31 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка даручыў па-гаспадарску развіваць тэрыторыі запаведнікаў і азнаёміўся з добраўпарадкаваннем цэнтральнай сядзібы Бярэзінскага біясфернага запаведніка - вёскі Домжарыцы, якую тут развіваюць у канцэпцыі "вёска будучыні", перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"У запаведніку павінны жыць людзі, такімі астраўкамі. Размова ідзе аб тым, каб там, дзе людзі жывуць, накшталт Домжарыц, ствараць гэтыя астраўкі", - сказаў кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка даручыў, каб акрамя прыродаахоўных мерапрыемстваў у такіх месцах па-гаспадарску займаліся і лясной, і сельскай гаспадаркай. Каб трымаць тэрыторыі ў парадку.
"Жыць на зямлі - трэба займацца сельскай гаспадаркай. Прысядзібны ўчастак павінен быць", - адзначыў кіраўнік дзяржавы.
Тое ж самае датычыцца і асобных участкаў, дзе можна развіваць гаспадарчую дзейнасць. "Гэтыя кавалачкі нельга аддаваць прыродзе, калі яны ачышчаны ад лесу, кустоў. Яны павінны даваць рэзультат. Дзесьці цэх па апрацоўцы драўніны, сельская гаспадарка. Я гатовы невялікімі грашыма дапамагчы, каб гэта развіваць", - сказаў кіраўнік дзяржавы.
"Я не гавару, з якімі мэтамі будзеце працаваць на зямлі. Малака, мяса ў нас хапае. Калі гэта будзе выкарыстоўвацца для паляўніцтва, рыбалоўства - калі ласка, гэта ваша справа", - дадаў Прэзідэнт.
Што датычыцца развіцця і добраўпарадкавання Домжарыц, кіраўнік дзяржавы даў пазітыўную ацэнку ўбачанаму: "Вёска добрая. Дай бог, каб у нас такія былі аграгарадкі. Малайцы, што зрабілі такую вёску. Акрамя таго, што вы сюды жалезабетон і цэглу цягнеце. Усё трэба рабіць з дрэва", - ацаніў добраўпарадкаванне Прэзідэнт.
Як далажылі кіраўніку дзяржавы, цяпер у Домжарыцах жывуць 372 чалавекі. Праблем з занятасцю няма, захавана і мадэрнізавана ўся неабходная сацыяльная інфраструктура, уключаючы дзіцячы сад, школу. Мясцовая кацельня цалкам працуе на мясцовых відах паліва.
У бягучым годзе споўнілася 100 гадоў з дня заснавання запаведніка. Да гэтай даты праведзена маштабная рэканструкцыя і мадэрнізацыя цэнтральнай сядзібы ў вёсцы Домжарыцы. Вядзецца жыллёвае будаўніцтва, абноўлена вытворчая база - створаны цэх перапрацоўкі драўніны.
"Гэта правільна, гэта - будучыня. Я буду прапагандаваць, каб людзі прыязджалі сюды і вучыліся, як развіваць аграгарадкі", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт адзначыў, што ўсё гэта ляжыць у рамках агульнай важнай задачы па захаванні ў краіне вёскі і яе развіцці: "Гэта ўзор, якой павінна быць вёска, якую мы хочам захаваць".
"Бліжэй да прыроды! І выкарыстоўваць трэба запаведныя мясціны ў імя гэтага. Хочацца, каб нашы людзі ад гэтага нешта займелі", - арыентуе кіраўнік дзяржавы.
Пры гэтым ён акцэнтаваў увагу, што зусім не заклікае да таго, каб "загадзіць Беларусь". Наадварот, гаворка пра разумны падыход у прыродакарыстанні. Напрыклад, не трэба дапускаць таго, каб вялікія аб'ёмы каштоўнай сыравіны проста гнілі ў лесе.
"Вядома, павінен быць парадак. Нельга загубіць святыя гэтыя мясціны", - сказаў беларускі лідар.
/Будзе дапоўнена/.
