якія ў многім пераўзышлі свайго настаўніка. Каб заставацца на плыву, трэба было шукаць новую нішу. Я выбраў абляпіху. Культура гэтая па пажыўных і лекавых ўласцівасцях проста неацэнная, яна – сапраўдная скарбніца неабходных арганізму вітамінаў і мікраэлементаў. Абля­піхай шмат займаюцца ў Эстоніі, дзе з каштоўнай ягады выпускаюць больш як 120 відаў прадуктаў харчавання. Вядомыя сваёй прыхільнасцю да здаровага ладу жыцця скандынавы выпускаюць абляпіхавы хлеб, дзе ў якасці дабаўкі – жыта і пшаніца. 

Словам, работы з абляпіхай – непачаты край! Але і рызыка немалая: у тэхналагічным плане культура вельмі складаная. Тым не менш, «Світа­нак-Л» займаецца ёй ужо 7 гадоў, у нас адзіны ў Беларусі гадавальнік, дзе вырошчваюцца са­джанцы абляпіхі. Ужо тры гаспадаркі ў краіне залажылі абляпіхавыя сады на нашых саджанцах, пастаўляем пасадачны матэрыял у Польшчу, Калінінградскую і Маскоўскую воб­ласці Расіі.

Але я разумею, што пройдзе 10 гадоў, і гэтая ніша ў садаводстве таксама будзе ўпакавана – дай Бог, каб і нам у ёй знайшлося месца. Трэба думаць пра заўтрашні дзень. Нехта, магчыма, скажа: навошта, калі ўзрост ужо пераваліў за 70? А я адкажу: спыніцца – гэта зрабіць крок назад. Сесці на адным месцы – значыць, пусціць у сваё цела безліч хвароб, якія толькі гэтага і чакаюць. Пагэтаму ідуць пошукі новых напрамкаў развіцця, новых культур, якія будуць запатрабаваны на рынку.

3.jpg



Увесь гэты час «Світанак-Л» раз­ві­ваўся не ў беспаветранай прасторы – яго станаўленне ішло разам з  развіццём краіны і пры істотнай дзяр­жаўнай падтрымцы. Да прыкладу, за апошнія 25 гадоў прынята 3 дзяржаўныя праграмы па развіцці садаводства – і «Світанак-Л» быў задзейнічаны ў рэалізацыі кожнай з іх, атрымліваючы пэўныя прэ­фе­рэнцыі. Праграма па развіцці лі­зін­гу таксама стала добрым пад­спор’ем: калі напачатку я, інжы­нер па адукацыі, 80 працэнтаў патрэбнай мне тэхнікі канструяваў і рабіў самастойна, то потым стаў набываць яе на спецыялізаваных прадпрыемствах па доўгатэрміновых крэдытах: эканомія часу, сіл, а калі ўсё падлічыць, то і сродкаў.

Чвэрць стагоддзя – немалы перыяд. Вядома, за гэтыя гады многае змянілася не толькі ў фермерскай гаспадарцы «Світанк-Л», але і ў краіне. Галоўнае, на мой погляд, – структурызаваны ўсе галіны гаспадаркі і сферы дзейнасці, прыняты адпаведныя нарматыўныя акты па ўсіх напрамках жыцця. Так, адным яны падабаюцца, іншым – не; так, часта чалавечы фактар зводзіць на нішто тое добрае, што было закладзена ў законах і ўказах, але галоўнае, што яны ёсць і іх можна пры неабходнасці змяняць, дапаўняць, прыстасоўваць да рэалій жыцця.

Калі чую, што патрэбны перамены, думаю: разбазарыць краіну вельмі лёгка, а пабудаваць новае, тым больш лепшае – практычна немагчыма. І калі нехта думае, што прыйдзе новы кіраўнік, няважна, прадпрыемства, гаспадаркі  ці краіны і вырашыць  яго праблемы, то ён моцна памыляецца: ніхто за мяне не пасее, не збярэ ўраджай, не стане шукаць для вырашчанай мной прадукцыі рынкі збыту. Я стаў фермерам яшчэ пры Кебічу – мне яго палітыка працаваць не замінала. Не перашкаджаў мне ні Шушкевіч, ні Шарэцкі, ні Лукашэнка – кожнаму кіраўніку патрэбны старанныя, працавітыя, разумныя людзі, якія любяць сваю краіну. А лайдакі, якія крычаць на плошчах і б’юць вітрыны, патрабуючы перамен, не трэба нікому – не спатрэбяцца яны і сваім гаспадарам. Нездарма ж казалі: працуй пільна – тут будзе Вільня.

І не варта думаць, што мы патрэбны сваім суседзям з захаду ці ўсходу. Так, Беларусь для іх смачны кавалачак – але толькі як тэрыторыя, буфер, а па сутнасці, мы як былі для іх усходнімі крэсамі ці Паўночна-за­ходнім краем,  так і засталіся. І толь­кі самі, у сваёй краіне, маючы моц­нага, вопытнага кіраўніка, мы мо­жам развівацца, здабываць дабрабыт для дзяржавы і сваіх сем’яў. 

І развіццё фермерскай гаспадаркі «Світанак-Л», якое адбывалася адначасова са станаўленнем нашай  краіны, – таму пацвярджэнне.




Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.

Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.


Текст: Нина Рыбик 
 
© Астравецкі раённы выканаўчы камітэт, 2024.