Чем занимаются во время пандемии посетители ТЦСОН
14.05.2025
Што робяць ва ўмовах жыцця на самааддаленні наведвальнікі аддзялення дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту ТЦСАН? Жывуць! Паведамленне ад спецыялістаў цэнтра Тамары Лукшы і Галіны Нядвецкай, што трэба па магчымасці заставацца дома, мы, наведвальнікі аддзялення, успрынялі ўсур’ёз і з разуменнем: гэта клопат пра людзей залатога ўзросту, пра здароўе ветэранаў працы.
Новы рэжым жыцця абмежаваў нашы стасункі. Цяпер мы не можам наведваць гурткі, адчуваць дабрыню і цеплыню сэрцаў адзін аднаго і спецыялістаў цэнтра, што працуюць з намі, дапамагаюць у розных сітуацыях.
І хоць пандэмія прымусіла нас весці хатні лад жыцця, супрацоўнікі аддзялення не парываюць сувязь са сваімі падапечнымі. Мы часта размаўляем з імі па тэлефоне, стасуемся ў сацыяльных сетках, фатаграфуем і дасылаем фота работ у Вайбер.
Так, наведвальнікі гуртка «Асарці» прадэманстравалі вырабы да Вялікадня, а жанчыны з «Чароўнага клубка» наладзілі сапраўднае спаборніцтва па вязанні шкарпэтак. Не сядзяць склаўшы рукі майстрыхі іголкі, шыдэлка і прутка!
Больш складана нашым танцорам і спевакам – але і яны знайшлі выйсце са становішча: спяваюць па тэлефоне, танцавальныя па адпрацоўваюць з табурэткай. А прыхільнікі здаровага ладу жыцця могуць займацца скандынаўскай хадзьбой у лесапарку ці іншым малалюдным месцы, захоўваючы патрэбныя меры перасцярогі: маска, пальчаткі, дыстанцыя, дэзсродкі.
Мы прытрымліваемся рэкамендацый не наведваць храмы – але яднаемся ў малітве па радыё і тэлебачанні. У магазіны стараемся хадзіць у той час, калі там мала пакупнікоў.
Больш свабоды ў тых, хто жыве ў прыватным доме ці мае дачу. Мы абмяркоўваем паміж сабой, што пасеялі-пасадзілі, што як цвіце, дзелімся парадамі і надзеямі на ўраджай.
І пераасэнсоўваем жыццёвыя каштоўнасці: бачым у звыклым, паўсядзённым, на што ў мітусні будняў перасталі звяртаць увагу, вялікую значнасць, бясцэннае багацце, падараванае нам прыродай і самім жыццём.
Ёсць яшчэ і хатнія клопаты: прыгатаваць абед, прыбраць хату, дагледзець жывёлу, дапамагчы зрабіць хатнія заданні ўнукам…
Вечарам падводзім вынікі дня і плануем заўтрашні, молімся, дзякуем Богу – і нізка кланяемся медыцынскім работнікам за самаадданую працу, успамінаем тых, хто здабыў для нас Вялікую Перамогу 75 гадоў таму.
І паасобку наведваем наш другі дом – цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, каб падзяліцца радасцю ці клопатам, атрымаць маскі, пашытыя для нас спецыялістамі, сродкі дэзінфекцыі, падзякаваць, што і ў гэты няпросты час не пакідаюць нас сам-насам з пандэміяй.
Так трэба – і мы застаёмся дома, з вялікім спадзяваннем на хуткія сустрэчы!
Яна МАРКАВА